І памылкі не ўсе выпраўляюць

Добраўпарадкаванне Нумары Соцыум

Нельга забываць пра парадак вакол уласных сядзібаў, на тэрыторыях прадпрыемстваў і арганізацый, на замацаваных вуліцах.

У цэлым вуліцы горада выглядаюць чыстымі, яны істотна папрыгажэлі ў чэрвеньскіх красках. Пясок ля бардзюраў фактычна прыбраны, услед падмятаецца, але дзе-нідзе праз бардзюры ды тратуарныя дарожкі прарастае трава. Такім чынам, трэба не забываць браць у рукі мятлу, а таксама не ленавацца нахіляцца і вырываць лішняе. Сапраўдны гаспадар не наракае на недахоп часу ці цяжар сезонных клопатаў, а «круціцца» і ўсюды паспявае.

Не выпадкова, калі едзеш па горадзе і звяртаеш увагу на сядзібы стаўбчан і прылеглую да іх тэрыторыю, робіш пэўныя высновы. У першую чаргу, пра тое, якія яны гаспадары.

Паказаць сваю гаспадарлівасць сапраўды ёсць маса спосабаў і варыянтаў. Да прыкладу, на транзітнай вуліцы Гагарына нямала дагледжаных і адметных дамоў, а адзін з рагавых, каторы фасадам на завулак, – зарос травою і псуе ўсю карціну. Або глядзіш на дом і двор, якія аздоблены на заглядзенне, а газон, што насупраць на вуліцы, гаспадары чамусьці акультурыць забыліся… Шкада, а мог бы быць і там працяг казкі з кветак… Нельга не звярнуць увагу і на тое, як акультурылі тэрыторыю каля сябе прадпрыемствы, размешчаныя на гэтай вуліцы. Прыемна, што прадпрыемства «Белсэрвісзабеспячэнне» нарэшце разбіла кветнічак. А вось ля будынка былога ДАКа клумба проста нічога не вартая, не адпавядае прызначэнню, – на ёй замест кветак красуецца пажухлая трава.

Адзін з жыльцоў, з дома № 17, якому давялося выказваць прэтэнзіі з-за бур’яну ля плота, увогуле агарошыў пытаннем: «А што, гэта я павінен касіць?..»

– У правілах па добраўпарадкаванні занатавана: уборка, у тым ліку і касьба, прылеглай да дома тэрыторыі, – гэта абавязак жыльцоў. Выконваць яго неабходна своечасова, без напамінку. – У камунальнікаў жа, на якіх нярэдка спасылаюцца жыльцы, – ёсць свае задачы па навядзенні парадку ў горадзе.

Камунальнікі, дарэчы, на момант рэйду якраз працавалі на вуліцы Гагарына – падмяталі пясок уздоўж бардзюраў. На гэтай вуліцы не быў абкошаны прыпыначны пункт – гэта таксама іх фронт работ. Неабходна тэрмінова выпраўляць названы і іншыя недахопы. Варта актыўней далучацца да добраўпарадкавання сваіх і прылеглых, а таксама замацаваных тэрыторый і іншым арганізацыям, прадпрыемствам раёна. Аднак, акрамя камунальнікаў, за работай мы сустрэлі нямногіх. У іх ліку – дарожнікі ДЭУ № 62, якія на вуліцы Магістральнай абкошвалі абочыны і ўчасткі паміж кустамі. У некаторых, як, напрыклад, прадпрыемства дрэваапрацоўкі «Форэстпрамінвест», не дайшлі рукі да таго, каб своечасова вывезці са сваёй тэрыторыі смецце. Іх кантэйнер быў перагружаны, і адходы, раскіданыя побач, забруджвалі наваколле…

Кіруемся на вуліцу Брэсцкую. Жыльцы стварылі там несанкцыянаваную звалку. Брудная куча з вецця, струхнелых бярвенняў нарэшце прыбрана. Але гэта – пасля прадпісання, выдадзенага жыльцам санітарнай службай. Напрошваюцца на прадпісанне і некалькі домаўладальнікаў (дамы №№ 79 і 81) па вуліцы Першамайскай. Іх сядзібы зараслі пустазеллем, прычым падобная нядбайнасць паўтараецца ўжо не першы год. Сядзіба з падобным «іміджам» – на вуліцы Міцкевіча, 49. «Нам сорамна пазіраць на такіх суседзяў, – эмацыянальна выказваецца Таіса Шыдлоўская і запрашае ў свой двор. – Мне, – кажа яна, – 88 гадоў, я ўдава, але ніводнай лішняй травінкі ў мяне не знойдзеце. Калі што сама не змагу, то дзеці ёсць, дапамогуць».

І сядзіба гэтай пажылой жанчыны, і іншыя сядзібы (№№ 20, 36 і іншыя) на вуліцы Першамайскай выглядаюць вельмі годна. Такіх – большасць на многіх вуліцах. Асабліва вылучыліся, да прыкладу, жыльцы дамоў №№ 44, 46 і 48 па вуліцы 17 Верасня: разам яны стварылі на сваёй аб’ёмнай прылеглай тэрыторыі стыльную ландшафтную кампазіцыю з альпійскіх горак і зялёнай агароджы. Побач, на адной лініі, – зусім адваротны прыклад ад жыльцоў камунальнага дома № 50-а: яны вынеслі да дарогі, якая з’яўляецца турыстычным маршрутам на радзіму Якуба Коласа, сваю траву з агародаў. Добраўпарадкуе свае тэрыторыі філіял «Стаўбцоўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства», якое набыло сёлета для азелянення 45 маладзенькіх туек. На былой базе сельгасхіміі (ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс») раскінуўся сад.

– Тэрыторыя базы складае 4,5 гектара. Акрамя таго, неабходна добраўпарадкаваць і прылеглую тэрыторыю, наводзіць парадак на замацаванай вуліцы Падлеснай. Шмат косім, але не ўсюды паспяваем. У нас адна мотакаса, – тлумачыць начальнік аддзела паставак ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Аляксандр Сачук, пры гэтым звяртае ўвагу і на іншыя віды работ, якія праводзяцца ў плане добраўпарадкавання: – Грэйдзіруем і падсыпаем праезды па тэрыторыі. Кожны год стараемся нешта новае дабавіць у ландшафтны дызайн, аздобіць тэрыторыю малымі архітэктурнымі формамі. Летась, да прыкладу, пасадзілі яблыневыя дрэўцы. На днях зрабілі і ўстанавілі мініяцюрны калодзеж.

Двойчы на месяц, па пятніцах, у горадзе працуе камісія, якая ажыццяўляе маніторынг сітуацыі з навядзеннем парадку. Пры неабходнасці ёю выказваюцца заўвагі домаўладальнікам і суб’ектам гаспадарання. «Падкасіліся, прыбраліся», – гэта наконт «работы над памылкамі» індывідуальнага прадпрымальніка Кукалевіча на аб’екце па вуліцы Танкістаў. Аднак побач схібілі камунальнікі: губляецца ў траве зліўны калодзеж, на ўездзе ў горад – «пейзаж» з лебядой.

У рэйдзе ўдзельнічалі: Наталля РЫК, урач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі; Таццяна ПЯТКЕВІЧ, наш кар.

НА ЗДЫМКАХ: лясгас – з абноўленым фасадам; новая клумба ў цэнтры горада – ад камунальнікаў; пустазелле наступае на тратуар на выездзе з вуліцы Падлеснай на вуліцу 17 Верасня; такія сядзібы на вуліцы Першамайскай – выключэнне; жыльцы дамоў №№ 44, 46 і 48 пастараліся для аздобы сваёй вуліцы 17 Верасня; каля кантэйнернай пляцоўкі ад прадпрыемства «Форэстпрамінвест»; жыльцы дома па вуліцы 17 Верасня траву з агародаў выстаўляюць на ўсеагульны агляд.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *