Яркае сонца, шчырасць пачуццяў

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

3 ліпеня ў Стоўбцах прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Яркае, гарачае ліпеньскае сонца. Гукі музыкі, рознакаляровыя паветраныя шары і яркія кветкі, з якімі ішлі стаўбчане да святога для ўсіх месца – Плошчы Бессмяротнасці.

Мітынг-рэквіем «Памяць» адкрываў намеснік старшыні райвыканкама С. Я. Шэсцель. Да мікрафона падышоў старшыня раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Горлаў. Юрый Мікалаевіч прыгадаў гераічныя старонкі ўсенароднай барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, працы і стварэння ў пасляваенныя гады. І сёння наша незалежная Беларусь мае прызнаны аўтарытэт ва ўсім свеце, упэўнена глядзіць у будучае. Свой уклад у дасягненні краіны ўносяць і працаўнікі Стаўбцоўшчыны. Старшыня райвыканкама шчыра і сардэчна павіншаваў ветэранаў, усіх жыхароў раёна са святам.

Памяць заўсёды павіннна жыць у сэрцах пакаленняў – такім быў лейтматыў выступлення старшыні раённага савета ветэранаў вайны і працы І. І. Язвінскага. Ад імя моладзі раёна выступіла член калектыву філіяла Гарадзейскага цукровага камбіната Алена Супрун.

Павіншаваць стаўбчан з вялікім нацыянальным святам прыехалі дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў. Шчырыя словы віншаванняў прагучалі ад намесніка кіраўніка адміністрацыі гарадской акругі Азёры Маскоўскай вобласці В. Ю. Голадава. Прывітанне ад сяброў з Украіны і каравай перадаў кіраўнік Жашкоўскай раённай рады Чаркаскай вобласці М. Р. Салій.

Мінутай маўчання ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся з вайны. Да помніка і стэлаў мемарыяла вызваліцелям былі ўскладзены вянкі і кветкі.

Галоўнай арэнай святочных мерапрыемстваў стала гарадская плошча Леніна. Канцэрт-віншаванне «Мы табе, Беларусь, сёння шчыра пяём» упрыгожвалі выступленні самадзейных мастацкіх калектываў Стаўбцоўшчыны. Прысутныя знаёміліся з аздабленнем выстаўкі-кірмашу сельскіх падвор’яў «Родная хата гасцямі багата», арыгінальнымі вырабамі майстроў народнай творчасці.

Пасля паўдня задажджыла. Але цёплы летні дождж не перашкодзіцў святочнаму дзейству і добраму настрою людзей. Дождж жа вельмі патрэбны палям і агародам, засмаглым ад працяглай спякоты. А познім вечарам па слаўнай традыцыі на плошчы Леніна прайшла рэспубліканская акцыя «Спяём гімн разам» і неба над Стоўбцамі расквецілася святочным салютам.

Ф. ФЯДОТАЎ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *