Са святам, медыкі!

Медыцына Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

 На базе цэнтральнай раённай бальніцы прайшоў выязны абласны семінар, на які былі запрошаны медыцынскія работнікі резерву кадраў Мінскай вобласці. Ён праходзіў з удзелам першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Зіновія Гозмана.

З цікавасцю быў успрыняты вопыт стаўбцоўскай бальніцы па рабоце з кадрамі. У мультымедыйным суправаджэнні данесла гэтыя пытанні калегам галоўны ўрач Святлана Глебка.

Стаўбцоўская бальніца па выніках размеркавання 2016 года ў вышэйшых медыцынскіх установах чакае на працу ў 2017 годзе пасля праходжання інтэрнатуры 24 урачоў, 11 урачоў прыбудуць у жніўні бягучага года. Укамплектаванасць урачамі ў раёне складае 95,7 працэнта, каэфіцыент сумяшчальнасці роўны 1,54. У мінулым годзе, напрыклад, прыбыло шэсць маладых спецыялістаў – урачоў, яшчэ шэсць удалося прыцягнуць на працу з іншых рэгіёнаў. І разам з тым 12 урачоў звольніліся па розных прычынах – выхад на пенсію, пераезд на іншае месца жыхарства па сямейных абставінах, заканчэнне адпрацоўкі двухгадовага тэрміну. Так што праблема ўрачэбных кадраў па-ранейшаму застаецца, хоць вельмі шмат зроблена па змяншэнні вакансій і ўкамплектаванасці дактарамі райбальніцы, паліклінікі і сельскіх медустаноў.

 Кіраўніцтва райбальніцы распрацавала мерапрыемствы кадравай палітыкі, праграму замацавання кадраў, якая паспяхова ажыццяўляецца і ўключае найперш формы матэрыяльнага стымулявання за павышэнне кваліфікацыі і прафесійны рост. У мінулым годзе васьмі ўрачам, маладым спецыялістам, прысвоена другая кваліфікацыйная катэгорыя. Матэрыяльным стымулам з’яўляецца сумяшчэнне прафесій, асваенне сумежных спецыяльнасцяў. Створаны перспектыўны рэзерв кадраў. Праводзіцца павышэнне тарыфнай стаўкі да 50 працэнтаў па кантракце, даюцца дадаткова два дні да водпуску. Устаноўлены надбаўкі за інтэнсіўнасць працы паквартальна і на падставе аналізу дзейнасці да 50 працэнтаў, выплачваюцца прэміі пры выкананні паказчыкаў мадэлі канечных вынікаў і пры асабістым укладзе ў выкананне заданняў пазабюджэтнай дзейнасці. Згодна з заканадаўствам, па прыбыцці маладым спецыялістам выплачваецца матэрыяльная дапамога.

Актыўна вядзецца прафілактычная работа ў школах. Былі разасланы прэзентацыі ў навучальныя ўстановы нашага раёна і Брэсцкай вобласці, такая ж інфармацыя размешчана на сайце медыцынскай установы. З выпускнікамі бягучага года пасля атрымання атэстатаў будуць заключаны дагаворы на мэтавую падрыхтоўку ў медыцынскіх ВНУ і сярэдніх спецыяльных медыцынскіх установах.

Важным стымулам замацавання кадраў з’яўляецца выдзяленне жылля. Медыцынская ўстанова прыступіла да рэканструкцыі былых будынкаў стаматалагічнага аддзялення, дзе будуць абсталяваны дзве двухпакаёвыя кватэры для сем’яў урачоў і 20 ложка-месцаў у інтэрнаце. Жылы дом для ўрачоў выдзелены ААТ «Шашкі», праводзіцца рамонт асабняка ў Цеснавой для патрэб медыкаў. У мінулым годзе ўсе маладыя спецыялісты, хто меў патрэбу, атрымалі месцы ў інтэрнаце, заселены 17 чалавек.

Для маладых спецыялістаў, як і для ўсіх працаўнікоў, вельмі важны і такі момант, як забеспячэнне належнымі ўмовамі працы, укамплектаванасць бальніцы сучаснай апаратурай, развіццё сучасных тэхналогій дыягностыкі і лячэння. Падрабязна аб гэтым было агучана ў відэапрэзентацыі галоўнага ўрача і падчас экскурсіі па аддзяленнях медыцынскай установы, дзе праведзены капітальны рамонт з заменай мэблі, даўкамплектаванасцю новым абсталяваннем. Безумоўна, шыкоўны выгляд медыцынскіх пакояў, палат уражвае, яшчэ больш станоўча гэта ўспрымаецца, калі ўлічыць, што будынак бальніцы мае ўзрост яшчэ савецкага часу. Удзельнікі семінара, а ў складзе рэзерву кадраў – маладыя людзі, з цікавасцю ўспрынялі экскурсію, задалі нямала пытанняў. Не менш уразіў калег з іншых раёнаў і дызайн тэрыторыі, новыя праекты па яе азеляненні, алеі ружаў і бэзу, кветнікі, малады сад і шмат што іншае.

Пераканаўча гучала інфармацыя аб значных аб’ёмах праведзенай інфарматызацыі ў лячэбна-прафілактычных установах раёна. І тут стаўбчане – першапраходцы ў вобласці, вопыт з цікавасцю быў успрыняты.

Стаўбцоўская бальніца вызначаецца сярод іншых і актыўнай дзейнасцю па адаптацыі маладых спецыялістаў на рабочых месцах. У медыцынскай установе адразу ж заўважаюць таленты ў маладых, даюць ім ход для раскрыцця на фестывалях, канцэртах, турыстычных злётах. Сталі традыцыйнымі прыгожыя святы пасвячэння ў прафесію, конкурсы прафесійнага майстэрства, якія заўсёды суправаджаюцца канцэртамі, падрыхтаванымі сіламі саміх медработнікаў. Гэта вельмі згуртоўвае калектыў. Аб талентах медыцынскіх работнікаў расказала і выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў фае, ля якой з цікавасцю спыняліся ўдзельнікі нарады. Гэтыя мастацкія вырабы – таксама плён старанняў работнікаў медустановы.

Нельга пералічыць усе накірункі работы па праграме замацавання кадраў. Гэта сістэмны няспынны працэс, прычым, жывы працэс, з якога не ўсё занатуеш на паперы. Старанні кіраўніцтва стаўбцоўскай бальніцы ў гэтым накірунку заўважаны ў галоўным упраўленні аховы здароўя Мінаблвыканкама, таму і быў спланаваны ў Стоўбцах выязны семінар.

На пленарным пасяджэнні разгледжаны і іншыя пытанні дзейнасці медыцынскіх устаноў вобласці.

         Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ЗА ВЕРНАСЦЬ ПРАФЕСІІ

Сёння клопат аб здароўі грамадзян з’яўляецца галоўнай задачай дзяржавы, і ў нас, медыкаў прафілактычнага накірунку, ёсць усе падставы ганарыцца сваёй прафесіяй, накіраванай на захаванне і ўмацаванне здароўя насельніцтва нашага  раёна, забеспячэння іх правоў на бяспечнае асяроддзе пражывання, прафілактыку захворванняў.

У санітарнай службе не прынята гаварыць аб дасягненнях і цяжка пералічыць усе накірункі нашай работы, так як яна суправаджае чалавека на працягу ўсяго жыцця. Аднак разам з тым не магу не адзначыць ролю і ўдзел калектыву раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ў вырашэнні шэрагу гігіенічна значных і сацыяльных праблем, як паляпшэнне санітарнага стану населеных пунктаў, умоў працы і быту працаўнікоў прамысловасці і сельскай гаспадаркі, забеспячэнне насельніцтва якаснай пітной вадой і бяспечнымі прадуктамі харчавання, прафілактыка захваральнасці дзяцей, уцягненне ўсіх ведамстваў і прадпрыемстваў у работу па фарміраванні здаровага ладу жыцця і т. п.

І ўсё гэта па сіле, калі спецыялісты ведаюць сваю справу і душою хварэюць за вынікі сваёй работы. А ў нас менавіта такія працаўнікі. Гэта загадчыкі аддзелаў А. В. Лойка, І. А. Пятровіч, К. А. Бонда, І. А. Сахар, урач-гігіеніст Н. У. Рык, памочнікі ўрачоў Г. В. Лябедзька, Т. Л. Пархімовіч, А. С. Шыдлоўская, Г. А. Кузняцова, А. А. Францкевіч, Л. М. Садоўская, Т. С. Лапеха, фельчары А. Д. Трышкіна, А. Л. Сабалеўская, В. У. Сяргеева, Я. М. Лапко, С. А. Лявонцьева, інструктар-дэзынфектар І. А. Навіхіна, дэзынфектары Н. Т. Пісаная, Г. А. Тарвіс, А. Л. Кавальчук.

Вялікі дзякуй хачу сказаць і работнікам бухгалтэрыі М. А. Шукайла, Г. В. Крыцук, гаспадарча-абслуговаму персаналу ў асобе С. Ф. Мішуты, якія забяспечваюць мабільнасць службы і ствараюць належныя ўмовы для работы.

З асаблівым пачуццём падзякі адрасую свае віншаванні ветэранам службы за іх добрасумленную працу і адданасць прафесіі – Марыі Казіміраўне Калкоўскай, Веры Яфімаўне Гіпіч, Валянціне Міхайлаўне Федаровіч, Ірыне Мікалаеўне Радзівановіч, Ніне Яфімаўне Горбач, Але Яўгенаўне Целянковай, Ірыне Уладзіміраўне Стома, Вользе Андрэеўне Паповай, Тамары Іванаўне Слабейка.

Паважаныя калегі і медыцынскія работнікі раёна! Напярэдадні прафесійнага свята – Дня медыцынскага работніка – прыміце самыя цёплыя і шчырыя пажаданні моцнага здароўя, дабрабыту, жыццёвай энергіі, аптымізму, стойкасці ў пераадоленні цяжкасцяў сучаснага часу, поспехаў у вашай высакароднай дзейнасці. Няхай ніколі не прыйдзецца ўсумніцца ў той карысці, якую прыносіце кожнай хвілінай сваёй работы!

Ігар КУНЦЭВІЧ,

галоўны санітарны ўрач Стаўбцоўскага раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *