З напорыстасцю, сілай і ўменнем

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Спорт Факты, падзеi, людзi

У Дзень моладзі на гарадскім стадыёне ладзілася шостая летняя раённая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу. За права стаць мацнейшымі і заваяваць галоўны прыз прыехалі памерацца сіламі пятнаццаць каманд.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў спартакіяды звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Дзяніс Колясень, які пажадаў усім удалага старту і дастойнага выступлення ва ўсіх відах спорту. А пераможцу, як і заўжды, вызначыць напорыстасць, уменне і сіла.

Спаборніцтвы праводзіліся ў васьмі намінацыях. Упершыню ў праграму спартакіяды была ўключана сямейная эстафета «Тата, мама, я – спартыўная сям’я». Конкурс праходзіў літаральна на адным дыханні. Хваляваліся не толькі дзеці, а і іх бацькі. Трэба было прайсці тры этапы: трапна закінуць мячык, управіцца з бульбай – насыпаць, перанесці, перасыпаць, а таксама павесіць сушыцца і зняць спартыўнае адзенне. І галоўнае, зрабіць усё гэта хутка, без штрафных ачкоў, што не кожнаму ўдалося. Аднак удзельнікі конкурсу, якіх падбадзёрвалі балельшчыкі, вельмі стараліся. Пераможцу ад другога месца аддзяліла толькі адна секунда. Выйграла конкурс сям’я Ланкевічаў з ААТ «Радзіма Якуба Коласа». На другім і трэцім месцах – сем’і Вагуліс з ААТ «Каганец» і Дзерашавых-Маліноўскіх з ААТ «Шашкі». Усе сем’і шматдзетныя.

Паступова спаборніцтвы разгортваліся на ўсіх спартыўных пляцоўках. Нямала гледачоў сабраў міні-футбол. І хоць надвор’е стаяла спякотнае, але хлопцы паказалі выніковую гульню. У фінале сустрэліся каманды ААТ «Радзіма Дзяржынскага» і «Агранёманскі». Гульня была практычна роўнай, але больш пашанцавала футбалістам першай каманды, якія і перамаглі з перавагай у адно ачко. Трэцяе месца вызначыла серыя пенальці – больш трапнымі былі ігракі ААТ «Вішнявецкі-агра». Пасля завяршэння спаборніцтваў каманда-пераможца іграла з камандай кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна на чале з капітанам Дзянісам Колясенем. Барацьба была даволі напружанай. Мяч папераменна ўлятаў то ў адны, то ў другія вароты, а канчатковы вынік – нічыя.

У валейболе мацнейшымі сталі валейбалісты ААТ «Радзіма Якуба Коласа». На другім месцы зноў спартсмены ААТ «Вялікі Двор», на трэцяй прыступцы – ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат».

Сілу, волю і характар праявілі гіравікі. Месцы ў дадзеным відзе спорту размеркаваліся наступным чынам – «золата» ў Яўгена Ляўковіча (ААТ «Жацерава»), «серабро» ў Сяргея Пяткевіча (ААТ «Рубяжэвічы»), «бронза» у Алега Дубава (ААТ «Вялікі Двор»).

Цікавым выдаўся конкурс па фігурным ваджэнні веласіпеда, які таксама ўпершыню ўключылі ў летнюю спартакіяду. Не так і лёгка было прайсці ўсе этапы, асабліва выкруціць «васьмёрку». Практычна ўсе ўдзельнікі не абышліся без штрафных секунд. Безпамылкова і хутка прайшлі дыстанцыю пераможцы Юлія Вішнеўская з ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і Дзмітрый Маліноўскі з ААТ «Шашкі». Другія і трэція месцы занялі Святлана Гурская (ААТ «Вялікі Двор») і Віталій Тарабэш (ААТ «Жацерава»), Наталля Саўген (ААТ «Жацерава») і Аляксандр Пархімовіч (ААТ «Рочавічы»).

Немалы ўклад у агульную скарбонку ўнеслі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, якія таксама прымалі самы непасрэдны ўдзел у спартакіядзе – забівалі мячы ў вароты. У барацьбе за прызавыя месцы больш трапным быў дырэктар ААТ «Стаўбцоўскае ПМК» Аляксандр Пашкевіч. Другое месца ў Юрыя Тарасевіча (ААТ «Дзераўное»), трэцяе – ў Івана Краўчука (ААТ «Жацерава»). Старшыні прафкамаў паказвалі майстэрства ў дартсе. Перамагла Вікторыя Райская з ААТ «Вялікі Двор», пры гэтым толькі яна адна мела ў сваім арсенале «дзясятку». Марына Касматовіч (ААТ «Агранёманскі») і Жанна Навіцкая (ААТ «Рочавічы») сталі прызёрамі.

Апошнім праводзіўся конкурс па перацягванні каната. Сабраліся разам усе балельшчыкі, якія акружылі шчыльным кальцом месца правядзення спаборніцтваў. Эмоцыі, як і заўжды, зашкальвалі. Кожнаму хацелася «выцягнуць» перамогу. Удалося гэта зрабіць волатам з ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Другое і трэцяе месцы – за асілкамі ААТ «Агранёманскі» і «Каганец».

Па выніках усіх відаў спаборніцтваў пераможцай спартакіяды ў чарговы раз стала каманда ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Дзве другія прыступкі п’едэстала занялі каманды ААТ «Вялікі Двор» і «Жацерава». Яны ўзнагароджаны кубкамі, дыпломамі і каштоўнымі прызамі. Пераможцы ў асабістых і камандных выступленнях атрымалі дыпломы, медалі і падарункі.

Салодкія падарункі ўручаны ўсім дзецям, якія прымалі ўдзел у конкурсе спартыўных сем’яў, а іх бацькам – каштоўныя падарункі.

Арганізатарамі спартакіяды выступілі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, Аграпрамысловы саюз, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, адзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Надзея БАТАЛКА

НА ЗДЫМКАХ: чарговы раз перамагла каманда ААТ «Радзіма Якуба Коласа»; першы намеснік старшыні райвыканкама,начальнік райсельгасхарчаДзяніс Колясень уручае падарункі дзецям; самы трапны – дырэктар ААТ «Стаўбцоўская ПМК» Аляксандр Пашкевіч; каманда ААТ «Вялікі Двор» заняла другое месца; прызёры конкурсу – «волаты ААТ «Агранёманскі»; на дыстанцыі – Вадзім Казлоўскі (СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс»); прыз за трэцяе месца ў спартсменаў ААТ «Жацерава»; на валейбольнай пляцоўцы; фінал па міні-футболе.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *