Усё менш бар’ераў і стэрэатыпаў

Нумары Соцыум

«Грамадства паступова адыходзіць ад стэрэатыпу, што праблемы дзяцей-інвалідаў – гэта толькі матэрыяльная дапамога. Больш правільна даць ім магчымасць праявіць сябе і адчуць сябе карыснымі, забяспечыць прававой і інфармацыйнай падтрымкай», – лічыць старшыня Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» Ніна Ганісеўская.  

Сваю думку старшыня грамадскай арганізацыі падмацоўвае кантэкстам: «Раней як было? Людзей з інваліднасцю забяспечваюць матэрыяльнай, гуманітарнай дапамогай і – забываюць пра іх на пэўны час. А яны нічым іншым не заняты».

Змена стэрэатыпаў у адносінах і падыходах адбываецца як у свядомасці саміх маладых людзей з інваліднасцю і членаў іх сем’яў, так і на дзяржаўным узроўні. Рэспублікай Беларусь падпісана Канвенцыя аб правах інвалідаў. Канкрэтная работа вядзецца і ў нашым раёне. Да прыкладу, у райвыканкаме дзейнічае адпаведная камісія (членам яе з’яўляецца ў тым ліку і Ніна Ганісеўская), якая займаецца пытаннямі сацыяльнай абароны людзей з інваліднасцю, стварэннем безбар’ернага асяроддзя і т. п. Пра пэўныя зрухі сведчыць і адкрыццё ў тэрытарыяльным цэнтры майстэрняў – швейнай, мылаварэння, якія адкрываюць поле дзейнасці для людзей з інваліднасцю і тых, хто ажыццяўляе за імі догляд. Такім чынам можна зарабіць для сям’і лішні рубель. А патрэба ў грашах у такіх сем’ях надзвычай адчувальная.

Сёлета першы летні месяц у жыцці Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі выдаўся асабліва знамянальным. У першы дзень чэрвеня, калі адзначаўся Міжнародны дзень абароны дзяцей, была падтрымана традыцыя экскурсіі малодшых дзяцей у суправаджэнні бацькоў на благачыннае прадстаўленне ў Белдзяржцырк. Пазней для старэйшых дзяцей і іх бацькоў пад эгідай грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» была арганізавана паездка ў аграсядзібу «Дудзінка» Барысаўскага раёна. Аграсядзіба займаецца развядзеннем сабак пароды хаскі і прадастаўляе розныя забавы з удзелам гэтых чацвераногіх сяброў. Дзеці маглі зайсці ў вальеры, а таксама наведалі імправізаваныя мангольскія юрты, жыллё індзейцаў, унутры якіх створаны міні-музеі гісторыі і побыту.

Уся экскурсія ў «Дудзінку» сапраўды нагадала «караван забаў», пасля чаго камфартабельны турысцкі аўтобус узяў кірунак на Мінскае мора. А там экскурсантаў чакаў прыгожы беласнежны карабель «Вілія». Капітан разам з камандай запрасілі ў гадзінны круіз. Міма праплывалі маляўнічыя пейзажы, твар асвяжала вільготнае марское паветра. Пасажыраў карабля пацяшалі «іншапланецяне». Такая паездка не магла не пакінуць незабыўных уражанняў і ў дзяцей, і ў бацькоў. Адметна тое, што марскі круіз дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў праходзіў разам з іншымі звычайнымі пасажырамі, і гэта яшчэ раз падкрэслівае аднолькавасць іх патрэбаў і, галоўнае, усё большую даступнасць гарадской інфраструктуры для людзей з інваліднасцю.                               

Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» таксама правяло ў Мінску, на базе Міжнароднага адукацыйнага цэнтра, навучальны семінар, прысвечаны рабоце ў сацыяльных сетках, на канале YouTube. Стаўбцоўскую пярвічную арганізацыю прадстаўляла на ім Алена Друзік, кіраўнік гуртка тэрытарыяльнага цэнтра.

У той жа дзень на другім канцы Мінска, у Парку Перамогі, прайшоў фестываль, арганізаваны Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам сумесна з дабрачыннай камандай  «Крылы анёлаў». У парку з прыгожымі набярэжнымі і фантанамі ладзіўся канцэрт, спартыўныя спаборніцтвы для бацькоў, забавы для дзяцей. У рамках фестывалю была арганізавана выстаўка творчых работ стаўбчанкі Ганны Ганісеўскай. Сувеніры, жаночыя ўпрыгажэнні Ганна можа вырабіць на любы густ.

Давайце будзем больш уважлівымі да тых, хто жыве побач з намі, і падтрымліваць іх сваімі праектамі.              

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: падчас фестывалю для людзей з інваліднасцю ў Парку Перамогі.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *