З перспектывай вярнуць былую славу

Нумары Сельская гаспадарка

Паступова выходзіць на перадавыя рубяжы адкрытае акцыянернае таварыства «Агранёманскі», якое ўзначальвае Уладзімір Жукаў. Па вытворчасці збожжа на працягу апошніх гадоў гэтай гаспадарцы практычна няма роўных: летась атрымана з кожнага гектара 56,1 цэнтнера, намалочана звыш 14,5 тысяч тон. Ураджайныя ў таварыстве рапс, цукровыя буракі. Развіваецца насенняводства шматгадовых траў. За апошні год падцягнулася  жывёлагадоўчая галіна. Павялічваюцца надоі малака і сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы. У рэйтынгавай табліцы таварыства паступова «адваёўвае» ў калег вышэйшыя прыступкі.

У гэтым годзе ў раслінаводчай галіне гаспадаркі, якую курыруе намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі,  ўсё было зроблена для таго, каб атрымаць высокую ўраджайнасць збожжавых і прапашных культур. Па выніках веснавой сяўбы з таварыства найбольш механізатараў былі адзначаны падзячнымі пісьмамі райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Плённа шчыруюць работнікі гаспадаркі і на «зялёным жніве». Нарыхтавана на ўмоўную галаву жывёлы каля шасці цэнтнераў кармавых адзінак. Закладзена звыш сямі тысяч тон сенажу, і пераважная большасць такога корму, каля 80 працэнтаў, затрамбавана менавіта ў траншэі, з мэтай патанніць кармавую адзінку. У палімерную плёнку запрасавалі толькі 76 тон. Насушылі палову ад запланаванай колькасці сена – 336 тон.

З мэтай мець найбольшую аддачу ад жывёлы, летась перазалужылі 180 гектараў пашы на МТФ «Дразды», «Стары Свержань», «Ператокі» і «Залужжа». У гэтым годзе заклалі пашу ў Залужжы і Скамарошках, пасеялі шматгадовыя травы адпаведна на 100 і 60 гектарах. На 120 гектарах падсеялі пад аднагадовыя культуры люцэрну ў чыстым выглядзе, а ўсяго гэта пажыўная, багатая бялком трава размесціцца на 280 гектарах.

У жывёлагадоўлі вынікі пакуль  больш сціплыя, чым у раслінаводстве. Але каб падняць на належны ўзровень і гэту галіну, прыкладаюцца немалыя намаганні. Вядуцца рэканструкцыі, што дазволіла выдзеліць асобна сухастойных кароў. Укараняюцца новыя тэхналогіі. Замяняюцца кадры. У прыватнасці на МТФ «Ператокі», якую прыняла брыгадзір Людміла Жарко, калектыў абнавіўся практычна напалову. І справы тут пайшлі ўгару. На тэрыторыі і ў памяшканнях падтрымліваецца парадак. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы на вырошчванні і адкорме склалі 900 грамаў, а на адкорме – звыш кілаграма. Дарэчы, на гэтай ферме плануецца абсталяваць комплекс па вытворчасці ялавічыны і давесці пагалоўе да двух тысяч, сёння тут ўтрымліваецца 800. Вядзецца рэканструкцыя памяшканняў – усяго іх будзе шэсць. Бычкоў пастаўляюць сюды з усіх фермаў. Жывёле створаны камфортныя ўмовы: сілкуецца яна на кармавых пляцоўках у выгульных дварах, а адпачывае ў памяшканнях. Пакінуць тут і дойны статак, бо для выпойвання малых цялят патрэбна малако.

На жывёлагадоўчых аб’ектах растуць новабудоўлі. У прыватнасці, на МТФ «Залужжа» уведзены ў строй «клюшачнік» на 240 галоў. І людзям зручна ў ім працаваць, і жывёле камфортна. Адметнасць збудавання заключаецца яшчэ і ў тым, што яно павялічана ў даўжыню. За ўласныя сродкі кіраўніцтвам былі набыты дадаткова і зманціраваны жалезабетонныя «клюшкі». Гэта дазволіла стварыць належныя ўмовы для работы і спецыялістам вэтэрынарнай службы. У гаспадарцы пабудаваны тры сянажна-сіласныя траншэі і дзве – у стадыі завяршэння.

У параўнанні з мінулагоднімі паказчыкамі на 16 працэнтаў павялічыўся валавы надой малака. Штодзень у сярэднім ад кожнай каровы жывёлаводы ў чэрвені атрымліваюць каля 19 кілаграмаў, што амаль на два кілаграмы больш, чым летась. Дасягнута самая высокая валавая вытворчасць малака ў раёне – трыццаць тон. Гэтаму паспрыяла не толькі праведзеная мэтанакіраваная ўзнаўленчая работа, а і належнае кармленне. Летась купілі кормараздатчык-змешвальнік і стварылі звяно для прыгатавання кармоў. Рыхтавалі пажыўныя кармасумясі па тэхналогіі, асобна для кожнай катэгорыі жывёлы, і раздавалі мабільна. У выніку павялічыліся не толькі надоі, а і сярэднясутачныя прывагі жывёлы, яны дасягнулі ў цэлым па гаспадарцы 650 грамаў.

Павялічылася вытворчасць малака, узнікла неабходнасць набываць на фермы малочныя халадзільнікі. Ужо сёння трохтоннікі трэба замяняць на пяцітоннікі, бо даенне трохразовае і малако ў іх не ўмяшчаецца. Малакавоз прыязджае за прадукцыяй не толькі раніцаю, а і днём. Што тычыцца якасці малака, то над гэтым у гаспадарцы працуюць. Палепшылася саматыка, і ёсць у кіраўніцтва надзея ў бліжэйшы час прадаваць перапрацоўшчыкам значную частку прадукцыі гатункам «экстра», а атрымліваць дадатковыя грошы, якія неабходны для набыцця новай тэхнікі, запчастак, перспектыўнага насення.

Гаспадарка з’яўляецца элітгасам па вырошчванні насення збожжавых культур. Няблага развіваецца і насенняводства траў – гэта выгадны накірунак. У прыватнасці, закладзены на насенне ўчасткі люцэрны, фестулоліуму, канюшыны, аўсяніцы.

Павялічыліся надоі, адпаведна і выручка ад продажу прадукцыі, якая  дасягнула чатырох мільярдаў рублёў за месяц. Гэта дазваляе своечасова выплочваць заработную плату. Дарэчы, яна павысілася, прычым у жывёлагадоўлі  практычна ўдвая. Людзі задаволены. Кіраўніцтва аказвае работнікам пры выхадзе ў водпуск матэрыяльную дапамогу на аздараўленне – да 30 працэнтаў ад заробку. Гэта дадае стымулу для работы. А вось парушальнікаў пазбаўляюць такой даплаты.

Таварыства працуе, практычна не прыцягваючы крэдыты, выкарыстоўваюцца яны толькі на паліва і ўгнаенні. Да канца года рост валавой прадукцыі разлічваюць давесці да 108 працэнтаў.

У планах дырэктара аднавіць на былых вытворчых плошчах такую галіну, як птушкаводства – вырошчваць бройлераў. Уладзімір Міхайлавіч – прыхільнік усяго новага. Ён лічыць, што нельга стаяць на месцы, трэба рухацца наперад, умацоўваючы матэрыльную базу, зарабляць пры гэтым грошы і адначасова ствараць для людзей новыя рабочыя месцы.

Апошнім часам абнаўляюцца ў гаспадарцы кадры кіруючага звяна. Адказныя пасады давяраюць маладым. Галоўным інжынерам прызначаны выпускнік універсітэта, стыпендыят таварыства Аляксандр Крывель. Узначаліла жывёлагадоўчую галіну Іна Рэчкіна. Начальнікам вытворчага ўчастка шчыруе Аляксандр Якімаў, заатэхнікам-селекцыянерам – Таццяна Царук. І ўвогуле,  дырэктар таварыства робіць стаўку на моладзь, бо сёння трэцяя частка працуючых – пенсіянеры.

Гаспадарка развіваецца і нарошчвае вытворчасць прадукцыі, а значыць – ёсць перспектыва ў недалёкім будучым вярнуць славу былога калгаса «Нёман».

На здымку: (злева направа) брыгадзір МТФ «Ператокі» Людміла Жарко, цялятніца Зінаіда Шашко, аператар машыннага даення Святлана Сахута, жывёлавод Генадзій Сачук, галоўны заатэхнік Іна Рэчкіна, тэхнік-асемянатар Ніна Гаўрыленка, жывёлавод  Юрый Сачук.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *