Прафілактычная акцыя

Апавяшчальнік. Служба 101, 112 Нумары

У ПАЛЯВЫМ ЛАГЕРЫ

Нязвычная карціна на лясной паляне: шарэнгі хлопчыкаў і дзяўчынак у параднай форме, страявыя прыёмы ды чаканячы крок.

Гэта актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, юныя выратавальнікі Міншчыны, сабраліся на вадасховішчы ў Плешчаніцах на ХIII абласны палявы лагер «Юны выратавальнік» і злёт Мінскага абласнога аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных.

Злёт толькі пачынаўся, але яго ўдзельнікі ўжо ўсведамлялі: яны ўсе – пераможцы, таму што жыццё актывіста Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных напоўнена сяброўствам і імкненнем самаўдасканальвацца. Стаўбцоўшчыну на гэты раз прадстаўлялі вучні ДУА «Дзераўнянская сярэдняя школа» – спартыўныя, творчыя, мэтанакіраваныя хлопчыкі і дзяўчынкі.

Згодна з жараб’ёўкай (а нашай камандзе выпала выступаць пад нумарам адзін), яны толькі паспявалі пераходзіць і перабягаць з месца аднаго выпрабавання да другога. Была прэзентацыя палатачнага гарадка, сапраўдныя палявыя вучэнні, конкурсы: насценгазет, знатакоў АБЖ, па аказанні першай даўрачэбнай дапамогі, песні і строю і, у завяршэнне, – «Хіт бяспекі».

– Часу хапала толькі на тое, каб перавесці дыханне. Аднак нашым байцам не прывыкаць. Мы ж прыехалі за вынікам, – падкрэслівае інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей.

А вынік, зрэшты, добры. Наша каманда заняла восьмае выніковае месца з больш чым дваццаці. Акрамя таго, камандзе дасталіся дыплом першай ступені па футболе, дыплом другой ступені — па валейболе.

Хочацца верыць, што дзераўнянскім рабятам гэты «плешчаніцкі тыдзень» падарыў «крылы» – упэўненасць і веру ў свае сілы.

Пр

 

ІСКРА НА ЛЕСАЗАВОДЗЕ

На тэрыторыі РУП «Навасвержанскі лесазавод» прайшлі тактыка-спецыяльныя вучэнні па напрацоўцы навыкаў у барацьбе з вогненнай стыхіяй.

У аснову тактычнай ідэі вучэнняў легла правядзенне зварачных работ, у выніку чаго адбылося ўзгаранне ў будынку старога лесацэха. Пажар пачаў распаўсюджвацца па ўсім будынку. Узнікла пагроза яго перакідвання на суседнія пабудовы. Плошча пажару да моманту прыбыцця пажарных аварыйна-выратавальных падраздзяленняў склала 190 м2.

Як адзначыла інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч, для ліквідацыі ўзгарання на лесазаводзе былі прыцягнуты сілы і сродкі згодна з трэцім нумарам выкліку, у колькасці 17 адзінак тэхнікі. Гэтага было дастаткова, каб ліквідаваць ачаг у мінімальныя тэрміны.

У ходзе вучэнняў асабовы састаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях справіўся з пастаўленай задачай і прадэманстраваў свае навыкі ў барацьбе са стыхіяй.

Пр

 

КУРЭННЕ – ПРЫЧЫНА ПАЖАРАЎ

З правераных за апошні час у планавым парадку аб’ектаў паўсюдна было зафіксавана такое парушэнне, як курэнне па-за спецыяльна адведзенымі для гэтага месцамі.

На філіяле КУП «Мінскаблдарбуд» – ДРБУ № 135 дапускаецца курэнне непасрэдна ў бытавым памяшканні. На аб’ектах ААТ «Вішнявецкі-агра» кураць, верагодней за ўсё, там, дзе захочацца. Не выконваюцца, на жаль, гэтыя важныя рэжымныя мерапрыемствы і на будаўнічых пляцоўках ПМК-233, у ведамасным інтэрнаце, дзе жыльцы прыстасаваліся курыць пад лесвічнай клеткай.

Што датычыць іншых парушэнняў, то на аб’ектах ДРБУ № 135 дапускаецца эксплуатацыя ўчасткаў электраправодкі, пафарбаваных маслянай фарбай, і свяцільнікаў з лямпамі накальвання без ахоўных шкляных плафонаў, адкрытых размеркавальных каробак. Аналагічныя недахопы характэрны і для ААТ «Вішнявецкі-агра». На МТФ дымаходы ацяпляльных катлоў выкананы з дапамогай металічных трубаў. Больш таго, у Мархачоўшчыне эксплуатуецца збожжасушыльны комплекс, які не прыняты прыёмачнай камісіяй. У фірменным магазіне гаспадаркі ў Новым Свержані дзверы эвакуацыйнага выхаду былі ў рабочы час на замку. У інтэрнаце ПМК-233 запасны выхад (пад лесвіцай) увогуле закладзены цэглай. Акрамя таго, адсутнічаюць планы эвакуацыі па паверхах, разукамплектаваны пажарныя краны ўнутранага супрацьпажарнага водазабеспячэння на першым і трэцім паверхах. Месцы для курэння не абсталяваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі, адсутнічаюць пажарныя шчыты.

За выяўленыя парушэнні кіраўнікі і службовыя асобы прадпрыемстваў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ,

інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *