Знайшоўся гаспадар у сажалкі

Нумары Прадпрымальніцтва Стаўбцоўшчына - родны край Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Роўна год таму прыватнае ўнітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг «СлавАўтаЛюкс» рашылася ўзяць у арэнду возера. Што з гэтага атрымалася, відаць на здымках. І работы па добраўпарадкаванні не спыняюцца, яны працягваюцца…– Згодна з дакументамі, гэта не возера, а сажалка. Я назваў яе «Лясной», – удакладняе дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Шакаль. – Асноўная ідэя гэтага праекта – стварэнне магчымасцяў для рыбалоўства і адпачынку.

У сур’ёзнасці задумкі сумнявацца не прыходзіцца, бо, як вядома, ініцыятывай і дзелавой хваткай Вячаслава Шакаля, былога ваеннага, сем гадоў таму была арганізавана ў Стоўбцах альтэрнатыўная аўташкола, дзе рыхтуюць вадзіцеляў катэгорый В, С і Е, а таксама яго прыватным прадпрыемствам аказваюцца і іншыя запатрабаваныя паслугі. У мілагучна-лірычнай назве сажалкі, размешчанай у Заямным і акурат непадалёку ад жывёлагадоўчай фермы, ужо бачыцца ўдалы маркетынгавы ход.

Ад пачатку назваць гэту ідэю бізнес-праектам не выпадае, таму што ўсё, што звязана з прыроднымі аб’ектамі, апрыёры не бывае хутка- і высокадаходным. Гэта зусім не той праект, з якога робяцца «бабкі». Больш за тое, сажалка «Лясная» плошчай 3,3 га, якую ўзяўся акультурыць арандатар, дасталася яму ў такім занядбаным стане, што гаварыць пра яе прыбытковасць азначае тое самае, што жыць не рэальнасцю, а ў свеце ілюзій. Рэальнасць жа такая: арандатару неабходна ўкласці немалыя ўласныя сродкі, каб зрабіць з сажалкі нешта вартае. Нядзіўна, што жадаючых на такую «няцарскую» справу, клопатную і доўгатэрміновую, відавочна разлічаную на заўзятага аматара прыроды, знаходзіцца няшмат…

Вячаслаў Шакаль дэманструе на прыхопленых з сабою здымках, што было «да». Кучы смецця па беразе, паваленыя дрэвы і прарваная дамба, запусценне, бязлюднасць. Ён пагаварыў з мясцовымі старажыламі і даведаўся, што ніхто, акрамя баброў (у сажалцы іх жыве 12 асобін), не гаспадарыў тут на працягу апошніх трох дзясяткаў гадоў. Відавочна, што сажалка год таму і цяпер – гэта нібыта два розныя вадаёмы. «Уяўляеце, вывезлі шэсць «зілоў» смецця!» – канстатуе аб аб’ёмах зробленага Вячаслаў Шакаль і, апярэджваючы маё пытанне, дадае, што здавацца на паўдарозе ніхто не збіраецца. Добра папрацавалі Алег Царык, Яўген Вярэмскі, Яўген Жыбуль, Фёдар Цімох, Ірына Янкоўская, Аксана Жыдаловіч.

Пакуль арандатар працягвае актыўна чысціць сажалку. З берагавой зонай усё атрымліваецца намнога прасцей, хутчэй, самае складанае – выцягнуць паваленыя дрэвы, пні і карчы з вады. У ёй, дарэчы, і рыба ёсць. Спрадвеку водзіцца ў сажалцы шчупак. Адноўлена дамба. Пабудавана прыстань. Паралельна з гэтым створаны зоны адпачынку – іх аздабляюць дзве альтанкі і разнастайныя малыя архітэктурныя формы. Пасля некаторых пошукаў знойдзена і славутая крынічка (раней, як сведчаць мясцовыя, ёю карысталіся хутаране). На гэтым месцы пабудаваны калодзеж. Калі бабры не «запярэчаць» і не ўзвядуць дзесьці побач сваю плаціну, то крынічнай вады змогуць пасмакаваць усе адпачываючыя.

За такую работу і людзі, і прырода скажуць арандатару дзякуй.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *