Час ствараць

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Нярэдка мы жывём на адной вуліцы, а часам і нават у адным шматкватэрным доме з людзьмі, пра якіх не ведаем амаль нічога. А раптам па суседстве з намі знаходзяцца не абдзеленыя талентам, цікавыя асобы?!

Фотавыстава «Час ствараць» стала адметнай падзеяй у жыцці нашага горада. Інтэрактыўная пляцоўка аб фатаграфіі і фатографах з выставамі фотаработ, майстар-класамі, работай фотазоны, прэзентацыямі гасцінна адчыніла свае дзверы ўсім ахвочым ў раённым цэнтры культуры.

Паводле арганізатараў (а гэта Павел Савіцкі і Вера Крамко), фотапляцоўка – адна з рэдкіх у Стоўбцах магчымасцяў для маладых фатографаў заявіць пра сябе, пазнаёміцца, абмяняцца вопытам і проста весела і з карысцю правесці вольны час.

Фатографы-пачаткоўцы выставілі і паказалі свае лепшыя работы ў жанрах партрэта, пейзажа, рэпартажа. Прэзентаваныя на выставе працы не аб’яднаныя агульнай тэматыкай. У кожнага з маладых людзей сваё асаблівае бачанне фатаграфіі як мастацтва, іх работы вылучаюцца сваёй арыгінальнасцю, творчай задумай, аўтарскім падыходам, эстэтычным густам. Бачна, што іх стваральнікі укладаюць талент і душу ў кожны свой твор, і ніводны з іх не падобны на іншы. Маладыя людзі ў большасці сваёй пакуль займаюцца фатаграфіяй як хоббі, для іх гэта перш за ўсё захапленне, жыццёвы запал, магчымасць паказаць свой мастацкі патэнцыял.

Арганізатар выставы Павел Савіцкі распавёў, што фотамастацтва праследуе яго з маленства, яно перайшло «па крыві і генах» ад бацькі. Асабліва цікавіцца малады чалавек рэпартажамі, ваеннай журналістыкай.

Маладыя фатографы вялі жывую гутарку. Юлія Маркоўская прызналася, што прыйшла на пляцоўку, каб знайсці таварышаў па духу, яна адкрыта для новых зносін, гатова дапамагаць і атрымліваць дапамогу пры стварэнні фотавобразаў. А Вольга Давыдава расказала, што для яе галоўнае, каб фатаграфія чапляла, несла эмацыянальны пасыл. Юлія Шлапкова таксама падзялілася сваімі меркаваннямі: «Цераз фота можна не толькі паказаць свае задумы, але і знайсці сябе, выразіць тое, для чаго не хапае слоў». Вераніка Валадзько зазначыла, што любіць фатаграфаваць людзей у горадзе, без падрыхтоўкі: «Самае цікавае, што на вуліцы ўсё зліваецца ў адну карціну, на гэта прыемна глядзець. Шмат людзей – у кожнага свой твар, кожны некуды спяшаецца, пра нешта сваё думае. Таму здымаць там – адно задавальненне».

На пляцоўцы панавала цёплая, сяброўская атмасфера. І гэта невыпадкова, бо сюды, у фае цэнтра культуры, завіталі ў той дзень не толькі многія сябры і блізкія майстроў, а і проста цікаўныя, пераважна маладыя людзі. Творчая моладзь актыўна знаёмілася, была адкрытай і шчырай на выказванні.

Пачэснае месца сярод гасцей выставы заняў найцікавейшы чалавек – Васіль Зянько – фотарэпарцёр, публіцыст. Яго журналісцкі стаж складае амаль 50 гадоў. Працуе ён ў Стаўбцоўскай раённай газеце «Прамень». Актыўна супрацоўнічае з рэспубліканскай прэсай. Аўтар фотаальбомаў «Скрыжалi», «Зваротны адлік», «Пазнаем Стоўбцы», зборніка аповедаў «Воўкавы віры». Дыпламант 52 конкурсаў і выстаў. Яго працы экспанаваліся ў Іспаніі, Германіі, Польшчы, Літве, Латвіі, рэспубліках СНД. Любімыя жанры – рэпартаж, фотанарысы, серыя. У рабоце – мінімальны, кансерватыўны. Спецыяліст сваёй справы, Васіль Васільевіч дзяліўся з маладым пакаленнем сваім жыццёвым і мастацкім вопытам, фатаграфічнымі хітрыкамі і нюансамі, распавядаў пра аспекты і тонкасці фотажурналістыкі.

На пляцоўцы таксама дзейнічалі тры фотазоны: летуценная драўляная агульная, «блакітнавоблачная» дзіцячая і ружова-аксамітная вясельная. Таму кожны жадаючы мог выбраць фон па сваім гусце і зрабіць памятнае фота.

Асобна працавала і зона стылю. Падчас свайго майстар-класа візажыст Анастасія Таяноўская вучыла ўсіх жадаючых прамудрасцям вячэрняга вясельнага макіяжу. Не проста цікава, але і вельмі пазнавальна было назіраць за стварэннем шыкоўнага вобраза нявесты.

Акрамя гэтага на выставе можна было наведаць майстар-клас па вырабе святочнага фотаальбома «з нуля». Вера Крамко (творчая майстэрня Babajkas) падзялілася з ахвотнікамі маленькімі і вялікімі творчымі сакрэтамі. Майстар паказала тэхналогію вырабу фотаальбома сваімі рукамі. Яна распавяла, што працуе над стварэннем такой прыгажосці ўжо больш за тры гады. Хаця спецыяльнай адукацыі Вера не атрымлівала, але жаданне дарыць нешта новае і незвычайнае людзям і любоў да рамёслаў дапамагаюць ёй ўвасабляць свае задумкі ў жыццё і ствараць сапраўдныя аб’екты мастацтва.

 Наталля БАНДАРОВІЧ,

фота аўтара і Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *