Падзеі і здарэнні

Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне сем шлюбаў. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 11 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Дар’я Свекатун, Соф’я Біюць, Паліна Ждановіч, Максім Шыкуць, Луіза Мхаян, Лізавета Дземянчонак, Анастасія Аўдзеня, Соф’я Зоткіна, Крысціна Уласавец, Ілья Белы і Арына Курыла.

Зямны шлях закончыўся для 12-ці жыхароў раёна. 

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў Пільніцы, дзе агнём знішчаны дах дачнага дома. Дом моцна пашкоджаны знутры. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём неўстаноўленай асобы. Матэрыял па данаму факту перададзены ў райаддзел міліцыі.

Міліцыяй зарэгістраваны 153 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана дзевяць крымінальных спраў (усе звязаны з крадзяжамі), у сямі з іх устаноўлены падазроныя. З дома ў Русаковічах зніклі два ноўтбукі, іншыя рэчы. У доме па завулку Якуба Коласа ў Стоўбцах злодзей прыхапіў мабільны тэлефон. У пад’ездзе дома па вуліцы Ленінскай непаўналетні паквапіўся на імпартны веласіпед. Грашовых сродкаў не далічыўся жыхар адной з кватэр па вуліцы Танкістаў. На тэрыторыі садовага таварыства «Хімік» паблізу Засулля грамадзянін спрабаваў абрабаваць два дачныя дамы, аднак не змог давесці свой злачынны намер да завяршэння  па незалежных ад яго абставінах.

Суд прыгаварыў да штрафу ў памеры 12 600 000 рублёў пенсіянерку з Прудоў, якая, будучы нецвярозай, выкрала грошы ў састарэлай. 21-гадовы жыхар Старога Свержаня за распаўсюджанне праз інтэрнэт парнаграфічных відэаролікаў пазбаўлены волі на два гады (з прымяненнем адтэрміноўкі выканання прыгавору на два гады). Абмежаваны ў волі на 1,3 года 25-гадовы жыхар Ніўнага, раней судзімы, які злосна ўхіляўся ад выканання пакарання ў выглядзе выпраўленчых работ. Да яго, акрамя таго, прыменены прымусовыя меры лячэння ад алкагольнай залежнасці. У 48-гадовай жыхаркі Кляцішча канфіскаваны ў гаспадарчай пабудове самагонны апарат, гаспадыня аштрафавана на  210 000 рублёў.         

ДАІ выявіла 268 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – пяць нецвярозых вадзіцеляў і 18 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 21 недысцыплінаваны пешаход. Зафіксавана сем дарожна-транспартных здарэнняў. У іх, на шчасце, ніхто не пацярпеў. З 20 па 30 чэрвеня аб’яўлена рэспубліканская акцыя «Колаў менш – небяспекі больш», накіраваная на папярэджанне ДТЗ з удзелам мота- і велатранспарту. 24 чэрвеня прайшоў адзіны Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам – «Прышпіліся да бяспекі!»

«Хуткая» выязджала 231 раз, у прыватнасці шэсць выклікаў было да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *