Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны за апошнія два тыдні 19 шлюбаў. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 24 маленькія жыхары Стаўбцоўшчыны: двайняты Дар’я і Паліна Юрасавы, Мацвей Ажгірэвіч, Уладзімір Акіншаў, Арсеній Гацура, Павел Таяноўскі, Фёдар Старадубаў, Давід Клімовіч, Дзяніс Сушко, Міхаіл Шаплыка, Дар’я Жыбуль, Валерыя Унучак, Вікторыя Сахар, Софія Цвірка, Арцём Жарко, Уладзіслаў Куркоў, Павел Палавінкін, Яраслаў Альшэўскі, Елісей Бохан, Вераніка Рамановіч, Ігар Півавар, Ганна Казельская, Яраслаў Юрэль і Ксенія Баравік.   

Зямны шлях закончыўся для 33-х жыхароў раёна.  

У пажарнай часці згадалі два вогненныя здарэнні. Вечарам 1-га ліпеня адбылося загаранне гаража па завулку Камарова ў Стоўбцах. Агнём знішчаны аўтамабіль «Фольксваген-пола» 2015 года выпуску. На пажары быў выратаваны суседзямі 66-гадовы грамадзянін. З моцнымі апёкамі пацярпелы дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы. Прычына высвятляецца, матэрыял перададзены ў райаддзел міліцыі. У Заямным успыхнуў хлеў, папярэдне – ад удару ў дах пабудовы маланкі.     

Міліцыяй зарэгістравана 147 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 12 крымінальных спраў, у дзевяці з іх устаноўлены падазраваемыя. У Церабейным нецвярозы грамадзянін пагражаў падчас сваркі забойствам сваёй сястры. З падворка жыхара  Шашкоў скрадзены аўтамабіль «Міцубісі Лансер». У стаўбчаніна знік трус пароды «бельгійскі велікан». У магазін у Наваколасаве ўнадзіўся грабежнік – чатыры разы яму ўдалося адкрыта выхапіць з халадзільніка бутэльку піва і ўцячы.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйныя пратаколы ў адносінах да жыхара Дзяржынска і жыхара Дзераўной, якія знаходзіліся на вадаёмах у Скамарошках і Дзераўной (адпаведна) з забароненымі сродкамі рыбалоўства – сеткамі. Матэрыялы накіраваны ў суд, абодвум пагражае штраф ад 5 да 30 базавых велічынь з канфіскацыяй сеткі.

ДАІ выявіла 286 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 12 вадзіцеляў-бяспраўнікаў і чацвёра нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх, 34-гадовы механізатар ААТ «Дзераўное», рухаўся па вуліцы аграгарадка ў 22.20 на МТЗ-1221 з утрыманнем у крыві 2,2 праміле), 21 недысцыплінаваны пешаход.  

Санітарнай службай раёна забаронена рэалізацыя 12,65 кг прадуктаў, у тым ліку 9,7 кг – з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці, у магазіне ПГУП «Сахар Т. В.» у Дзераўной. Накладзены штраф у памеры 80 базавых велічынь.

«Хуткая» выязджала 248 разоў, у тым ліку шэсць сігналаў паступіла наконт асоб з алкагольным ап’яненнем.

 

Падрыхтавала

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *