«Супермаркеты» Дзяржаўскіх

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

На раённай Дошцы гонару нас зацікавіў здымак Сяргея Дзяржаўскага. Перш за ўсё, звярнула ўвагу, што працуе ён вадзіцелем-прадаўцом аўталаўкі. Сустрэўшыся, мы адкрылі яшчэ адну значную акалічнасць: аказваецца, гэтая справа – сямейная. Пры сваім жыцці вадзіцелем аўтамагазіна ў райспажыўтаварыстве працаваў бацька – Уладзімір Дзяржаўскі, а цяпер – два яго сыны – Сяргей і Андрэй.

– Я з васямнаццаці гадоў працую ў райспажыўтаварыстве, – расказвае Сяргей Уладзіміравіч. – Спачатку развозіў прадукты па гандлёвых кропках. А калі таты не стала, мне даверылі яго машыну – аўтамагазін. Вось ужо восем гадоў я на гэтым месцы. З’ездзіў ужо дзве аўталаўкі. Паўгода як атрымаў новую машыну – з вялікім фургонам, чатырма халадзільнікамі, кандыцыянерам. Мой магазін на колах ніколькі не саступае па аснашчэнні стацыянарнаму.

Андрэй Дзяржаўскі таксама атрымаў новы аўтафургон. Паколькі ён працуе нядаўна, пакуль падмяняе вопытных вадзіцеляў, дае ім водпускі. Што прывяло яго на працу ў райспажыўтаварыства?

– Я працаваў электрыкам у райаграпрамэнерга, – расказвае Андрэй Уладзіміравіч. – Брат заўсёды знаходзіцца ў такім выдатным настроі, так любіць сваю работу, што гэта стала і для мяне штуршком прыняць рашэнне сесці за руль аўтафургона. І сапраўды, работа цікавая, у пастаянных зносінах з простымі вясковымі людзьмі, якія ўмеюць быць удзячнымі, зарадзіць добрай энергетыкай, што дапамагае не стамляцца, аднаўляць свае сілы.

Пакуль вадзіцелі-прадаўцы загружаюцца, работнікі размеркавальных складоў паспяваюць нам расказаць, чым заслужыў Сяргей Дзяржаўскі права быць занесеным на раённую Дошку гонару. Нам адзначаюць высокую культуру абслугоўвання пакупнікоў, прафесіяналізм, адказныя адносіны да справы, ініцыятыўнасць, уменне знайсці кантакт з кожным, высокія паказчыкі работы. Падводзячы рысу пад гэтай працоўнай характарыстыкай, калегі заключаюць: прадавец ад Бога.

Тры разы на тыдзень па графіку Сяргей Дзяржаўскі аб’язджае сваіх падапечных. Ён абслугоўвае каля трыццаці аддаленых вёсак з такімі прыгожымі назвамі як Сосенка, Бярозаўка, Засулле, Наваселле. На маршруце дачныя кааператывы і садовыя таварыствы. Сяргей Уладзіміравіч гаворыць, што ён ведае імёны і імёны па бацьку ўсіх жыхароў вёсак, каго абслугоўвае.

– Я ведаю нават, што яны будуць купляць, – з усмешкай расказвае ён пра свае будні. –  У Наваселлі ёсць у мяне баба Галя. Пакуль яна падыдзе, я паклаў ёй ужо дзве буханкі хлеба, два батоны, дзве пачкі сметанковага масла, два пакеты малака.

Як  тут не ўсміхнуцца разам з Сяргеем Уладзіміравічам! Ён выклікае столькі сімпатыі! Пакупнікі ў вёсцы называюць яго ласкава Сярожка, ён ім, як сын. Узамен на такую любоў Сяргей Дзяржаўскі не палічыць за цяжар дапамагчы пажылым данесці сумку, разрэкламуе тавар сваім дарам красамоўя, падкажа ў выбары пакупкі. Усе шчаслівыя, задаволеныя. У некаторых вёсках аўталаўка робіць па пяць і больш прыпынкаў: так шануе вадзіцель ногі пажылых людзей. Любяць яму даваць заказы на прамысловыя тавары. Дробязь, як грунт для пасадкі расады, насенне, мяшок цэменту, прывязе на сваёй аўталаўцы, а вось будаўнічыя матэрыялы, бытавую тэхніку, камбікорм да самага дома даставіць іншая машына.

10 аўтамагазінаў працуюць у райспажыўтаварыстве. Яны абслугоўваюць 108 населеных пунктаў з больш чым 4,5 тысячы пастаянных жыхароў і 46 садаводчых таварыстваў. Колькасць карыстальнікаў аўталавак значна павялічваецца летам, калі ажываюць дачныя кааператывы, з’язджаюцца ўнукі на канікулы і гараджане ў бацькоўскія дамы і на дачы. У мінулым годзе сярэднемесячная нагрузка на адзін аўтамагазін склала 141 мільён рублёў, тэмп росту да папярэдняга году ў супастаўных цэнах – 113 працэнтаў. За год у касу райспажыўтаварства вадзіцелі аўталавак паклалі больш за 15 мільярдаў рублёў ад продажу тавару. Лепшымі прадаўцамі магазінаў на колах з’яўляюцца Сяргей Дзяржаўскі і Міхаіл Шастак, у якіх самая высокая выручка. Цяпер актыўна ідзе працэс аснашчэння аўталавак плацёжнымі тэрміналамі. Гэта актуальна. Гандлёвы сервіс на колах пастаянна ўдасканальваецца.

Што ж датычыць герояў нашага артыкула, то як тут не сказаць і аб такой важнай падзеі: Сяргей Дзяржаўскі стаў шматдзетным бацькам, у іх сям’і нарадзілася трэцяе дзіця. І ў Андрэя Дзяржаўскага таксама папаўненне – другое дзіця. Гэта яшчэ больш умацуе іх высокую рэпутацыю ў калектыве. Добры сем’янін – гэта не менш важна, чым добры працаўнік.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: злева направа – Андрэй і Сяргей Дзяржаўскія.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *