З увагай да людзей

Нумары Соцыум

НЯЗМЕННЫ АКТЫВІСТ

Сваіх настаўнікаў помняць вучні і школа, а сваіх актывістаў — грамадская арганізацыя, якой яны аддаюць час і сілы. Жыхарка Стоўбцаў Лідзія Цярэшка – акурат з тых настаўнікаў-ветэранаў (у класах школы № 1 г. Стоўбцы, сённяшняй гімназіі, яна давала ўрокі самым маленькім вучням на працягу больш чым трох дзясяткаў гадоў) і актывістаў, таму што з 1993 года, як выйшла на заслужаны адпачынак, уступіла ў рады раённай арганізацыі інвалідаў па зроку. Нягледзячы на ўзрост і розныя балячкі, Лідзія Аляксандраўна з’яўляецца не толькі адным са старэйшых членаў гэтай грамадскай арганізацыі, а і яе нязменным актывістам – сакратаром праўлення на працягу больш чым 20 гадоў.

На апошнюю акалічнасць найперш і звяртае ўвагу старшыня раённай арганізацыі інвалідаў па зроку Аляксандр Клімаш:

– Гэта наш актыў, памочнік у рабоце, маральная падтрымка для многіх членаў арганізацыі.

Звычайна Лідзія Цярэшка сама спяшаецца да людзей, у тэрытарыяльны цэнтр на пасяджэнні клуба «Гады – не бяда», а тут – візіт да яе самой, у яе дом. Нагода для гэтага вельмі прыемная і значная – жанчыне споўнілася 80.

Сярод членаў дэлегацыі, якая завітала ў яе дом з кветкамі, – і маладая настаўніцкая змена гімназіі № 1. Юбілярша, прымаючы віншаванні, хвалюецца і шчыра прызнаецца: не чакала да сябе такой увагі. У яе адрас, акрамя слоў удзячнасці, гучыць мноства кампліментаў – за нязменную, непадуладную часу, жаночую прывабнасць, абаяльную ўсмешку, дабрыню вачэй…

Менавіта ў гэтых вачах, люстэрку шчодрай душы, знаходзіць жывы водгук боль і радасць усіх тых,  хто аб’яднаны ў раённую арганізацыю інвалідаў па зроку. На Стаўбцоўшчыне іх каля сотні чалавек. У каго праблемы са зрокам вялікія (сярод членаў арганізацыі ёсць увогуле невідушчыя), у каго – меншыя, аднак усе яны так ці інакш адчуваюць іх і вымушаны будаваць сваё жыццё з улікам рэальных магчымасцяў. Грамадская арганізацыя забяспечвае іх на зіму бульбай, дапамагае па меры магчымасці вырашаць іншыя праблемы.  

– Самае цяжкае – перажыць адзіноцтва, – засяроджвае ўвагу Лідзія Цярэшка. Так склалася, што ў жніўні мінулага года яна засталася адна ў кватэры. Пасля працяглай хваробы памёр муж. Больш за 11 гадоў цярпліва даглядала яна яго, перанёсшага інсульт. Каб аблегчыць стан хворага, сама навучылася рабіць уколы. На яе жаночых руках былі і застаюцца ўсе хатнія клопаты, догляд за агародам. Сёлета, як і ў мінулыя гады, Лідзія Аляксандраўна вырасціла на акне расаду памідораў. На гэта заўважае: «Памідорамі любіць займацца дачка, а я больш адданая градкам з агуркамі, буракамі, морквай, цыбуляй». Любіць гэту справу, якая не дае права сядзець і сумаваць.

Да матулі едуць з Мінску дачка з зяцем, а таксама ўнук, сястра з пляменнікамі. Лідзія Аляксандраўна, калі прыгадвае сваё пасляваеннае дзяцінства, юнацтва, абавязкова ўспамінае старэйшую сястру. У іх розніца – дзевяць гадоў, але тая замяніла ёй маці. Мама памерла, калі Лідзіі, самай малодшай у сям’і з чатырох дзяцей, было ўсяго 14. Запомнілася вайна. Калі пачыналася стральба, усе беглі хавацца ў якую-небудзь канаву. Пасля Навагрудскага педвучылішча працавала некаторы час на Гродзеншчыне, потым прыехала ў Стоўбцы. У аддзеле адукацыі ёй далі накіраванне ў школу № 1. Дырэктарам яе быў заслужаны настаўнік БССР В. М. Зуб. Для многіх пакаленняў стаўбчан Лідзія Цярэшка – першая настаўніца. А ўвогуле, калі азірнуцца, – жыццё не было простым, лёгкім… У дні юбілею Лідзія Аляксандраўна прыгатавала не толькі ўспаміны, а і святочны стол, з нецярпеннем чакала прыезду ў госці дарагіх ёй людзей.

Адзіноцтва, якое страшыць любога чалавека, не пагражае Лідзіі Аляксандраўне і па іншай прычыне.

– Кантактуем, дружым паміж сабою, – адзначае яна пра сваіх каляжанак па грамадскай арганізацыі. З Ірынай Міхайлаўнай Гайко, напрыклад, – яны калегі як па былой педагагічнай дзейнасці, так і па тым, што абедзве працуюць у праўленні. Не так даўно жанчыны разам пабывалі на аздараўленні ў спецыялізаваным санаторыі «Пад’ельнікі». І хаця ўрачы знаходзяць у яе пэўныя праблемы, самой ёй не верыцца ў свой узрост.

– Нават з арытміяй адчуваю сябе на гадоў дзесяць маладзей, – сцвярджае Лідзія Аляксандраўна. Зрок у яе няважны, аднак стараецца чытаць газеты, глядзець навіны па тэлевізары, каб быць у курсе спраў. Выпісвае і раённую газету. Унук, які працуе ў друкарні, таксама забяспечвае бабулю цікавым «чытвом». «Хачу дачакацца праўнукаў», – дзеліцца бабуля патаемным.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

ЗАЎСЁДЫ МОЖНА РАЗЛІЧВАЦЬ НА ПАДТРЫМКУ

Эфектыўнай формай работы з маладымі асобамі ва ўзросце 18-23 гады з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з’яўляецца дзейнасць клубаў па інтарэсах.

Ужо не першы раз для іх праводзіцца сумеснае пасяджэнне клуба маладой сям’і «Любавушка» і псіхалагічнай гасцёўняй «Мы разам».

Як правіла, пасяджэнне праходзіць за круглым сталом, што дае магчымасць зносін тварам у твар. Арганізатары такіх сустрэч імкнуццца максімальна скарыстаць час для аказання сацыяльна-юрыдычнай і сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі, што спатрэбіцца маладым людзям у сферы міжасабовых камунікатыўных зносін, дапаможа сфарміраваць уменні канструктыўна вырашаць канфліктныя сітуацыі, а таксама ў павышэнні ўзроўню псіхалагічнай культуры.

Юрысконсульт цэнтра Вольга Калдузава скіравала ўвагу на такую тэму, як шлюбны дагавор, акрэсліла ўсе юрыдычныя моманты яго заключэння і дзеяння.

Вельмі важныя моманты закранула ў сваім выступленні перад удзельнікамі сустрэчы спецыяліст па сацыяльнай рабоце Зінаіда Катлашэўская. Размова датычыла праблемы гульнявой залежнасці, так званай гэмблінг-залежнасці. У апошні час гэта адна з самых сур’ёзных праблем грамадства ва ўсім свеце. У Рэспубліцы Беларусь дзейнасць у сферы гульнявога бізнесу прызнана сацыяльна небяспечнай і знаходзіцца пад кантролем дзяржавы. У 2012 годзе прынята рашэнне аб увядзенні ў Беларусі механізму самаабмежавання фізічных асоб у наведванні гульнявых устаноў.

Удзельнікам сустрэчы былі раздадзены інфармацыйна-асветніцкія матэрыялы. Кіраўнікі клубаў улічылі пажаданні маладых людзей, на якія тэмы яны б хацелі, каб была звернута ўвага на наступных пасяджэннях. Раённы тэрытарыяльны цэнтр вядзе пасляінтэрнатнае сацыяльнае суправаджэнне маладых людзей, якія вярнуліся ў свой раён па дасягненні паўналецця. Спецыялісты цэнтра імкнуцца зрабіць больш разнастайнымі формы работы, каб мець кантакт з гэтымі маладымі людзьмі і аказаць ім рэальную дапамогу ў жыцці.

Сапраўды, вельмі важна інтарэсы, творчыя памкененні маладых людзей накіраваць у патрэбнае, грамадска важнае русла. Каб, сустракаючыся, аднагодкі адчувалі і зацікаўленасць, і падтрымку ў сваіх карысных справах.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *