Апраўдваць надзеі

Медыцына Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

У свой час выпускніца Цясноўскай сярэдняй школы Ларыса Садоўская падала дакументы ў медыцынскі каледж таму, што яе бацькі вельмі хацелі, каб яна стала медыкам. Гэтая прафесія заўсёды была паважаная, лічылася высакароднай, да медыцынскіх работнікаў было асаблівае стаўленне. Паслухмяная дачка не пярэчыла волі бацькоў, а цяпер удзячная ім за тое, што яны зарыентавалі яе на такі выбар прафесіі.

З медыцынай у Ларысы Садоўскай звязана 14 гадоў жыцця. Па размеркаванні малады фельчар-акушэр прыехала працаваць у родныя мясціны – Цясноўскую ўрачэбную амбулаторыю. Адказныя адносіны да справы, бездакорнае выкананне патрабаванняў звярнулі ўвагу кіраўніцтва на маладога медыка. Ларыса Міхайлаўна атрымала запрашэнне перайсці на працу ў райцэнтр і атрымала пасаду памочніка ўрача-эпідэміёлага ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

У яе вельмі адказны ўчастак работы – вядзе раздзел імунапрафілактыкі. Кантроль за імунізацыяй насельніцтва, за тэрмінамі яе правядзення, а таксама за выкананнем правілаў транспарціроўкі і захоўвання вакцын установамі аховы здароўя – штодзённыя клопаты памочніка ўрача. Прафесіяналізмам і настойлівасцю ў выкананні сваіх абавязкаў медыкі дасягнулі важкіх вынікаў: у нашым раёне не рэгіструюцца небяспечныя інфекцыі – адзёр, краснуха і іншыя.

Хоць на календары і лета, аднак у сучасны момант праводзіцца вялікая работа па падрыхтоўцы імунізацыі насельніцтва раёна ад грыпу і вострых рэспіраторных захворванняў. Міністэрства аховы здароўя ажыццяўляе строгія патрабаванні выканання дзяржаўнай праграмы імунізацыі, якая прадугледжвае правядзенне прышчэпак не менш чым у 40 працэнтаў насельніцтва. Цяпер рассылаюцца пісьмы ў арганізацыі і прадпрыемствы раёна, каб атрымаць гарантыі пісьмовага пацвярджэння гатоўнасці заключыць дагаворы на правядзенне імунізацыі ў працоўных калектывах на платных умовах. Медыцынскім работнікам даводзіцца праводзіць і вялікую асветніцкую работу. Не ўсе кіраўнікі належным чынам успрымаюць патрэбнасць правядзення вакцынацыі ад грыпу. Каб данесці да іх аргументы важнасці гэтай кампаніі, медыцынскім работнікам патрэбна прыкласці нямала сіл у распаўсюджванне ведаў аб здароўі і папярэджванне інфекцыйных захворванняў.

Ларысу Садоўскую ў калектыве паважаюць за настойлівасць у выкананні пастаўленых задач, высокія патрабаванні да сябе ў павышэнні кваліфікацыі,  адказнае выкананне службовых абавязкаў. Яна ў ліку тых супрацоўнікаў маладога пакалення, якія з’яўляюцца ўпрыгажэннем калектыву і яго надзеяй. А маці Ларысы Садоўскай, Аліна Вітольдаўна, якая жыве ў Мешычах, можа ганарыцца сваім дарагім медыкам – дачкой, якая дастойна апраўдвае іх надзеі.

Святлана ЖЫБУЛЬ,

фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *