Актуальны дыялог – пра дэнамінацыю

Нумары Соцыум

Адно з апошніх пасяджэнняў універсітэта трэцяга ўзросту было прысвечана тэме дэнамінацыі, якая пачалася ў нашай краіне першага ліпеня. 

На сустрэчу з пажылымі людзьмі былі запрошаны кампетэнтныя спецыялісты з цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 ААТ «Беларусбанк» Аксана Цярэшка і Вікторыя Прывалава, аддзялення «Белаграпрамбанка» Аксана Жылінская. Яны расказалі аб асаблівасцях новых грошай, варыянтах дэпазітаў і выкарыстанні банкаўскіх картачак сваіх кампаній, адказалі на пытанні, якія паступілі з залы. З улікам аб’яўленай дэнамінацыі іх было нямала. Таксама банкаўскія работнікі прадаставілі тэматычны наглядны матэрыял, у тым ліку каляровую прэзентацыю для тэрытарыяльнага цэнтра, якая размешчана на інфармацыйным стэндзе для ўсеагульнага агляду.

Як будуць выплачвацца пасля дэнамінацыі пенсіі расказала начальнік аддзела пенсійнага забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Каспяровіч. Інфармацыя была прадастаўлена ёю на канкрэтных прыкладах. У сітуацыі, калі будуць хадзіць адначасова новыя і старыя грошы, важна быць уважлівымі і не губляць пільнасці, пра што і нагадаў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі Сяргей Пальчык. Магчыма, што пад выглядам сацыяльных работнікаў ці прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый будуць стукаць у дом да пажылых людзей, асабліва да тых, якія жывуць адны, розныя махляры. Важна не разгубіцца і запатрабаваць у наведвальнікаў пасведчанне, а ў выпадку сумненняў, трэба набіраць нумар міліцыі 102. Ні ў якім разе нельга забываць, што наша асабістая бяспека напрамую залежыць ад нас саміх. «Ад нас залежыць  і наша здароўе», – падкрэсліла валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Шыдлоўская, якая сваё выступленне прысвяціла адной з самых актуальных тэмаў сёлетняга сезона – прафілактыцы ўкусаў кляшчоў. Актыўнасць апошніх, у параўнанні з леташняй статыстыкай, вырасла ў тры разы.

– Для заняткаў ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту мы падбіраем актуальныя тэмы, кампетэнтных і цікавых субяседнікаў, якія нясуць з сабой не толькі карысную  інфармацыю, а і магчымасць узаемнага дыялогу, – падкрэслівае загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра Сяргей Есіс. – У іх можна атрымаць на свае пытанні вычарпальныя адказы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *