З верай і шчырасцю да людзей

Крочым па раёне Нумары Стаўбцоўшчына - родны край Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Пасля наведвання свята ў Рубяжэвічах хочацца абагуліць: беларуская вёска з’яўляецца неацэнным нацыянальным багаццем. І аргументаваць: яна  скарбніца хрысціянскіх і народных традыцый, беларускай нацыянальнай кухні, фальклору, рамёстваў, якія і перадае з пакалення ў пакаленне. Запрасіўшы гасцей на свята, Рубяжэвічы адчынілі для ўсіх прысутных дзверы сваіх дамоў і сэрцаў. І мы акунуліся ў шчырасць, адкрытасць, веру, дабрыню, шырыню і бясконцую прыгажосць.

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў, якія ініцыіравалі правядзенне святаў вёсак і склалі графік гэтых урачыстасцяў па нашым раёне, вырашылі некалькі маштабных задач. Гэта і добраўпарадкаванне населеных пунктаў, згуртаванасць людзей, магчымасць яднання пакаленняў, напісанне жывога архіву: людзі адыходзяць у вечнасць, і назаўсёды яны застануцца ў відэалетапісах гэтых святаў.

Разам з таленавітым даследчыкам гісторыі роднага краю, захавальнікам багатага архіва мястэчка, ветэранам педагагічнай працы, касцёльным актывістам, маці пяцярых дзяцей і вялікім патрыётам сваёй малой Радзімы Рамуальдай Сабалеўскай, якая на высокім узроўні выканала ролю вядучай гэтай урачыстасці, адправімся ў вандроўку па вуліцах Рубяжэвічаў.

Было б справядлівым расказаць пра кожнага з жыхароў гэтага старадаўняга адметнага мястэчка, дзе гісторыя пераплялася ў нацыянальнасцях, эпахальных падзеях, – тут і адмысловыя партніхі, і здольныя хлебапёкі, і царкоўныя пеўчыя, і храмавыя будаўнікі, і шматдзетныя маці, і абаронцы Айчыны, і старанныя працаўнікі ў розных сферах. Яны былі адзначаны прывітальнымі словамі і падарункамі. 

Па традыцыі, вялікая ўвага была ўдзелена самаму маленькаму жыхару Рубяжэвічаў – трохмесячнаму Арсенію Дубінцу і самаму старэйшаму жыхару  91-гадоваму Аляксандру Нікіцічу Тураку, адзінаму ветэрану Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Рубяжэвіцкага сельвыканкама, былому дырэктару мясцовай школы. Як і да іншых старажылаў вёскі, каму не па сілах было прыйсці на плошчу, да Аляксандра Нікіціча і Рэгіны Іванаўны завітала ўрачыстае шэсце. У гэтай паважанай сямейнай пары ў гэтым годзе 65-годдзе сумеснага жыцця. Прыняць гасцей па ўсіх правілах беларускай гасціннасці шаноўным ветэранам дапамагла іх дачка Галіна са сваім мужам, якія ўзялі на сябе клопат пра састарэлых бацькоў. Сваю любоў да родных Рубяжэвічаў Галіна Аляксандраўна выказала ў вершаванай паэме, якую яна напісала да гэтага свята.

Яшчэ адна такая ж шаноўная пара адзначыла такі ж прыгожы юбілей сумеснага жыцця – Станіслаў і Марыя Сабалеўскія. У ліку старажылаў вёскі, каму споўнілася 90 гадоў, – Станіслава Трызна, Зузанна Варанецкая, Алена Курак, Антон Ліхадзіеўскі, Эдуард і Галіна Какошыны. Для іх, як і для іншых юбіляраў, падрыхтаваў падарункі Рубяжэвіцкі сельвыканкам, раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва таксама ўшанаваў падарункамі 90-гадовых старажылаў.

Вельмі прыемна было ўсім асэнсоўваць і бачыць трывалыя карані, якія звязваюць з Бацькаўшчынай тых, хто вылецеў з роднага гняздзечка, цяпер жыве ў сталіцы, але бывае ў Рубяжэвічах не госцем. У ліку такіх – Віктар і Вікенцій Стрыгі і іх сястра Ларыса Кулеш, якая да свята выпекла торты- скульптуры, сапраўдныя творы мастацтва, і арганізавала выставу ўласных работ, выкананых кручком.

Ушанаваны ў гэты святочны дзень былі не толькі людзі, якія, па справядлівым абазначэнні вядучай, з’яўляюцца аўтарамі гісторыі гэтага мястэчка, але і памятныя даты, знакамітыя месцы, якія захоўваюць даўніну ў сваім спрадвечным выглядзе. Прыпынак святочнага шэсця быў ля помніка землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны – на ім выгравіраваны 39 імён. На тэрыторыі сельвыканкама з’явіўся і яшчэ адін памятны знак, асвячэнне якога адбылося ў гэтыя дні, – валун з крыжом ад знішчанай праваслаўнай царквы у гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. Крыж захаваў у сваім доме актывіст царкоўнага жыцця Іван Гайдук, таксама старажыл вёскі.

Асоба заснавальніка травяной атэкі Станіслава Вількоцкага ўвекавечана ў мемарыяльнай дошцы на доме, дзе ён жыў. Пад музей яўрэйскай культуры будзе прыстасаваны новы драўляны будынак, ужо стаіць зруб на месцы старога. Ля гэтага яўрэйскага дома выступіў старшыня міжнароднага грамадскага аб’яднання «Voluntas» Франк Шварц. З Рубяжэвічамі яго звязваюць доўгія гады супрацоўніцтва. Яго ініцыятывамі ў 2008 годзе студэнты амерыканскага каталіцкага каледжа паўдзельнічалі ў валанцёрскім праекце добраўпарадкавання яўрэйскіх могілкаў у Рубяжэвічах. Займаючыся дабрачыннай дзейнасцю, Франк Шварц умее ацаніць тое, што вышэй усіх тленных каштоўнасцей свету. У сваёй прамове да ўдзельнікаў свята ён адзначыў, што Беларусь з’яўляецца мадэллю і ўзорам, як павінны людзі адносіцца адзін да аднаго, што ён і хацеў бы прапагандаваць ва ўсім свеце.

Свята спынілася ля мемарыяльнага комплексу ў каменях-валунах, якія сімвалізуюць вёскі Рубяжэвіцкай парафіі. Касцёл сустрэў удзельнікаў урачыстасці кранальнай мелодыяй старадаўняга аргана. У сценах храма было прапанавана ўсім успомніць тых вяскоўцаў, хто ўжо адышоў у вечнасць, і памаліцца аб спачыне іх душ.

Працяг свята адбыўся на імправізаванай сцэне на плошчы. З прывітальным словам да жыхароў Рубяжэвічаў і гасцей вёскі звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі. Старшыня Рубяжэвіцкага сельвыканкама Ала Стралкоўская, якая шмат сіл прыклала, каб арганізаваць людзей на падрыхтоўку да свята, падзякавала вяскоўцам за іх старанні, за пафарбаваныя і адрамантаваныя платы, за навядзенне ўсюды адмысловага парадку, за прыгатаваныя багатыя святочныя сталы, за разуменне,  падтрымку, за любоў і лад паміж усімі. Прадстаўнікі мясцовага ААТ «Рубяжэвічы», іншых раённых і мясцовых арганізацый уручылі ветэранам вытворчасці падарункі, падзякавалі ім за іх працу на карысць нашай дзяржавы. Да арганізацыі ўрачыстасці супрычыніліся і прыватныя фірмы, індывідуальныя прадпрымальнікі Часлаў Туміловіч, Віктар Марцінкевіч, Іна Тулейка.

Свята дало магчымасць праявіць таленты, здольнасці, разам адпачыць і прыемна правесці час. Музыка над ваколіцамі гучала да позняга чэрвеньскага вечара.

Святлана ЖЫБУЛЬ,

фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *