Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі сем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Віталіна Лукашэвіч, Дзмітрый Старжынскі, Фёдар Панашчык, Вікторыя Глебка, Мілана Макарэвіч, Ульяна Пяткевіч і Ігар Калпак.

Зямны шлях закончыўся для 11-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне на МТФ у Старым Свержані (ААТ «Агранёманскі»), дзе агнём быў пашкоджаны домік для выгулу цялят. Двое цялятак загінулі. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Вядзецца праверка. Выратавальнікі выязджалі на дарожна-транспартнае здарэнне на 301-шы км аўтамагістралі М 1 для дэблакіроўкі пацярпелага, а таксама ў дзіцячы сад № 4 г. Стоўбцы для зняцця асіных гнёздаў. Ліквідаваны тры гнязды гэтых джалячых насякомых. Сустрэча з паказам пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, віктарынай была арганізавана ў рамках акцыі «Канікулы без дыму і агню» ў дзіцячым лагеры «Маленькая краіна», што месціцца на турбазе «Высокі бераг».

Міліцыяй зарэгістравана 132 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 11 крымінальных спраў, у шасці з іх устаноўлены падазраваемыя. З зямельных участкаў па вуліцах Жамчужнай і Сталічнай у Стоўбцах выкапаны 16 саджанцаў пладовых дрэў. У Баханах невядомы трапіў у дом састарэлага, адкуль вынес кашалёк з грашыма. На вуліцы ў Мікалаеўшчыне грабежніца адкрыта выхапіла ў грамадзяніна 300 000 рублёў.

Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання заканадаўства аб прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх і вучнёўскай моладзі. Устаноўлена, што прафілактычная работа з боку інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі носіць недастатковы характар, і гэта можа садзейнічаць учыненню падлеткамі паўторных супрацьпраўных дзеянняў. У адрас начальніка райаддзела міліцыі ўнесена прадстаўленне.

ДАІ выявіла 227 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – трое п’яных вадзіцеляў і 21 вадзіцель-бяспраўнік, 22 недысцыплінаваныя пешаходы. Здарылася восем дарожных аварый, у адной з іх пацярпела 15-гадовая дзяўчына, якая нечакана кінулася перабягаць праезджую частку перад аўтамабілем. Наезд адбыўся на вуліцы Чыгуначнай у Новым Свержані. Пацярпелая (грамадзянка Расійскай Федэрацыі, якая прыехала на канікулы да бабулі) змешчана ў хірургічнае аддзяленне бальніцы. З 16 па 19 чэрвеня на дарогах раёна аб’яўлена аперацыя «Хуткасць».

 

«Хуткая» выязджала 225 разоў, у прыватнасці сем выклікаў было да асоб з алкагольным ап’яненнем. Шэсць зваротаў у экстранную службу прылічваюць да набгрунтаваных.

ПадрыхтавалаТаццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *