Любіць Беларусь – адкрываць яе для сябе

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Па традыцыі, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь мы пагутарылі з маладымі людзьмі, якія працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях нашага раёна.

Мікіта Шамрук, майстар лесу Хатаўскога лясніцтва Стаўбцоўскага лясгаса:    

– Настрой пазітыўны, перадсвяточны. У красавіку прыехаў працаваць на Стаўбцоўшчыну пасля заканчэння Бабруйскага дзяржаўнага лесатэхнічнага каледжа. У лясніцтве сустрэлі добра. Ужо пабываў на абходах, пазнаёміўся з калектывам. Вучуся ў вопытных калегаў – С. М. Сечкі і М. В. Ламакі. У памяшканні лясніцтва мне выдзелілі жыллё. Нячаста, але наведваю бацькоў у Клецкім раёне. Беларусь – краіна, дзе можна жыць без страху і боязі. Мне 19 гадоў і я, па праўдзе сказаць, пакуль не зусім вызначыўся, чаго хачу дасягнуць у сваім жыцці. Безумоўна, хачу стварыць сям’ю, мець кватэру, машыну… Гэтыя даброты трэба зарабляць. Жыць хочацца цікава, з карысцю для сябе і іншых.   

Аксана Сячко, інжынер па якасці ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат»:

– Добра, што ў нас ёсць такое свята, як Дзень Незалежнасці. У горадзе пройдзе парад, мітынг. Дэлегацыя нашага прадпрыемства таксама будзе ісці ў святочнай калоне. На камбінаце працуе шмат моладзі. Калектыў дружны. Граматныя спецыялісты. Сапраўды ёсць у каго павучыцца. Я закончыла БАТУ, і ўжо год, як улілася ў дружны калектыў. Сама выбрала месца працы, і выбарам задаволена. На нашым прадпрыемстве надаецца вялікая ўвага якасці выпускаемай прадукцыі, пачынаючы з праверкі сыравіны. Пацверджана адпаведнасць сусветнавядомым сістэмам якасці і менеджменту. Гэта што датычыць маёй прафесійнай кампетэнцыі. А так у саставе раённай каманды брала ўдзел у Х абласной спартакіядзе.  

Таццяна Дубоўская, размеркавальнік работ аўтаматна-тэрмічнага цэха філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы:

– Мне, маме дваіх дзетак, гэта ўрачыстасць вельмі блізкая.  Для нас 3-га ліпеня стала сямейным святам.  Што адчуваем? Радуемся таму, што жывём у міры, у сваёй краіне. Вечарам 22 чэрвеня мы з дачкой былі на мітынгу на плошчы Бессмяротнасці. Нашы дзеці павінны ведаць гісторыю. І я, і мой муж родам з Брэсцкай вобласці, у Стоўбцах жывем ужо 10 гадоў. Работа нам па душы (муж таксама працуе на заводзе). Блізка сталіца. У сям’і ўсё добра. Я паступіла завочна вучыцца ў БАТУ. Збіраюся выступаць у камандзе завода на турзлёце. Дачку таксама прывучаю да спорту. Сёлета яна першы раз паехала аздараўлівацца ў лагер «Церамок». Тата, як заўзяты рыбалоў, ужо знаёміць сына з вудачкамі, кручкамі. Што яшчэ трэба для шчасця?..     

Станіслаў Войніч, спецыяліст па продажах ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат»:

– У мяне педагагічная адукацыя, але ў апошні час прыйшлося «перапрафілявацца». На камбінаце працую з лютага  бягучага года. Работай задаволены. Мая задача – прадаваць прадукцыю камбіната. Захапляюся фатаграфіяй. У мяне ёсць невялікі праект – падарожжы з сябрамі па Беларусі. На дадзены момант мы адкрылі для сябе ўсе вобласці, акрамя Магілёўскай. Шукаем цікавае, размаўляем з людзьмі. Ужо назапашана вялікая колькасць фота- і відэаматэрыялаў. Шкада, што многія нават не здагадваюцца, у якой краіне мы жывём, якая прыгажосць, узровень культуры побач з намі. А яшчэ – мару паехаць у Грузію. Горы прыцягваюць…

Кацярына СергЕевіч, настаўнік гісторыі Налібацкай школы:

– Свята 3-га ліпеня – адно з самых знамянальных у нашай краіне. Гэта дзень вызвалення Мінска і Дзень Незалежнасці. Для мяне, настаўніцы, гэты дзень супадае з парой адпачынку. Напярэдадні адпрацавала змену выхавацелем у аздараўленчым лагеры «Нёман». Рыхтуюся да вяселля. Аб чым мару? Аб асобнай кватэры, каб можна было пераехаць ад бацькоў, аб большым заробку. Выкладаю часткова ў Налібаках, часткова – у Аталезі. У Налібаках прыемна ўразілі адносіны педагогаў, самі вучні. Ведаеце, тут дзеці разам з бацькамі наведваюць касцёл. Працаваць з такімі вучнямі — адно задавальненне. 

Аляксандр Кутас, галоўны энергетык ААТ «Каганец»:

– Прысутнічае ў душы святочнае пачуццё, светлае, удзячнае нашым дзядам і прадзедам, якія абаранілі Радзіму. Ім – моцнага здароўя, няхай жывуць доўга, іх засталося ў жывых не так і многа. Яны заслужылі павагу маладога пакалення. Мой бацька прайшоў вайну ў Афганістане. У мяне хутка заканчваецца тэрміновая ваенная служба (у рэзерве) – засталіся яшчэ адны зборы. У бліжэйшых планах – стварыць сваю сям’ю. На жнівень месяц у нас намечана вялікае асабістае свята – вяселле. Мая выбранніца з горада Баранавічы, з ёй мы знаёмыя больш за пяць гадоў. Яна педагог. Жыць збіраемся на Стаўбцоўшчыне, ў аграгарадку Засулле.     

Гутарыла

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *