Будзьце пільныя, законапаслухмяныя

Кантроль, бяспека Нумары

АЧАГ ПАЖАРУ ЛІКВІДАВАНЫ

На тэрыторыі нафтабазы ЗТАА «РН-Запад» у г. Стоўбцы прайшлі сумесныя вучэнні супрацоўнікаў прадпрыемства і службы экстраннага рэагавання раёна.

Паступіла ўводная: падчас ажыццяўлення тэхналагічнай аперацыі па зліве нафтапрадуктаў з чыгуначнай цыстэрны ўзнікла разгерметызацыя тэхналагічнага трубапровада з пралівам паліва на грунт у зоне чыгуначнай эстакады. У выніку, ад пралітага ўтварылася пляма на плошчы 3 м2, аднак праз мінуту аб’ём уцечкі вырас з-за закліньвання адной з тэхналагічных задзвіжак. Ад пралітага нафтапрадукта з’явілася пагроза ўзгарання пароў.

Сіламі добраахвотнай пажарнай каманды было прыпынена выкананне тэхналагічнай аперацыі, перакрыты задзвіжкі і інфармацыя перададзена камісіі па надзвычайных сітуацыях і службам экстраннага рэагавання раёна. Ад пажарнага вадаёма з дапамогай пажарнага абсталявання ажыццёўлена падача вады для ахалоджвання чыгуначных цыстэрнаў.

Да месца загарання былі накіраваны дзве аўтацыстэрны з вадой ёмістасцю 5 і 10 тон, аўтаматычны каленчаты пад’ёмнік. Пасля лакалізацыі ачага пажару прыбыў манеўровы цеплавоз для эвакуацыі цыстэрны з тэрыторыі нафтабазы.

Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын падвёў вынікі вучэнняў:

– Супрацоўнікі прадпрыемства і службы экстраннага рэагавання ўзаемадзейнічалі зладжана, дакладна і паслядоўна, дзякуючы чаму пажар быў ліквідаваны без ахвяраў і матэрыяльных страт.

Пр

 

АБ ЭКСПЛУАТАЦЫІ КАТЛОЎ

У адпаведнасці з Правіламі па забеспячэнні прамысловай бяспечнай эксплуатацыі паравых катлоў з ціскам пары не больш за 0,07 МПа і тэмпературай нагрэву вады не больш за 115о С, для ўсіх катлоў з ручной загрузкай цвёрдага паліва павінен быць прадугледжаны вывад гукавога і светлавога сігналаў на пульт катла, пры недапушчальным зніжэнні расходу вады праз кацёл, павышэнні тэмпературы і ціску вады пры выхадзе з яго.

З мэтай бесперабойнага забеспячэння паліўна-энергетычнымі рэсурсамі і падрыхтоўкі да ўстойлівай работы ў асенне-зімовы перыяд 2016-2017 гг. прадпрыемствамі  раёна распрацаваны і ўзгоднены з Дзяржпрамнаглядам графікі па ўстаноўцы гукавага і светлавога сігналаў.

Пры падпісанні пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц да ацяпляльнага сезона 2016-2017 гг. прадпрыемствам, якія не выканалі графікі, заключэнні аб гатоўнасці выдавацца не будуць.

Рэгістрацыя кацельняў, у якіх устаноўлены паравыя катлы з ціскам пары не больш за 0,07 МПа, вадагрэйныя катлы з тэмпературай нагрэву вады не больш за 115о С, з сумарнай магутнасцю больш за 200 кВт, у тэрытарыяльных органах Дзяржпрамнагляду ажыццяўляецца па наяўных дакументах без прадастаўлення заключэння аб адпаведнасці аб’екта будаўніцтва зацверджанай праектнай дакументацыі, патрабаванням бяспекі і эксплуатацыйнай надзейнасці.

Юрый КУНІЦКІ,

галоўны дзяржаўны  інспектар аддзела нагляду Мінскага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду

 

ПАЛЯЎНІЧЫ БЕЗ СТРЭЛЬБЫ

Паводле апошніх дадзеных, на ўліку ў райаддзеле міліцыі больш за 400 індывідуальных уладальнікаў грамадзянскай зброі, якім належыць звыш за 500 адзінак розных відаў агнястрэльнай зброі.

Аднак галоўная праблема – гэта няўлічаная зброя, якая магла дастацца грамадзянам у спадчыну і, акрамя таго, да 1976 года яе свабодна прадавалі ў гандлёвай сетцы. У сувязі з гэтым, зброя можа захоўвацца без адпаведных умоў бяспекі і выключэння доступу да яе старонніх асоб. Незарэгістраваная зброя можа быць выкарыстана для ўчынення правапарушэнняў, у прыватнасці, незаконнага палявання.

Грамадзяне могуць добраахвотна здаць у міліцыю незарэгістраваную зброю і боепрыпасы. У гэтым выпадку яны вызваляюцца ад адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.        

Парушэнні дапускаюць, на жаль, і ўладальнікі зарэгістраванай зброі. У бягучым годзе за пропуск тэрмінаў перарэгістрацыі агнястрэльнай зброі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці двое грамадзян, яшчэ адзін – за парушэнне ўмоў захоўвання агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў. 

Усе, каму вядомы факты незаконнага захоўвання зброі, могуць паведаміць іх у райаддзел міліцыі па тэл. 5-14-88, 5-19-15 або 102. Ананімнасць гарантуецца.

Набываць грамадзянскую зброю, прызначаную для выкарыстання ў мэтах самаабароны, для заняткаў спортам і паляваннем, маюць права грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, пасля атрымання дазволу ў органе ўнутраных спраў па месцы жыхарства на набыццё канкрэтнага віду зброі. Варта звярнуць увагу, што механічныя распыляльнікі, аэразольныя і іншыя прыстасаванні, электрашокавыя прыстасаванні, якія адпавядаюць устаноўленым Міністэрствам аховы здароўя нормам, а таксама пнеўматычная зброя з дульнай энергіяй не больш за 7,5 Дж рэгістрацыі не падлягаюць – іх можна набываць без атрымання дазволу.

З мэтай супрацьдзеяння незаконнаму абароту зброі і забеспячэння яе захавання прапануем уладальнікам агнястрэльнай зброі абсталяваць свой дом, кватэру ці месца захоўвання зброі сродкамі ахоўнай сігналізацыі са здачай пад ахову.

Прыём грамадзян па пытаннях атрымання дазволу на набыццё і рэгістрацыю агнястрэльнай зброі вядзецца па серадах і пятніцах з 08.00 да 13.00, па аўторках і чацвяргах – з 15.00 да 20.00, па суботах – з 09.00 да 13.00 (тэл. для даведак – 5-14-88).

Аляксандр ПАРХІМОВІЧ,

інспектар па дазвольнай рабоце райаддзела міліцыі

 

ВОСЬ ТАКІ «АКАМПАНІЯТАР»

Бацькам неабходна падтрымліваць са сваімі дзецьмі даверлівыя адносіны, часцей цікавіцца, як ідуць іх справы, і, канешне, не губляць пільнасці, калі заўважылі ў іх паводзінах штосьці незразумелае, незнаёмае, трывожнае. Праблему нельга пакідаць без увагі, па сутнасці – сам-насам з дзіцем.

Чаму мы так катэгарычна гаворым пра пільнасць? Для гэтага ёсць падставы, а таксама прысутнічае элементарнае жаданне папярэдзіць, не дапусціць у далейшым нічога падобнага.

Раённым аддзелам Следчага камітэта закончана папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе ў адносінах да жыхара раёна К., які ўчыніў грамадска небяспечныя дзеянні, прадугледжаныя артыкуламі 167 (частка 3), 168 (частка 2) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У ходзе папярэдняга расследавання па крымінальнай справе ўстаноўлена, што гр. К. у перыяд з 1999 па 2013 год, будучы працаўладкаваным акампаніятарам у аздараўленчы лагер «Пралеска», «Аздараўленчы лагер «Нёман» Стаўбцоўскага раёна», ва ўказаных установах, а таксама па месцы свайго жыхарства, прымяняў фізічнае насілле і ўчыняў гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару. Падобныя факты ўстаноўлены ў адносінах да шасці малалетніх дзяўчынак.      .

Акрамя таго, гр. К., які не меў ні педагагічнай, ні музычнай адукацыі, да працаўладкавання ў дзіцячыя аздараўленчыя лагеры працаваў у сярэдняй школе – выкладаў урокі сольных спеваў і ажыццяўляў музычнае суправаджэнне культурна-масавых мерапрыемстваў, у якіх былі задзейнічаны малалетнія. Такім чынам, ён меў магчымасць назіраць і вывучаць іх псіхалогію, а пасля, выбіраючы дзяўчынак з нядобранадзейных сем’яў, уваходзіў пад рознымі нагодамі да іх у давер і ўчыняў гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару. Ён выкарыстоўваў тое, што малалетнія няздольны аказаць яму супраціўленне. 

Пасля праверкі інфармацыі педафіл быў затрыманы работнікамі міліцыі. Праведзена яго сексолага-псіхіятрычная экспертыза. Згодна з заключэннем, гэты грамадзянін па сваім псіхічным стане на дадзены момант прызнаны без наяўнасці свядомасці і ўяўляе асобую небяспеку, таму патрабуе ізаляцыі і аховы. Ён змешчаны ў псіхіятрычную бальніцу для прымусовага лячэння.         

Прычынамі ўчынення гр. К. грамадска небяспечных дзеянняў з’явіліся яго пачуццё беспакаранасці, няздольнасць да стварэння сямейных адносін і псіхалагічная траўма, атрыманая ў малалетнім узросце ў перыяд знаходжання на выхаванні ў дзіцячым доме. Яму калісьці скалечылі лёс, і ён, будучы дарослым, «кампенсаваў» сваю траўму як мінімум на шасці пацярпелых дзяўчынках.  

Для ўхілення прычын і ўмоў, якія садзейнічалі ўчыненню гэтага злачынства, у раённы выканаўчы камітэт унесена прадстаўленне з патрабаваннем разгледзець яго з удзелам дырэктараў дашкольных устаноў адукацыі і дырэктараў школ раёна. Асноўная прафілактыка падобных злачынстваў – выключыць прыём на работу на педагагічна-выхаваўчыя пасады асоб, якія не адпавядаюць прафесійным патрабаванням. У сувязі з гэтым сярод патрабаванняў – і неабходнасць прыняцця мераў рэагавання да службовых асоб, якія дапусцілі прыём на работу ва ўстановы адукацыі гр. К.

Мікалай СКРЫГАН,

начальнік раённага аддзела Следчага камітэта

 

«СКАЧАЎ» З ІНТЭРНЭТУ

Аналіз аператыўнай абстаноўкі на тэрыторыі раёна сведчыць аб павелічэнні распаўсюджання і дэманстрацыі парнаграфічных матэрыялаў сярод моладзі, у тым ліку сярод непаўналетніх.

Перадача парнаграфічнай інфармацыі ў асноўным ажыццяўляецца праз мабільныя тэлефоны або праз сетку інтэрнэт. Часта тыя, хто перадае гэту інфармацыю, не здагадваюцца аб тым, што іх дзеянні падпадаюць пад прыкметы крымінальна караемага дзеяння.  Так, у 2015 годзе супрацоўнікамі раённага аддзела Следчага камітэта было ўзбуджана пяць крымінальных спраў, звязаных з распаўсюджаннем парнаграфічных матэрыялаў. Суб’ектам злачынства выступае асоба, якая дасягнула на момант яго ўчынення 16 гадоў.  

Артыкулам 343 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжваецца за выраб або захоўванне з мэтай распаўсюджання або рэкламавання (распаўсюджанне, рэкламаванне, трансляцыя або публічная дэманстрацыя) парнаграфічных матэрыялаў, друкаваных выданняў, выяваў, кіна-, відэафільмаў або сцэн парнаграфічнага зместу пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, выпраўленчых работ на тэрмін да двух гадоў або арышт. Тыя ж дзеянні, учыненыя асобай, якая дасягнула 18-гадовага ўзросту, або ўчыненыя групай асоб па папярэднім зговары, арганізаванай групай з выкарыстаннем інтэрнэту караюцца пазбаўленнем волі ад двух да чатырох гадоў.

Асобна варта сказаць пра меры адказнасці за выраб або захоўванне з мэтай распаўсюджання, рэкламавання, трансляцыі або публічнай дэманстрацыі парнаграфічных матэрыялаў з выявай заведама непаўналетняга. За гэта прадугледжаны выпраўленчыя работы на тэрмін да двух гадоў, арышт, абмежаванне волі або пазбаўленне яе на тэрмін да чатырох гадоў. Тыя ж дзеянні, учыненыя групай асоб па папярэднім зговары або з выкарыстаннем інтэрнэту цягнуць за сабою пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў і, магчыма, як палічыць патрэбным суд, з канфіскацыяй маёмасці.

Крымінальным законам агаворана і наступная сітуацыя: выкарыстанне заведама непаўналетняга для вырабу парнаграфічных матэрыялаў, друкаваных выданняў кіна-, відэафільмаў або сцэн парнаграфічнага зместу, іншых прадметаў парнаграфічнага характару з яго выявай караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да трынаццаці гадоў і, магчыма, таксама з канфіскацыяй.

Яўген КУРЫЛА,

старшы оперупаўнаважаны райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *