Пакуль без прызавой перспектывы

Нумары Спорт

Традыцыйным становіцца турнір па міні-футболе сярод супрацоўнікаў аблвыканкама і райвыканкама з Міншчыны. Летась каманда Стаўбцоўскага райвыканкама дабілася выхаду ў пяцёрку мацнейшых. Рэгулярныя трэніроўкі праводзіліся і сёлета. І вось выезд на занальныя спаборніцтвы ў суседнюю Узду.

Пачатак абнадзеіў. Нашы адолелі каманду Нясвіжа з лікам 2:1. Галы на рахунку Аляксандра Сарокі і Аляксандра Супруна. Аднак у сустрэчы з калектывам Клецка не пашанцавала. Некалькі выгадных момантаў меў, у прыватнасці, Дзяніс Колясень, але мяч трапляў у штангі, а не ў вароты. А вось трапны «выстрал» нападаючага кляччан стаў для гэтай каманды пераможным – 1:0. Першае месца нашы не занялі і ў фінал не выйшлі.

Што ж, спорт ёсць спорт. Для поспеху патрэбны тут і майстрэрства, і ўдача, аб чым сведчаць вынікі сустрэч першынства Еўропы па футболе, за якімі ўважліва сочаць многія. Толькі варта сказаць аб іншым. Згаданы турнір можна было б правесці і ў Стоўбцах. Усё ж спартыўная зала уздзенскай гімназіі, дзе ладзіліся спаборніцтвы па міні-футболе, і прастора, камфорт нашага ФАКа, як гаворыцца, дзве значныя розніцы. Спартыўным арганізатарам трэба загадзя клапаціцца, каб Стоўбцы сталі арэнай новых спаборніцтваў. Сапраўды, выдатная спартыўная зала фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзе могуць мерацца сіламі і валейбалісты, і баскетбалісты, і тыя ж футбалісты. Утульныя трыбуны, разлічаныя амаль на 400 гледачоў. А яшчэ плавальны басейн, таксама прыгодны для наладжвання спаборніцтваў даволі значнага маштабу. Задзейнічаць належна ФАК – гэта і інтарэс аматараў спорту, і пэўная акупнасць сродкаў, укладзеных у яго будаўніцтва.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *