Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

 ІНАВАЦЫЙНЫЯ ТЭХНАЛОГІІ СУПРАЦЬ ТРАДЫЦЫЙНАЙ АГРАТЭХНІКІ

Вядомая нямецкая кампанія BASF правяла на базе Аграцэнтра, які размяшчаецца ў СФГ «Сула», рэспубліканскі семінар, а дакладней Дзень поля, для спецыялістаў раслінаводчай галіны. Падобныя мерапрыемствы сталі традыцыйнымі і арганізоўваюцца ўжо не першы год. Аграцэнтр кампаніі BASF – гэта дэманстрацыйная пляцоўка сусветных перадавых тэхналогій вырошчвання раслінаводчай прадукцыі, дзе праходзіць тэсціраванне розных прэпаратаў аховы культур у мясцовых кліматычных умовах, на падставе якіх беларускім аграрыям выдаюцца дакладна правераныя актуальныя рэкамендацыі. Мэта семінара – прадэманстраваць перавагу сучасных тэхналогій вырошчвання розных культур з прымяненнем высокаэфектыўных сродкаў аховы раслін і высокую рэнтабельнасць інавацыйных інструментаў у параўнанні з прымяненнем традыцыйнай агратэхнікі.

У двухдзённым мерапрыемстве бралі ўдзел начальнікі і спецыялісты абласных і раённых дзяржаўных станцый па насенняводстве, каранціне і ахове раслін, галоўныя аграномы і аграномы-аграхімікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Усяго прыехала звыш 150 чалавек, пераважна з Мінскай вобласці. Праграма семінара ўключала агляд даследаванняў і дыскусіі па ўсіх доследных дзялянках, дзе прымяняюцца сродкі аховы раслін кампаніі. Удзельнікі мерапрыемства падзяліліся на чатыры групы. Кожную суправаджаў вопытны эксперт, які праводзіў «экскурсію» і адказваў на пытанні. Удзельнікі мерапрыемства былі прыемна ўражаны ўбачаным.

Асабліва спадабаліся ўсім пасевы азімага рапсу.

– Кампанія BASF – лідар сусветнай хімічнай галіны, вядомая на рынку звыш 150 гадоў і мае вялікі вопыт работы са сродкамі аховы раслін, – адзначыў кіраўнік аграаддзела прадстаўніцтва кампаніі ў Рэспубліцы Беларусь Павел Брудзерак. – Сёння самая галоўная і важная для нас задача –  падзяліцца перадавымі тэхналогіямі вырошчвання сельгаскультур і для дасягнення высокіх вынікаў у рабоце парэкамендаваць менавіта нашу прадукцыю. У дадзеным накірунку мы паспяхова працуем. Аграцэнтры кампаніі арганізаваны не толькі на базе СФГ «Сула», а і ў кожнай вобласці, бо кліматычныя ўмовы на тэрыторыі Беларусі складаныя і не ўсюды аднолькавыя. Мы стараемся кожны год прапаноўваць новыя прэпараты. Апошнія, вядомыя ва ўсім свеце – «адексар», «капало» і «систива». Апрацоўка імі сельгаскультур садзейнічае павелічэнню ўраджайнасці. Прадукцыя кампаніі карыстаецца немалым попытам.  

Гасцям была прадэманстравана таксама і работа сучаснай тэхнікі для ўнясення сродкаў аховы раслін. А менавіта апырсквальнік Kwerneland Rau вытворчасці нямецкай фірмы.

– Наша доследнае поле налічвае чатырнаццаць гектараў і працуем мы ў Ячонцы пяты сезон, – расказвае кіраўнік Аграцэнтра Андрэй Мяшкевіч. –  У асноўным праводзім вопыты на дзялянках, дзе ў нас пасеяны збожжавыя – гэта азімая і яравая пшаніца, азімае жыта, ячмень, а таксама азімы рапс. Апошнім часам апрабоўваем прэпараты, а працуем толькі з зарэгістраванымі маркамі, на гарохах, кармавых бабах і кукурузе. З мэтай пацвердзіць эфектыўнасць сродкаў аховы раслін, якія выпускае кампанія, вядзём сумесную работу з рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Інстытут аховы раслін». У прыватнасці, праводзім рэгістрацыйныя вопыты па апрацоўцы гербіцыдамі азімага рапсу, а таксама – вышуковыя, на кармавых бабах, для апрацоўкі якіх пакуль што зарэгістравана невялікая колькасць прэпаратаў. Цесна супрацоўнічаем з фермерам Уладзімірам Радзевічам. Уладзімір Уладзіміравіч выкарыстоўвае для апрацоўкі бульбы даволі эфектыўны інсектыцыд «регент», які ахоўвае клубні ад драцяніка. Таксама шырока выкарыстоўвае фунгіцыды «орвего» і «акробат», «рекс плюс». Сёлета працуем разам на пасевах гароху.

Кіраўнік Аграцэнтра дадаў, што нядаўна ў лінейцы прэпаратаў супраць хвароб раслін з’явіўся новы пратручвальнік для бульбы «саркадис». Аддадзены ў рэгістрацыю два новыя гербіцыды для апрацоўкі кукурузы,  якія будуць прадстаўлены ў будучым годзе.

На здымках: (уверсе) фермер Уладзімір Радзевіч вядзе зацікаўленую гутарку з кіраўніком аграаддзела кампаніі BASF Паўлам Брудзеракам; кіраўнік Аграцэнтра Андрэй Мяшкевіч дэманструе работу апырсквальніка; удзельнікі мерапрыемства на доследным бабовым полі.

 

НА ПАСТАЯННЫМ КАНТРОЛІ

Навядзенне парадку на мехдварах і ў механічных майстэрнях сельгаспрадпрыемстваў на пастаянным кантролі. Кожны тыдзень адказныя спецыялісты райсельгасхарчу выязджаюць на гэтыя вытворчыя аб’екты з рэйдамі. Адзначана, што належным чынам добраўпарадкавана тэрыторыя машыннага двара ў ААТ «Жацерава», дзе пастаянна падтрымліваецца чысціня і парадак, а таксама ў ТАА «СЖК «Налібакі». Даволі няблага выглядаюць вытворчыя аб’екты ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Каганец» і «Вялікі Двор». З прыходам новага кіраўніка прыкметна ажывілася ў гэтым накірунку работа ў ААТ «Вішнявецкі-агра», дзе вядзецца замена дзвярэй, наводзіцца парадак на  тэрыторыі гаража. Гэта прыклад для некаторых іншых таварыстваў, дзе пытанні ў дадзеным накірунку пакуль яшчэ застаюцца адкрытымі.

 

РЫХТУЮЦЦА ДА ЖНІВА

У сельгаспрадпрыемствах раёна вядзецца падрыхтоўка да жніва. Рамантуюцца збожжаўборачныя камбайны, якія неабходна да 15 ліпеня паставіць на лінейку гатоўнасці. Найбольш шпаркімі тэмпамі выконваецца гэта работа ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Вялікі Двор» і «Каганец». Актывізавалася работа і ў іншых сельгаставарыствах, але трэба паспяшацца, бо часу да ўборачнай кампаніі застаецца нямнога. А з 1 па 9 ліпеня будзе праводзіцца тэхагляд камбайнаў на допуск іх да ўдзелу ў дарожным руху. Вялікі аб’ём рамонтных работ ажыццяўляецца на збожжасушыльных комплексах, якія, дарэчы, ужо поўнасцю ўкамплектаваны машыністамі.

 

ЗДАЛІ ЛОМ – АТРЫМАЛІ ТАВАР

Летась сельгаспрадпрыемствы раёна перавыканалі план па здачы лому чорных металаў. І сёлета ў аграрыяў справы ладзяцца. З пачатку года ўжо адгружана на «Уторчармет» больш за палову ад запланаванай колькасці — звыш 300 тон. Пастараліся і максімальна закрылі даведзенае заданне працаўнікі ААТ «Шашкі». І ўвогуле пераважная большасць гаспадарак імкнецца паставіць другасную сыравіну ў поўным аб’ёме. У іх ліку ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Вялікі Двор», «Рочавічы». Справа ў тым, што ва ўмовах недахопу грашовых сродкаў, кожнае сельгаставарыства мае магчымасць за здадзены металалом атрымаць шырокі асартымент прадукцыі на філіяле аптовы цэнтр «Гомельшына» і кіраўнікі яе выкарыстоўваюць. На рэгіянальным складзе ў Баранавічах у наяўнасці гума, запчасткі да аўтамабіляў і трактароў, акумулятары, электраінструмент і іншыя неабходныя матэрыялы.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *