Колеры і фарбы маленства

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

У мінулую нядзелю ў раённым Цэнтры культуры адбылося выдатнае свята, на якое былі запрошаны вучні падрыхтоўчага аддзялення Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў і іх бацькі. Стараннямі і творчасцю выкладчыкаў мастацкага аддзялення Андрэя і Ірэны Зянько работы 32-х пачаткоўцаў у мастацтве – пяці-шасцігадовых дзяцей – былі змешчаны ў фае. Каля ста работ! Нават масцітыя мастакі не змогуць перадаць прыгажосць навакольнага свету так, як гэта зрабілі чыстыя дзіцячыя душы. Работы невыказнай арыгінальнасці – яркія, добрыя, непасрэдныя, самабытныя, проста ўнікальныя. Бацькі маглі не толькі ўсцешыцца гэтым талентам, але і паназіраць, як дзеці працавалі з пэндзлямі падчас свята. Прычым, малявалі яны сапраўднымі прафесійнымі фарбамі, хтосьці – пэндзлем.  Дзеці былі падзелены на дзве групы і малявалі лета. Калектыўная творчасць складалася са штрыхоў кожнага. Атрымаліся выдатныя работы, якія перадалі непаўторнасць і чароўнасць свету Божага нечакана творча.

–       Мы арганізавалі такое свята, – расказвае Ірэна Зянько, – каб дзеці маглі пазнаёміцца. Падчас заняткаў у навучальным годзе яны не сутыкаюцца адзін з адным, таму што заняткі праходзяць у розны індывідуальны час. Мы хацелі, каб пазнаёміліся паміж сабою і бацькі, каб паглядзелі, як важна дапамагчы дзецям далучыцца да мастацтва, даць ім штуршок займацца творчасцю. Падрыхтоўчае аддзяленне школы мастацтваў дазваляе дзецям займацца ў розных накірунках, што потым вызначае іх яркія здольнасці ў пэўным відзе мастацтва. Наша аддзяленне выпусціла ў гэтым годзе пяць вучняў, а набрала – дзевяць новых. Мы спадзяёмся, верым, што для выпускнікоў гэтага года, як і для  папярэдніх, вучоба на мастацкім аддзяленні дапаможа вызначыцца ў прафесіі з мастацкім ухілам і паспяхова вытрымаць уступныя экзамены. Вучоба арганізавана на сур’ёзным узроўні, каб даць выпускнікам трывалы фундамент ведаў для здачы ўступных экзаменаў. Нам радасна назіраць, як сёння ў гэтай зале мастацтва аб’яднала дзяцей і дарослых. Атмасфера нашага свята шчырая, сямейная, і гэта стымул для далейшай творчасці.

Выстава малых дзяцей у раённым Цэнтры культуры будзе працаваць яшчэ тыдзень. Кожны можа заглянуць і ўпэўніцца, якія шэдэўры атрымліваюцца ў дзетак.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗАРЭЦКАГА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *