Няма «дробязных» пытанняў

Нумары Прамая лінія Соцыум

На прамую тэлефонную лінію, калі яе праводзіць старшыня райвыканкама, пытанняў асабліва шмат. І людзі часта падкрэсліваюць: «Мы да вас звяртаемся, як да апошняй інстанцыі». Звычайна так яно і выходзіць: недзе адмовілі, у іншым месцы прапанавалі чакаць «у парадку чаргі», недзе толкам не выслухалі або патлумачылі не зусім зразумела. Ю. М. Горлаў падчас правядзення прамой лініі быў канкрэтным у адказах і вызначэнні тэрмінаў вырашэння праблем. Пазіцыя кіраўніка раёна: кожнае пытанне важнае, бо за ім стаяць клопаты, патрэбы, занепакоенасць людзей.

Першае тэлефанаванне на прамую лінію да старшыні райвыканкама было з вёскі Ахрэмавічы ад І. І. Радкевіча. Вяскоўцам, як даводзіў Іван Іосіфавіч, не даюць спакою пчолы. Вуллі ўстаноўлены на адной з сядзіб, і пчолы паводзяць сябе зусім не міралюбіва. Ад іх пацярпелі і сам заяўнік, і іншыя суседзі.

–       Мы не можам забараніць займацца пчалярнай справай, тлумачыць Ю. М. Горлаў. – Але ёсць адпаведныя правілы для пчаляроў. Самае першае ў дадзеным выпадку: тэрыторыя, на якой размешчаны вуллі, павінна быць агароджана. Прытым важная ўмова – вышыня плоту. Яна павінна быць не менш за 2,5 метра. Калі гаспадар не жадае ці лічыць цяжкай справай аператыўна зладзіць такую перашкоду на шляху прамога палёту пчол, то яму давядзецца вывезці пчальнік далей ад населенага пункта.

Старшыня райвыканкама дае канкрэтныя даручэнні службовым асобам па кантролі за сітуацыяй.

Адразу некалькі пытанняў паступіла ад Т. Г. Мілашэвіч. Завулак Гайдука, дзе яна жыве, практычна ў цэнтры горада. Але добраўпарадкаваны ён не поўнасцю. Тратуар пакладзены прыкладна да сярэдзіны вуліцы, далей жа ідзе пясчаны шлях, які ў непагадзь размываецца. А тут жа і аўтамабілі нярэдка разварочваюцца, бо далейшы праезд па вуліцы Гайдука каля райаддзела міліцыі дазволены толькі службоваму транспарту РАУС. І выезду наперад па завулку да вул. Ленінскай цяпер няма. Сітуацыя патрабуе вывучэння і вырашэння, што і было сказана старшынёй райвыканкама.

Яшчэ адна прэтэнзія заяўніцы была наконт лямпачкі, якая, пэўна, была больш актуальнай ў зімовы час, калі яна перагарэла. Такім чынам, неўладкаванасць завулка вызначылася і яго слабой асветленасцю. Тым жа інстанцыям, куды жыхары звярталіся з просьбай наладзіць асвятленне, было, як кажуць, «да лямпачкі».

Т. Г. Мілашэвіч агучыла просьбу жыхароў вёскі Сцяцкі, дзе ў яе родзічы. Пры аўтамабільнай шашы неабходны тратуар, бо і пешаходы, і веласіпедысты адчуваюць нязручнасці, здараліся там і ДТЗ з цяжкім зыходам.

Старшыня райвыканкама звярнуўся з сустрэчным пытаннем: ці выпісвае яна газету «Прамень»? І нагадаў, што ў нумары раённай газеты ад 13 лютага 2016 г. быў змешчаны пералік чарговасці работ па будаўніцтве, рамонце жылога фонду, інжынерна-транспартнай інфраструктуры, добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна. Там і пазначана, што будзе абсталёўвацца веладарожка ад г. Стоўбцы да в. Сцяцкі і ад г. Стоўбцы да а. г. Заямнае. Прадугледжанае раённай праграмай абнаўленне будзе абавязкова весціся.

Калектыўны зварот паступіў ад жыхароў Жыгалак. Яны просяць памяняць старую агароджу на могільніку ў вёсцы. Адразу ж Ю. М. Горлаў аправерг дадзеную вяскоўцам інфармацыю ад прадстаўнікоў сельсавета, што, маўляў, няма на гэта грошай, бо яны «асядаюць» у райвыканкаме. Заробленыя на суботніках у сельскай мясцовасці сродкі, удакладніў Юрый Мікалаевіч, застаюцца ў распараджэнні сельскіх Саветаў і ідуць на неадкладныя патрэбы вяскоўцаў. Дадзена распараджэнне аб задавальненні заявы жыхароў вёскі Жыгалкі. Могільнік – гэта святое.

Наступнае тэлефанаванне – з Атцэды. Там каля чыгуначнага прыпынку быў туалет. Нечакана яго прыбралі. Людзі думалі, што проста, каб ачысціць. Аднак назад устанаўліваць ніхто не спяшаецца. Якія б адгаворкі ні шукаліся  наконт гэтага, слова старшыні цвёрдае: туалет каля вёскі, дзе спыняецца цягнік (цяпер асабліва ажыўлена – дачнікі, адпачываючыя ў лясной зоне), павінен быць. Санітарныя патрабаванні неабходна выконваць.

І яшчэ адна «дарожная» праблема. Гэта просьба абсталяваць павільён на прыпынку аўтобуса па вул. 17 Верасня, каля возера. З мікрараёна «Акінчыцы» заўсёды шмат пасажыраў, асабліва да цэнтра горада.

Сапраўды, ёсць пытанні, якія патрабуюць і затрат, і часу, а ёсць і такія, што вырашыць нескладана, толькі б крыху патурбавацца.

Тэлефанаваннем да кіраўніка раёна пенсіянеры папрасілі паставіць крэслы ці лаўкі каля ашчаднай касы, у раёне магазінаў «Дзіцячы свет» ці «Клопат». Часта ім даводзіцца наведваць паліклініку, а тут жа для вырашэння таксама жыццёвых патрэб і гэтыя «фінансавыя кропкі». Стомленасць адчуваецца, крыху б адпачыць. Для каго і дробязны факт, а іншым жа значная палёгка нават звычайнае крэсла пры той ці іншай установе.

Старшыня райвыканкама вызначае тэрміны выканання, у іншых выпадках – неабходнасць папярэдняга вывучэння праблемы. Падчас гэтай прамой лініі сігнал аб выкананні паступіў, яшчэ калі час работы «гарачага тэлефона» не закончыўся. Жыхар вёскі Крачаты скардзіўся на тое, што з учарашняга вечара ў доме не гарыць святло. Рамонтнікі з энергаслужбы выканалі ўсё аператыўна. Адзначым, што напярэдадні былі навальніца, моцны вецер, што, хутчэй за ўсё, і паслужыла прычынай перабояў у электразабеспячэнні. Усё ж  можна зрабіць і такую выснову: выдатна, калі рэагуюць імгненна. І не толькі ад указанняў з боку кіраўніцтва, а і на сігналы грамадзян.

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *