«Для таго каб паспяхова працаваць, патрэбны маладыя кадры, жыллё і абгрунтаваныя цэны на нашу прадукцыю»

Нумары Пяты Усебеларускі народны сход Соцыум

– Удзельнічаць у рабоце такога прэстыжнага форуму, як V Усебеларускі народны сход – вялікі гонар для кожнага. Для мяне асабіста выбранне дэлегатам – высокая ацэнка маёй, лічу, пакуль яшчэ сціплай працы, бо ў раёне працую параўнальна нядаўна, а кіраўніком сельгаставарыства – нямногім больш за год. Аднак і за гэты адносна непрацяглы тэрмін сутыкнуўся з немалымі праблемамі, якія, калі мне прадаставяць слова, агучу на сходзе.  Ёсць яны ў кожнай галіне вытворчасці, але ў сельскагаспадарчай, думаю, са мною пагадзяцца ўсе дырэктары сельгаспрадпрыемстваў, іх накапілася больш, чым у якой другой. І для таго каб паспяхова працаваць, дабівацца высокіх паказчыкаў, праблемы гэтыя трэба хутчэй і станоўча вырашаць.

– Уладзімір Міхайлавіч, а што хвалюе вас асабліва?

– У першую чаргу цэны на нашу прадукцыю. На працягу апошніх гадоў яны засталіся амаль на ранейшым узроўні, тады як на тэхніку, запасныя часткі, мінеральныя ўгнаенні, камбікармы, насенне, сродкі аховы раслін цэны выраслі ў геаметрычнай прагрэсіі. Для далейшага і планамернага развіцця нам катастрафічна не хапае абаротных сродкаў. Стараемся, шукаем рэзервы. Павялічваецца не толькі колькасць прадукцыі, але і яе якасць. За кошт рэалізацыі менавіта жывёлагадоўчай прадукцыі павысілася заработная плата.

Балазе, малако і мяса запатрабаваныя на рынку і перапрацоўчыя заводы закупаюць у нас гэтую прадукцыю без абмежавання. Толькі хацелася б мець магчымасць па дагаворнай цане рэалізоўваць яе і на малочныя заводы другіх абласцей. Разумею, што зрабіць гэта праблематычна, бо парушаецца прынцып падатковай сістэмы, але магчыма. І жаданне такое ёсць не толькі ў мяне, а і ў маіх калег-кіраўнікоў. У апошнія гады абмежаваны дзяржзаказ на продаж збожжа, пагэтаму ўзніклі праблемы з яго рэалізацыяй. Ураджайнасць у таварыстве адна з самых высокіх у раёне, і нам абавязкова патрэбен пастаянны рынак збыту. І калі яго не будзе, то вырошчваць такую колькасць збожжа проста немэтазгодна, а дакладней, нявыгадна. Падтрымліваць трэба айчынных вытворцаў і менш завозіць збожжа з-за мяжы.

– А якія яшчэ праблемы Вы хацелі б акрэсліць?

– Жыллёвую – адну з самых складаных, з якой напрамую звязана і кадравая. На сённяшні дзень маем вострую патрэбу ў механізатарах і жывёлаводах, але не можам  забяспечыць усіх жадаючых працаваць у нас работнікаў жыллём. Будаваць новыя дамы вельмі дорага, але сітуацыю, якая склалася, можна вырашыць – купіць жыллё ў насельніцтва па сходнай цане. Мы падлічылі, што па цане аднаго новага можна набыць тры дамы. Толькі вось льготны крэдыт на пакупку другаснага жылля сельгаспрадпрыемствам не прадастаўляецца.

Неабходна прыцягваць на вёску маладыя кадры і рабіць усё для таго, каб яны засталіся працаваць у гаспадарках. Нам вельмі патрэбны адукаваныя спецыялісты з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Аднак выпускнікі ўніверсітэтаў і каледжаў, адпрацаваўшы вызначаны тэрмін, звальняюцца. Нягледзячы на тое, што і жыллём стараемся забяспечыць, і заработную плату яны атрымліваюць неблагую. І хоць павялічэнне маладым спецыялістам сельскагаспадарчай галіны тэрміну абавязковай адпрацоўкі пасля заканчэння навучальнай установы мера непапулярная, але ў сітуацыі, якая складваецца, яна становіцца проста вымусовай. І яшчэ хацелася б, каб дэканаты сельскагаспадарчых навучальных ўстаноў падтрымлівалі больш цесную сувязь з сельгаспрадпрыемствамі. Арганізоўвалі для студэнтаў апошніх курсаў азнаямляльныя паездкі ў тыя гаспадаркі, куды яны будуць размяркоўваюцца. Ды і кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў у гэтым зацікаўлены. Малады спецыяліст абавязкова павінен ведаць, дзе ён будзе працаваць, каб потым не расчаравацца ў сваёй прафесіі.

Уладзімір ЖУКАЎ, дырэктар ААТ «Агранёманскі»

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *