Звесці рызыку да мінімуму

Кантроль, бяспека Нумары

image_pdfimage_print

Сітуацыя па афрыканскай чуме свіней на сучасны момант ацэньваецца як вельмі сур’ёзная. Па афіцыйных даных толькі з пачатку бягучага года агульная колькасць выпадкаў захворвання дзікіх і дамашніх свіней у бліжэйшых краінах Еўропы дасягнула 700, а ў Расійскай Фэдерацыі – 40.

На гэтым фоне сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь пакуль дабранадзейная. Папярэдзіць распаўсюджванне афрыканскай чумы свіней дапамаглі радыкальныя меры. Зменшана пагалоўе дзікоў, якія з’яўляюцца асноўнымі пераносчыкамі інфекцыі. Паколькі жывёла мігрыруе, кантроль яе колькасці вядзецца пастаянна. Акрамя гэтага на свінатаварным комплексе «Крамец» ААТ «Вішнявецкі-агра», які размяшчаецца на тэрыторыі нашага раёна, пастаянна падтрымліваецца і забяспечваецца ўзмоцненая біялагічная абарона.

Вельмі важна, каб уладальнікі свінапагалоўя прыватнага сектара аб’ектыўна ацэньвалі патэнцыяльную небяспеку і дакладна выконвалі неабходныя меры перасцярогі. На жаль, на ўласных падвор’ях біялагічная абарона жывёлы не на ўзроўні. У гаспадароў няма зменнага абутку, адзення, кармы не праходзяць тэрмічную апрацоўку, няма ўмоў і сродкаў для правядзення дэзінфекцыі. Між тым важна памятаць, што небяспека заносу АЧС на асабістае падвор’е існуе заўсёды. А зараз, з надыходам ягаднага і грыбнога сезонаў, павялічваецца шматразова. Таму самыя строгія меры бяспекі, асабліва калі падвор’і размешчаны паблізу лясных масіваў, проста неабходны.

Па-першае, трэба практычна поўнасцю ізаляваць свіней, папярэдзіць магчымасць кантакту з іншымі людзьмі, другой дамашняй жывёлай і птушкай. Па-другое, выключыць магчымасць пападання віруса з кармамі і вадой. Кармы набываць толькі праз гандлёвую сетку. Уласныя раслінныя кармы (нават звычайную траву) трэба абавязкова праварыць: узбуджальнік хваробы гіне пры кіпячэнні на працягу 2-3 мінут.

Неабходна выдзеліць спецыяльны абутак і адзенне па доглядзе за жывёлай, праводзіць перыядычную дэзінфекцыю спецадзення і памяшканняў, весці барацьбу з насякомымі і грызунамі.

Пры першых прыкметах недамагання ў жывёлы трэба без прамаруджвання звярнуцца да ветэрынара. Для выключэння афрыканскай чумы свіней, мяса дамашніх свіней ужываць у ежу толькі пасля правядзення ветсанэкспертызы.

Не трэба забываць: рызыка успыхвання захворвання існуе заўсёды. Зразумела, стварыць ўсе ўмовы для бяспекі ўтрымання свіней няпроста, асабліва ў асабістай гаспадарцы, але неабходна. Парушэнне нормаў утрымання і кармлення свіней можа садзейнічаць узнікненню новых ачагоў. Самая свежая інфармацыя, якая паступае з суседніх краін яшчэ раз пацвярджае: большасць выпадкаў афрыканскай чумы свіней рэгіструецца ў дзікай прыродзе і на асабістых падвор’ях. За парушэнне ветэрынарна-санітарных правіл ўтрымання свіней заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Марыя КАСПЯРОВІЧ,

вядучы ветэрынарны ўрач ДУ «Стаўбцоўская

 райветстанцыя» 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *