З вадою – заўсёды на «вы»

Нумары РАНС інфармуе

Лета радуе нас цёплым надвор’ем. А значыць, ізноў становяцца актуальнымі правілы паводзін на пляжы і на вадзе. На жаль, статыстыка сведчыць: не ўсе з належнай увагай адносяцца да ўласнай бяспекі на вадзе.

З пачатку купальнага сезона на Стаўбцоўшчыне абарваліся на вадзе жыцці двух чалавек, немясцовых жыхароў. Страшная трагедыя здарылася 26 чэрвеня ў Лельчыцкім раёне, дзе выратавальнікі дасталі з вады целы двух братоў, 1997 і 2000 гадоў нараджэння, і іх сябра 2000 года нараджэння. Усе трое напярэдадні вечарам пайшлі рыбачыць на раку Сцвіга…

Паважаныя бацькі! Накіроўваючыся з дзецьмі да вады, патлумачце ім, як трэба сябе паводзіць, каб не трапіць у бяду. Паколькі дзеці «капіруюць» паводзіны дарослых, у першую чаргу самі строга выконвайце гэтыя правілы.

Забаронена заплываць за знакі агароджання і папераджальныя знакі, купацца і ныраць у забароненых і невядомых месцах, купацца ў стане алкагольнага ап’янення, скакаць у ваду з дамбаў, прыстаняў, катараў, лодак і плытоў, перамяшчацца ў лодцы з месца на месца пры катанні, а таксама падаваць фальшывыя сігналы бедства, забруджваць і засмечваць вадаёмы.

У ваду неабходна заходзіць паступова. Не варта купацца нашча або адразу пасля прыёму ежы. Ні ў якім разе нельга быць у вадзе падчас навальніцы! Пры дальніх заплывах эканомна расходуйце свае сілы, давайце сабе адпачынак. Не адплывайце далёка ад берага на надзіманых матрацах і кругах. Калі плаваеце дрэнна, трымайцеся бліжэй да берага, каб у любы момант дакрануцца да дна нагамі.

Не варта доўга быць у вадзе – гэта можа выклікаць пераахаладжэнне арганізма. Найбольш спрыяльныя ўмовы для купання – яснае бязветранае надвор’е, прагрэтае да +25 С і вышэй з тэмпературай вады не ніжэй за + 18 С. Калі адчулі дрыжыкі, неадкладна выходзьце на бераг і рабіце кароткую, але энергічную прабежку.

НА ДАПАМОГУ                                                          

Даволі частае здарэнне на вадзе – сутарга. У такім выпадку дзейнічайце згодна з прапанаванымі ў інфаграфіцы рэкамендацыямі.

Калі вы бачыце, што некаму неабходна дапамога, кіньце яму выратавальны круг або доўгую вяроўку з вузлом на канцы. Калі ёсць лодка, падплывіце на ёй і паспрабуйце аказаць дапамогу. Калі плаваеце добра і наблізіліся да пацярпелага, абхапіце яго ззаду за плечы і пастарайцеся пазбегнуць яго сутаргавых спробаў ухапіцца за вас. Калі ж той, хто тоне, у непрытомнасці, цягніце яго да берага, узяўшы рукою за падбародак такім чынам, каб яго твар пастаянна знаходзіўся над паверхняй вады. Неабходна выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу і неадкладна прыступаць да аказання першай медыцынскай дапамогі.

Параліч дыхальнага цэнтра наступае праз 4-5 мінут пасля пагружэння пад ваду, а сардэчная дзейнасць можа захоўвацца да 15 мінут, таму мерапрыемствы па аказанні дапамогі павінны аказвацца надзвычай хутка. Калі пацярпелы паспеў наглытацца вады або ў стане непрытомнасці, адразу неабходна выдаліць ваду з яго лёгкіх. Для гэтага яго кладуць жыватом на валік (бервяно) або на калена так, каб галава звешвалася ўніз. Затым рэзка ціснуць раскрытымі далонямі між лапатак. Паўтараць гэту працэдуру неабходна да таго часу, пакуль з рота пацярпелага не пацячэ вада. Калі ж дыхаць ён пасля гэтага не пачне, трэба неадкладна пераходзіць да сардэчна-лёгачнай рэанімацыі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *