Здатнасць

Культура Нумары Соцыум Таленты Стаўбцоўшчыны

«ВІЦІНЫ» І «ЛЯВОНАЧКІ» – У СПРАВАЗДАЧЫ ВОБЛАСЦІ

Па ініцыятыве Міністэрства культуры ва ўсіх абласцях Беларусі праходзяць справаздачныя канцэрты лепшых мастацкіх калектыў.

Мінская вобласць прадставіла сваю праграму з 43 нумароў у мінулую нядзелю ў горадзе Маладзечна, які прызнаны культурнай сталіцай года Беларусі. Майстэрства і творчасць калектываў ацэньвалі вядомыя дзеячы культуры Беларусі, вядучыя сталічныя рэжысёры.

Прадставіць Стаўбцоўшчыну на сцэне Палаца культуры Маладзечна было даверана народнаму духавому аркестру «Віціны» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, мастацкім кіраўніком і дырыжорам якога з’яўляецца Аляксандр Нічыпаровіч, і ўзорнаму харэаграфічнаму ансамблю «Лявоначкі» раённага Цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Людмілы Несцярук.

Стаўбцоўскі духавы аркестр зацвердзіў права называцца лепшым аркестрам Мінскай вобласці. Аркестр у ліку трох калектываў з Міншчыны прыме ўдзел у культурных мерапрыемствах рэспубліканскага ўзроўню.

«Лявоначкі» адзначаны як адзін з лепшых дзіцячых калектываў Міншчыны.

Пр

 

У ВЯНОК ПОСПЕХАЎ «ЖАВАРОНАЧКАЎ»

Закончыўся навучальны год і ва ўстановах дадатковай адукацыі. Для ўзорнага ансамбля народнай песні «Жавароначкі» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў ён быў плённым на ўдзел у канцэртах, фестывалях, конкурсах.

Напрыканцы навучальнага года ансамбль паспяхова паўдзельнічаў у міжнародным фестывалі-конкурсе «Новыя вяршыні», які адбыўся ў Мінску.

Малодшая група ансамбля стала фіналістам конкурсу, а старшая ўдастоена лаўрэацкага дыплома ІІ ступені. Выдатна выступілі і салісты. Сола Міланы Бондаравай журы ацаніла лаўрэацкім дыпломам ІІ ступені. Кацярына Васілеўская адзначана лаўрэацкім дыпломам ІІІ ступені.

Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў запрасіў юных талентаў на конкурс «Фальклорны mix». Ансамбль «Жавароначкі» на ім удастоены лаўрэцкага дыплома І ступені. Акампаніраваў спевакам інструментальны ансамбль пад кіраўніцтвам  баяніста Ягора Дырды, які выступае і канцэртмайстрам. У склад ансамбля ўвайшлі педагогі: скрыпачка Таццяна Кот, цымбалістка Анастасія Бар’ясь, Артур Лапкоўскі (бас-гітара) і Арцём Варанко (ударныя інструменты). Прыгажосць выступленню надала і харэаграфічная пастаноўка, якая была падрыхтавала пад кіраўніцтвам Юліі Бохан.

«Сымонкавы нашчадкі» –  адкрыты рэгіянальны конкурс юных выканаўцаў і ансамбляў, які праводзіцца на Стаўбцоўшчыне, таксама стаў вельмі паспяховым для «Жавароначкаў» – і малодшая, і старшая групы выканаўцаў атрымалі дыпломы І ступені. Маленькі саліст «Жавароначкаў» Яўген Трацяк атрымаў дыплом І ступені, Мілана Бондарава – дыплом ІІ ступені, Кацярына Васілеўская – дыплом ІІІ ступені.

На ІІІ Рэспубліканскім адкрытым фестывалі-конкурсе «ЛьВёнок», які праводзіўся ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці, салістка ансамбля Кацярына Васілеўская ўзнагароджана лаўрэацкім дыпломам ІІ ступені, Яўген Кульша стаў дыпламантам І ступені.

У такіх яркіх поспехах вучняў – вялікі ўклад выкладчыка Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, кіраўніка ўзорнага ансамбля «Жавароначкі» Людмілы Канаплянікавай-Доўнар. У многіх дзецях яна адкрыла вакальныя таленты, умела і нястомна іх развівае, абагачае вучняў далучэннем да фальклорных вытокаў, да спеўнага мастацтва свайго народа.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

ВІЗІТНАЯ КАРТКА ВЁСКІ

На Стаўбцоўшчыне ёсць утульны куточак – аграгарадок Дзераўная. Назва яго паходзіць, напэўна, ад слоў «дзёрн» ці «дзірван». Існуе такая легенда аб паходжанні паселішча. Калісьці тут была дрымучая пушча. І паляваў у ёй багаты пан са сваёй світай. Доўга блукалі яны па лесе і зразумелі, што заблудзіліся. Прытаміліся коні, пачало цямнець, а выйсця з лесу паляўнічыя не бачылі. І тут яны згледзелі дуб на пагорку. Залезлі на яго паляўнічыя і заўважылі дарогу, па якой і выбраліся з лесу. І ў знак свайго шчаслівага вызвалення і малітваў, што пан пасылаў Богу, ён загадаў спілаваць гэты дуб і на яго месцы ўзвесці касцёл. Так былі пабудаваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і першыя хаты.

Некалькі гадоў назад  мясцовай паэткай Лідзіяй Мазуркевіч па просьбе кіраўніка ўзорнага лялечнага тэатра «Батлейка» Дзераўнянскай дзіцячай школы мастацтваў Наталлі Сіняўскай па легендзе аб паходжанні вёскі Дзераўной і мясцовага касцёла для тэатра быў напісаны сцэнічны абразок «І будзе тут мястэчка…». Гэта стала візітнай карткай дзераўнянскай «Батлейкі», якая і мае выгляд касцёла.

Вось з гэтым сцэнічным абразком паехаў лялечны тэатр у аграгарадок Залессе Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці, каб прыняць удзел у адкрытым рэгіянальным фестывалі батлеечных тэатраў «Цудоўнае святло батлейкі». У фестывалі прымалі ўдзел узорныя і народныя лялечныя тэатры, а таксама аматарскія і дамашнія батлеечныя тэатры з Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей і горада Мінска.

На суд журы былі прадстаўлены гумарыстычныя, бытавыя, гістарычныя пастаноўкі, а таксама спектаклі па біблейскіх сюжэтах, беларускія народныя казкі. Прысутныя маглі акунуцца ў атмасферу адраджэння нацыянальных традыцый батлеечных тэатраў.

Ад пранікнёнай мелодыі «Авэ Марыя» зала замерла ў замілаванні. У такой таямнічай абстаноўцы выступаў наш калектыў. Юныя артысты – Анастасія Жодзік, Ганна Сіняўская,  Надзея Пугач – сумелі акунуць гледачоў у ХVІ стагоддзе і данесці да іх гістарычныя падзеі таго часу. Пастаноўка адзначана дыпломам «За лепшы спектакль сярод узорных лялечных тэатраў» і памятным падарункам.

Іван СІНЯЎСКІ,

удзельнік узорнага

  дзіцячага тэатра «Батлейка»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *