Нарыхтоўшчык-рэкардсмен

Нумары Соцыум Стаўбцоўшчына - родны край Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Стаўбчанін Анатоль Уласік здаў нядаўна буйную партыю адходаў шкла – 1 200 кілаграмаў. Для нашага райцэнтра гэта не зусім звычайная з’ява.

Для самога нарыхтоўшчыка-рэкардсмена падобныя аб’ёмы нарыхтовак зусім не ў навінку. У цэлым на яго рахунку набярэцца каля ста тон розных відаў другасных матэрыяльных рэсурсаў.

На працягу не аднаго дзясятка гадоў Анатоль Паўлавіч здаваў іх у нарыхтоўчую кантору і быў задаволены супрацоўніцтвам спаўна. Сёлета, калі кантора недаравальна доўга разлічвалася са здатчыкам, а потым яшчэ і вылічыла з яго даходу кошт выдаткаў «на транспарт», ён вымушаны быў адмовіцца ад іх паслуг і перайсці да іншага аператара.

Гэтым аператарам стала аб’яднанне камунальных службаў.

– У камунальнікаў тарыфы крыху меншыя, аднак адразу пасля майго званка прыслалі машыну, на месцы ўсё ўзважылі і разлічыліся са мною, – дзеліцца Анатоль Уласік. – Здаў і макулатуры мяхоў дзесяць. Будзе што здаваць і далей – ужо сабраў лому чорнага металу на некалькі машын…

Самае цікавае, што Анатоль Уласік збірае ўсё гэта нібыта гуляючы – падчас прагулак па беразе Нёмана, дзе вырас і жыве з сям’ёю, падчас паходаў па лесе і бліжэйшых пералесках. А на прыроду ён выходзіць часта. З юначых гадоў – у радах паляўнічых і рыбаловаў. Сёлета споўнілася роўна паўстагоддзя, як ён уступіў у Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Анатоль Паўлавіч, дарэчы, не прапускае міжнародных выставак «Паляванне і рыбалка», якія праходзяць у Мінску ў вясенні і асенні сезоны, пастаянна выпісвае часопіс «Паляўнічы і рыбалоў».

Пра чалавека, які ўстае з сонцам і, перш чым паснедаць, спяшаецца прабегчы з рукзаком па ўлюбёных мясцінах, паназіраць за жывым светам прыроды, можна смела казаць, што ён без прыроды не ўяўляе свайго жыцця. Такі Анатоль Уласік. І адметна тое, што гэты чалавек ніколі не вяртаецца дамоў без «здабычы». Падчас прагулкі або палявання ён не грэбуе нахіліцца і падняць пустую бутэльку ці, напрыклад, іржавае вядро, банку з-пад фарбы. На жаль, ёсць такія людзі, якія выкідваюць у лес, пакідаюць пасля сябе на берагах рэк усё, што ім не патрэбна. Нездарма Анатолій Паўлавіч прадбачліва бярэ заўсёды з сабою рукзак. Напампоўвае яго тымі адходамі, якія бяруць на перапрацоўку. Гэта, як правіла, макулатура, шкло, пластык, чорныя ды каляровыя металы. За сваё жыццё ён знасіў ужо, дарэчы, аж шэсць рукзакоў!

– У апошні час нашы лясы сталі намнога чысцейшымі, – разважае Анатоль Уласік пра стан навакольнага асяроддзя вакол родных Стоўбцаў. – Цяпер у кожнай вёсцы стаяць кантэйнеры для збору цвёрдых бытавых адходаў, аднак у некаторых усё роўна не прапала жаданне забруджваць тыя месцы, дзе мы любім адпачываць, абочыны дарог. Свядомасць у многіх пакуль не змянілася, – робіць выснову неабыякавы стаўбчанін. Сапраўды, яму за такую пазіцыю і актыўную дзейнасць можна прысвоіць статус пазаштатнага памочніка любой са службаў: экалагічнай, камунальнай, санітарнай… Пабольш бы такіх памочнікаў!

Анатолю Уласіку збор другаснай сыравіны прыносіць не толькі маральнае задавальненне, унутранае ачышчэнне, а і, безумоўна, прыбаўку да пенсіі. У любой сям’і дадатковыя грошы ніколі не бываюць лішнімі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *