Шкадаваць – не гадаваць

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

У раённую камісію па справах непаўналетніх паступіла ад жыхароў  Жыгалак не зусім звычайная «петыцыя» – зварот не пазбаўляць бацькоўскіх правоў матулю траіх малалетніх дзяцей.

Ухвальнае жаданне аднавяскоўцаў заступіцца за сваю жыхарку. Сапраўды, у маладой жанчыны, сям’я якой стаіць на ўліку і ўжо разглядалася на камісіі, не такі і просты лёс. «У яе рана памерла маці, і не было каму навучыць, даць параду, – напісалі спагадлівыя бабулі. – Цяпер яна жыве ў сваіх састарэлых бабулі і дзядулі. Ёсць сужыцель, які яе збівае. Жывуць за кошт дапамогі на дзяцей… Дайце ёй шанц пераасэнсаваць свае паводзіны, а мы будзем сачыць за яе ладам жыцця», – падвялі выснову падпісанты.

Лёгка напісаць, але ці так лёгка паручыцца за некага? Гарантый у дадзеным выпадку – ніякіх. Між тым, тут адказнасць за жыцці трох малых дзетак – 2011, 2012 і 2015 гадоў нараджэння. Участковы інспектар міліцыі Аляксандр Капскі неаднаразова наведваў гэту сям’ю і бачыў, як сужыцель з матуляй разам распіваюць спіртное. Пасля такой неадназначнай карціны ён і падштурхнуў школу звяртацца ў раённую камісію па справах непаўналетніх з хадайніцтвам аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Спагадлівым аднавяскоўцам варта сказаць, што ў адпаведнасці з Дэкрэтам № 18  часовае адабранне дзяцей з сям’і (максімальны тэрмін – да шасці месяцаў) зусім не азначае пазбаўленне матулі бацькоўскіх правоў.

– Гэта і ёсць апошні шанц адумацца і прадпрыняць усё магчымае, каб дзеці выхоўваліся ў сям’і, – звяртаецца да шматдзетнай матулі (бацька дзяцей з’ехаў на сваю радзіму і, згодна з прадастаўленай з месца жыхарства характарыстыкай, злоўжывае спіртнымі напіткамі) намеснік старшыні раённай камісіі Наталля Хвасько. Дарэчы, у жанчыны закончыўся тэрмін дзеяння пашпарту, па гэтай прычыне не аформлена пасведчанне шматдзетнай сям’і і сям’я не можа карыстацца 50-працэнтнай скідкай пры аплаце за дзіцячы садок. Акрамя афармлення пашпарта, сярод першачарговых пытанняў у гэтай маладой матулі – і зварот да ўрача-нарколага, перагляд адносін з сужыцелем і т.п.

Наталля Хвасько прыводзіць такую статыстыку: на Стаўбцоўшчыне з пачатку года былі адабраны 13 непаўналетніх дзяцей з сямі сем’яў, у той час як летась за гэты перыяд  было адабрана ў гора-бацькоў толькі адно дзіця. Такі «скачок» звязаны пераважна з ростам фактаў злоўжывання бацькамі непаўналетніх дзяцей спіртных напіткаў.

– Адабранне ў іх дзяцей – мера вымушаная, накіраваная на тое, каб шчыльней працаваць з сям’ёй і не дапусціць пазбаўлення бацькоўскіх правоў, каб дзеці вярнуліся ў здаровую біялагічную сям’ю, – падкрэслівае Наталля Хвасько.  

У адносінах да кожнай сям’і, дзе дзеці прызнаюцца маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, складаецца індывідуальны план рэабілітацыі. З сям’ёй працуюць усе зацікаўленыя службы і ведамствы, уключаючы школу, сельвыканкам, наймальнікаў, дзе працуюць бацькі, міліцыю, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, бальніцу і т. п. Рэчаіснасць паказвае, што вырашальны фактар у гэтай карпатлівай рабоце – бацькоўскі, а менавіта іх жаданне весці цвярозы лад жыцця і быць разам са сваімі дзецьмі.                

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *