Іх удзел – і прававая культура

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

Ва ўсе часы пракуратура знаходзілася і працягвае быць на варце законнасці і правапарадку, абароне інтарэсаў грамадзян. У сучасных умовах задачы, якія стаяць перад яе супрацоўнікамі, носяць яшчэ больш аб’ёмны і рознабаковы характар.

Напярэдадні прафесійнага свята мы гутарым з пракурорам раёна Сяргеем ГРЫЦУКОМ.

– У цэлым ад дзейнасці органаў пракуратуры залежыць узровень выканання актаў дзеючага заканадаўства і стан прававой свядомасці, прававой культуры грамадства, – нагадвае Сяргей Грыцук. – Пракуратуры даручана каардынацыя дзейнасці ўсіх зацікаўленых органаў і арганізацый па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, нагляд за захаваннем канстытуцыйных правоў грамадзян і патрабаванняў заканадаўства аб зваротах грамадзян, аб развіцці прадпрымальніцтва і дзелавой ініцыятывы. На пракурора ўскладзены нагляд за выкананнем законаў органамі, якія ажыццяўляюць крымінальны пераслед, за адпаведнасцю літары закона судовых рашэнняў. У выпадках, прадугледжаных крымінальна-працэсуальным законам, пракурор ад імя дзяржавы ажыццяўляе крымінальны пераслед, падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачванне.

– Сяргей Валер’евіч, вы акрэслілі шырокі дыяпазон задач, які рэалізуеце ва ўзаемадзеянні з выканаўчымі і распарадчымі, праваахоўнымі і кантралюючымі органамі. У вашай дзейнасці можна вылучыць пэўныя прыярытэты?

– З пачатку года працягнута ажыццяўленне комплексу арганізацыйна-практычных мер па ўзмацненні барацьбы са злачыннасцю, забеспячэнні абароны дзяржаўных інтарэсаў і правоў грамадзян, юрыдычных асоб, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Прыярытэты ў дадзеным накірунку вызначаюцца ў адпаведнасці з тымі задачамі, якія пастаўлены кіраўніком краіны, і з рэальнай аператыўнай абстаноўкай у рэгіёне. Адзін з асноўных напрамкаў дзейнасці органаў пракуратуры – папярэджанне гібелі грамадзян ад знешніх прычын (пажары, вытворчы траўматызм, утапленні, ДТЗ і т.п.).

Статыстычныя дадзеныя сведчаць аб тым, што работа, праводзімая суб’ектамі прафілактыкі раёна, з’яўляецца здавальняючай. Прынятыя меры дазволілі скараціць колькасць злачынстваў на 15 працэнтаў (з 234 да 199). На 25 працэнтаў зменшылася колькасць зарэгістраваных у бягучым годзе злачынстваў карупцыйнай накіраванасці (з чатырох да трох). Аднак назіраецца рост гібелі грамадзян у выніку парушэння правіл пажарнай бяспекі (з аднаго факта да чатырох). Пакуль не выкаранена практыка кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення…

– Якія меры прымаюцца пракуратурай для ўмацавання законнасці і правапарадку ў раёне?

– Праверкі – адзін з важнейшых метадаў у барацьбе з карупцыяй, парушэннямі іншых відаў заканадаўства. Асноўныя недахопы, якія вядуць да карупцыі, звязаны з непаўнатой і неэфектыўнасцю мераў, прымаемых кіраўніцтвам арганізацый, невыкананне парадку ажыццяўлення закупак тавараў (работ, паслуг), а таксама неналежнай дзейнасцю кадравых службаў у плане выпатрабавання  дэкларацый аб даходах і маёмасці.   

Пракуратурай па выніках праверак выканання заканадаўства ўносяцца прадстаўленні, прыносяцца пратэсты, выносяцца прадпісанні, патрабаванні аб прыцягненні адказных асоб да дысцыплінарнай адказнасці. Прадугледжана такая форма ўздзеяння, як афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці паўторнага парушэння закона.

– Гэтай работай ушчыльную займаюцца аператыўныя работнікі пракуратуры. Наколькі я ведаю, усе яны маюць дастатковы вопыт работы на гэтай пасадзе, у сваёй прафесіі. Асабіста вам за два гады знаходжання на пасадзе пракурора раёна ўдалося дабіцца на паднагляднай тэрыторыі пэўных вынікаў ва ўмацаванні законнасці.

– У пракуратуры Стаўбцоўскага раёна працуюць кваліфікаваныя юрысты, якія не шкадуюць уласных сіл і не лічацца са сваім часам, каб у любы момант устаць на абарону правоў і інтарэсаў нашых грамадзян. Асаблівасць яе калектыву – спалучэнне маладосці і вопыту. Так, намеснік пракурора раёна Ларыса Мядзведзь служыць у органах пракуратуры з 1992 года, і ў 2014 годзе загадам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь ёй прысвоены за дасягнутыя поспехі ў справе ўмацавання законнасці і правапарадку класны чын звыш належнага на займаемай пасадзе – саветнік юстыцыі. Памочнік пракурора раёна Аляксей Кутас – адносна малады супрацоўнік, але за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў кіраўніцтвам раённага выканаўчага камітэта яму аб’яўлена падзяка. Памочніку пракурора Юліі Чабан у бягучым годзе загадам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь прысвоены чарговы класны чын – юрыст 1-га класа.    

Акрамя чатырох аператыўных работнікаў, у калектыве працуюць таксама загадчык канцылярыі Анастасія Біончык, вадзіцель Дзмітрый Белановіч, уборшчык службовых памяшканняў Галіна Бохан.

– Што вы хацелі б сказаць сваім калегам напярэдадні прафесійнага свята?

– Віншую ўсіх супрацоўнікаў і ветэранаў беларускай пракуратуры. Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, доўгіх гадоў жыцця. Асаблівую ўдзячнасць неабходна выказаць кіраўніцтву раёна ў асобе старшыні райвыканкама Юрыя Горлава і старшыні раённага Савета дэпутатаў Аркадзя Казякоўскага, старшыні суда раёна Вячаславу Тулейку і ўсім суддзям раёна, начальніку райаддзела міліцыі Івану Мамайку і начальніку раённага аддзела Следчага камітэта Мікалаю Скрыгану, іх намеснікам і ўсім тым, ва ўзаемадзеянні з кім пракуратуры раёна ўдаецца дасягаць станоўчых вынікаў у дзейнасці па наглядзе за законнасцю і правапарадкам. Усе мы працуем дзеля адной высокай мэты – працвітання нашай Радзімы, Рэспублікі Беларусь.

Гутарыла

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *