Ветэраны

Нумары

image_pdfimage_print

ВЫЗВАЛІЦЕЛЬ СТОЎБЦАЎ

Нарадзіўся ў дзень вайны

22 чэрвеня – сумная і, як сказаў на адкрыцці V Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнт краіны, павучальная дата ў нашай гісторыі. Асноўны яе ўрок і навука навук – войны не павінны паўтарацца, не павінны знішчаць мір і чалавечае жыццё. Дзякуй лёсу, вярнуўся з вайны жывым Фёдар Каржанкоў, якога матуля пусціла на гэты свет менавіта 22 чэрвеня. Яна нараджала сваё сёмае дзіця не для вайны – для мірнага жыцця. Быў самы вялікі дзень года, сонца ў зеніце – нездарма Фёдар Ануфрыевіч так любіць жыццё, свой кожны дзень пачынае з усходам сонца. Ён, жывы сведка вызвалення нашага горада, аказаўся мацнейшым за браню танка. «Падчас вайны пакінуў на полі бою шэсць машын. Вораг падбіваў іх, яны гарэлі, а я застаўся жывы…» –  разважае уладальнік медаля «За адвагу», двух ордэнаў Чырвонай Зоркі.

22 чэрвеня разам з намеснікам старшыні раённага савета ветэранаў Уладзімірам Пашковічам мы завіталі да Фёдара Каржанкова ў Коласава, каб павіншаваць з чарговым днём нараджэння. 94 для салдата Перамогі – гэта ўзрост, але не мяжа. Ён сустракае нас на двары і запрашае ў дом, які некалі набыў зрубам і ўсё адладзіў сваімі майстравітымі рукамі. Бачым, што ў дзядулі ў гасцях любяць бываць унукі і праўнукі. Іх ён любіць, прыслухваецца: адной праўнучцы-школьніцы падарыў ноўтбук, другой – сінтэзатар.

У 2014 годзе, калі адзначалася 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Фёдар Ануфрыевіч выступаў на раённым мітынгу на плошчы Бессмяротнасці. «Выступіў бы з задавальненнем і сёлета, – адгукаецца ён на прапанову Уладзіміра Пашковіча, – але прыбыць на мітынг не змагу, стан здароўя ўжо не той. Цяпер далей свайго двара стараюся не выходзіць».

У Фёдара Ануфрыевіча па-ранейшаму моцны голас. Добрая памяць. А штодзённыя хатнія клопаты ўзяла на сябе дачка Ганна, якая жыве недалёка ад бацькі-ўдаўца, у ваенным гарадку. Ганна Фёдараўна ўспамінае, як некалі матуля ласкава прыгаворвала пра мужа: «Бацечка, бацечка. Тое трэба бацечку, гэта трэба бацечку…» 

На танку перайшоў мяжу

Свае пачуцці Фёдар Ануфрыевіч па-мужчынску трымае ў сэрцы, далей ад старонніх вачэй, а вось пра ўласны лёс прапануе расказаць ад самага пачатку.

– Нарадзіўся я ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці. У сям’і было дзевяць дзяцей, я – сёмы, – нетаропка і па-ваеннаму дакладна апавядае ветэран. – Рана памерла маці. Рос сіратою. Каб зарабіць капейку, у 18 гадоў паехаў па вярбоўцы на Данбас. Быў акурат у начной змене, калі даведаўся ад зменшчыка пра пачатак вайны. Шахту спынілі і накіравалі нас на рыццё акопаў у Запарожскую вобласць. У адзін з дзён, калі немцы набліжаліся да Запарожжа, вярнуўся ў інтэрнат, а на маім ложку ляжала павестка ў ваенкамат. Прайшоў медыцынскую камісію  і трапіў у матухну-пяхоту. У снежні 1941-га прыняў баявое хрышчэнне пад Масквой. У баі пад Ржэвам быў паранены і трапіў у эвакашпіталь ва Удмурцію. Праз 4,5 месяца мяне выпісалі з адкрытай ранай і заключэннем – «Годны да страявой службы».

Служба павярнулася так, што мяне накіравалі ў Казанскае танкавае вучылішча. Там праходзіў васьмімесячныя курсы. Памятаю, як па іх заканчэнні ў клубе зачыталі спіс байцоў і прапанавалі ім выйсці, а  нам, хто застаўся, агучылі ўказ аб прысваенні звання малодшы лейтэнант.

Трапіў у танкавую часць на 2-гі Украінскі фронт. З танка я проста не вылазіў – і ў Стоўбцы на ім увайшоў, і мяжу перайшоў у Брэсце. Вызваляў Венгрыю, Румынію, Чэхаславакію, Аўстрыю. Дзень Перамогі сустрэў у 30-ці км ад Прагі. У вучылішчы нас рыхтавалі на англійскіх танках, на фронце былі розныя, у тым ліку і Т-34. Ваяваў адразу камандзірам машыны, затым – камандзірам танкавага ўзводу. Быў накіраваны ў 151-шы асобны танкавы полк, які падпарадкаваўся 9-й казачай кавалерыйскай дывізіі пад камандаваннем Пліева. З ёю вызваляў Стаўрапольскі край, Адэсу. Пасля нас пагрузілі на платформы і перакінулі на аперацыю «Баграціён» па вызваленні Беларусі.

З 4-га чэрвеня 1944 года мы рушылі па палескіх балотах і дайшлі да Слуцка. За Слуцкам была Узда, а роўна ў шэсць раніцы 2 ліпеня наш корпус фарсіраваў Нёман і выйшаў у раён Старога Свержаня, каб працягваць фронт і рэзаць камунікацыі ворага ўсцяж да Міра. Прарваліся мы нечакана… Стоўбцы былі вызвалены 2 ліпеня, і толькі на наступны дзень – Мінск. Паколькі танкавы ўзвод адстаў на вялікую адлегласць ад галоўных сіл, паступіла радыётэлеграма вярнуцца ў раён Мархачоўшчыны. 

Лёс

Адыдзем ад аповеду ветэрана і зробім невялікае адступленне. Гэта цяпер Фёдар Каржанкоў добра ведае назвы населеных пунктаў раёна, у якіх яму прыйшлося ваяваць і… дзе знайшоў сабе верную спадарожніцу жыцця. У перыяд, калі яны чакалі ля Мархачоўшчыны далейшых указанняў, у яго зламаўся танк. Прыйшлося на пару тыдняў затрымацца. Тады і пазнаёміўся ён з дзяўчынай Ганнай з Грабёнаўшчыны. Перапісваліся, а пасля дэмабілізацыі ў верасні 1946 года бравы франтавы танкіст прыехаў за ёй.

Маладыя паехалі жыць адразу ў Быхаў, але потым вярнуліся на радзіму Ганны, у тыя мясціны, якія вызваляў Фёдар Ануфрыевіч. Ён уладкаваўся на Навасвержанскі лесазавод, а, атрымаўшы ў 1954 годзе пасведчанне машыніста лакамабіля, – на гэтую пасаду ў воінскую часць,  дзе і прарабіў 28 гадоў.

Сёння яго не забываюць ні воінская часць, ні сельскі Савет, ні школа. Раённы савет ветэранаў другі год запар афармляе на адрас ветэрана бясплатную падпіску на раённую газету.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: Вызваліцеля Стоўбцаў Фёдара Каржанкова віншуе з 94-м днём нараджэння намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Уладзімір Пашковіч.

З ПЕСНЯЙАБ МІРЫ

Напярэдадні Дня Рэспублікі песні аб міры гучалі ва ўсю моц у Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў.

Супрацоўнікі дома-інтэрната заўсёды адчуваюць вялікую адказнасць за тое, што сярод пражываючых ёсць людзі асобыя – ветэраны вайны. Да кожнага ў іх  трапятлівае, як да роднага чалавека, стаўленне. У размове з тымі, хто прайшоў франтавымі дарогамі, адчуваеш, што няма для чалавека больш запаветней мары, чым жыць на сваёй зямлі пад мірным небам. Пра гэтую светлую мару хочацца не толькі гаварыць, а і спяваць, казаць вершаванымі радкамі.

Менавіта так і выглядала сустрэча ветэранаў працы, удзельнікаў хору «Родны кут», што працуе пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ў тэрытарыяльным цэнтры, і тых, хто пражывае ў доме-інтэрнаце. Песні  ваенных гадоў і сучасныя аб сваёй Беларусі пад акампанемент баяніста-віртуоза Міхаіла Міткевіча падпявала ўся зала. Калі канцэрт закончыўся, артыстам дзякавалі і за кулісамі.

Як зазначыў арганізатар сустрэчы, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс, удзельнікі хору прыехалі на гэтую сустрэчу амаль у поўным саставе. Да іх не так даўно далучыліся адметныя галасы Яўгеніі Шклярэвіч і Івана Клімовіча. І кіраўніцтва дома-інтэрната не засталося ў даўгу – аказала самадзейным артыстам гасцінны прыём.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *