На традыцыі багата вёска ціхая Пруды

Крочым па раёне Нумары Стаўбцоўшчына - родны край Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

У Стаўбцоўскім у раёне,

Ля крынічкі, ля вады,

Нібы сонца на далонях,

Размясціліся Пруды.

Нібы вочы, вокны хатаў,

А глядзяць яны куды?

На лясок на той кашлаты,

На палеткі ды сады.

Тут народ шануе святы,

Бо душою малады.

На традыцыі багата

Вёска ціхая Пруды.

 

У мінулую суботу ў Прудах, беларускай глыбінцы, ладзілася свята вёскі. Мястэчка гэта самабытнае, размешчана ў адным з найпрыгажэйшых куточкаў Налібоцкай пушчы – між дзвюх сажалак. Паводле адной з легенд, адсюль і пайшла назва вёскі. Цячэ побач імклівая рэчачка Шура. Мясціны гэтыя прыцягваюць сваёй маляўнічай прыродай, чысцінёй паветра, сінявой воднай гладзі. Народ тут жыве здавён працавіты, добразычлівы, спагадлівы. Некалі ў вёсцы налічвалася больш за тысячу чалавек і размяшчаўся Прудскі сельсавет, зараз пражываюць 158 жыхароў. Але ніводная хата тут сёння не пустуе. Вёсцы ў наступным годзе споўніцца паўтысячагоддзе, і яна працягвае жыць. Другое дыханне ёй даюць дачнікі, якіх мясцовае насельніцтва прыняло ў сваю дружную, працавітую сям’ю. Усе разам яны стварылі, без перабольшвання, грандыёзнае па размаху свята. Да бацькоў, родных, сяброў і проста знаёмых з усіх куткоў краіны прыехала мноства людзей. Даўно не бачыла вёсачка столькі гасцей! І сустракала яна іх шчодра і гасцінна. Хлебасольныя прудчане спяклі адмысловыя караваі, накрылі багатыя сталы і запрашалі ўсіх пачаставацца прыгатаванымі імі разнастайнымі стравамі. Яны спявалі, танцавалі, чыталі вершы, гралі на гармоніках, услаўляючы сваю родную і любімую вёску.

Першай сустрэла гасцей, разам са сваімі суседзямі, стараста вёскі Лідзія Босая. Лідзія Канстанцінаўна – былая настаўніца, працавала дырэктарам школы. Пасля накіравання сюды на працу рупілася сорак гадоў на ніве адукацыі.

– А жыву ў вёсцы больш за паўстагоддзя, – сказала Лідзія Босая. – І хоць я не мясцовая, але лічу яе сваёй роднай старонкай. Замуж тут выйшла, дзяцей нарадзіла і выгадавала. Свята такое ладзім упершыню, але спадзяёмся, што не апошні раз.

Пад гукі духавога аркестра, ад хаты да хаты цёк, паступова разрастаючыся, людскі натоўп. Ідучы па вуліцы, госці маглі ўпэўніцца, якія таленавітыя людзі жывуць ў гэтай вёсцы. Яны і вязаць могуць, і вышываць, і майстраваць, і маляваць – рэчы былі прадэманстраваны на імправізаваных выставах. Падворкі свае аформілі прыгожа, з густам.

Вядучыя прадстаўляюць сям’ю Ланковічаў. Марыя Антонаўна – самая старэйшая жыхарка вёскі – усё жыццё адпрацавала ў паляводстве. Вітольд Антонавіч Босы таксама шаноўнага ўзросту, рупіўся ў лясгасе. Сям’я Міхаіла і Алены Мядзведзік жыве ў Мінску, але бацькоўскую хату шчыра даглядаюць. Іх двор ацэнены як адзін з самых прыгожых, бо гаспадары праявілі бязмежную фантазію – заставалася толькі падзівіцца на ўмела зробленых з падручнага матэрыялу фігурак звяроў, дамашніх жывёлін і птушак. Наступны стол накрылі разам Ядвіга Рафаілаўна Мішук, Тэрэза Міхайлаўна Карневіч і Тэрэза Антонаўна Мельнік – усе яны шмат часу адпрацавалі жывёлаводамі ў мясцовай гаспадарцы. Аляксандр Мікалаевіч і Яніна Іосіфаўна Навагран летась адзначылі брыльянтавае вяселле. А вось Івана Станіслававіча Лукашэвіча віншавалі з днём нараджэння: ён рупіўся ў саўгасе, а яго жонка Юзэфа Вікенцьеўна – прадаўцом ў магазіне. Леанарда Пятроўна Дошчачка была паляводам, шмат выпала на яе долю выпрабаванняў: дзяўчынкай падчас вайны яна была вывезена разам з бацькамі на прымусовыя работы ў Германію. Розныя людзі, розныя лёсы…

На вуліцы Лясной віншавалі з юбілеем былую настаўніцу Еўдакію Георгіеўну Зуй. Яе былая калега Ганна Іосіфаўна Фарботка выклікала сімпатыі афармленнем свайго двара. Сустракалі гасцей і іх суседзі Каштальяны. Міхаіл Міхайлавіч ў недалёкім мінулым працаваў фельчарам, а Станіслава Бярнардаўна – начальнікам паштовага аддзялення. Запыніліся ля веснічак сям’і Міхно. Павел Станіслававіч працуе брыгадзірам фермы, а Таццяна Вацлаваўна – тэхнікам-асемянатарам. МТФ «Пруды» па паказчыках работы адна з лепшых у мясцовым таварыстве і раёне ўвогуле. Іх суседзі Антон і Леакадзія Півавар, якія прыехалі жыць у бацькоўскую хату, і Алена Карлаўна Бушыла таксама шчыра запрашалі да стала. Завіталі да дбайнага гаспадара Анатолія Іванавіча Ражко, ён першы прыносіць людзям навіны, бо працуе паштальёнам і адначасова сацыяльным работнікам. Асаблівая цікавасць гасцей да Лідзіі Сямёнаўны Фарботка, мясцовай пісьменніцы і паэтэсы. Жанчына адзначыла сёлета свой чарговы жыццёвы юбілей – васьмідзесяцігоддзе. Разам з мужам Сцяпанам Іосіфавічам, які валодае майстэрствам вышывання крыжыкам, яны жывуць душа ў душу пяцьдзясят шэсць гадоў. Апошнімі сустрэлі гасцей Тамаш Рафаілавіч і Ванда Альбертаўна Дошчачкі. Яны выгадавалі чацвёра дзяцей, сыны Віктар і Дзмітрый працуюць у мясцовай гаспадарцы. Ванда Альбертаўна – адмысловая гаспадыня, адна з нямногіх, хто захаваў даўнюю традыцыю – яна пячэ хлеб. Дарэчы дадаць, што ўсе вышэйназваныя дбайныя гаспадары прынялі ўдзел у конкурсе на лепшае афармленне падвор’я і пераважная большасць з іх прызнаны пераможцамі.

Свята прадоўжылася на імправізаванай сцэне ля Прудскога сельскага дома культуры. Старшыня райсавета дэпутатаў Аркадзій Казякоўскі адзначыў, што правядзенне святаў вёсак стала традыцыйным у рэспубліцы і ў нашым раёне асабліва. Праходзяць яны заўжды цікава. Такія мерапрыемствы вельмі патрэбны людзям. Пакуль жыве вёска, датуль будзе працвітаць і наша краіна. Ад імя шаноўных гасцей слова брала прэс-сакратар старшыні аблвыканкама Галіна Трафіменка, якая пажадала жыхарам працвітання, і каб вёска іх з кожным годам маладзела. Ксёндз Мар’ян Шэршань засяродзіў увагу на тым, каб людзі захоўвалі веру і традыцыі продкаў, ад якіх ідзе культура. А год сёлетні аб’яўлены Годам культуры. З віншавальным словам выступіла сакратар раённага камітэта кампартыі Беларусі Ніна Дубовік.Старшыні сельвыканкама Аляксандру Пілінкевічу былі ўручаны ўзнагароды. Варта адзначыць, што Аляксандр Іванавіч – прызнаны не толькі ў раёне, а і вобласці лідар. Яго вельмі паважаюць і цэняць людзі за клопат і дабрыню.

Старшыня сельвыканкама, у сваю чаргу, узнагародзіў пераможцаў конкурсу на лепшае афармленне падвор’я, уручыў граматы і падарункі. Атрымалі падзячныя пісьмы людзі, якія прымалі самы непасрэдны ўдзел у арганізацыі свята, і яго спонсары – Віталій Кушнер, Пётр Чыж, Сяргей Бычкоўскі, Марыя Калініна, Васілій Цюніс і Жанна Дошчачка. Былі ўшанаваны старэйшыны вёскі і самая маленькая яе жыхарка – Соня Цюніс, шматдзетная маці Ала Пракаповіч. Падарункі атрымалі заслужаныя людзі розных прафесій, якія працавалі ў гаспадарцы, а таксама абслугоўвалі вяскоўцаў і зараз знаходзяцца на пенсіі.

Культурную праграму для вяскоўцаў падрыхтавалі работнікі культуры раёна. А Міхаіл Дошчачка, ураджэнец Прудоў, напісаў цудоўную песню пра сваю вёску, якую пад бурныя апладысменты выканаў на сцэне разам са сваімі сябрамі і аднавяскоўцамі. З задавальненнем госці і вяскоўцы слухалі выступленне арт-групы «Беларусы», артыста тэатра шансона Вілі Токарава, гумарыста-парадыста Георгія Воўчака. Для дзяцей працавалі атракцыёны. Праводзіліся спартыўныя спаборніцтвы па шашках. Апоўначы неба над вёскай расквеціў святочны феерверк. А завяршылася свята дыскатэкай.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *