Повязь часу

Нумары Панямонь

ПАМЯТНЫ ЗНАК, ДЗЕ БЫЛА ЦАРКВА

Кожны раз, калі ідзеш па вуліцы, не сённяшнім днём поўняцца думкі, не залятаюць у будучае, вяртаюцца да мінулага.

Вось тут была праваслаўная царква Мікалая-цудатворцы. Прыгожая, драўляная, на ўзгорку.  Званіца. Могілкі. Прыступкі. Толькі яны захаваліся, вядуць зараз у сельвыканкам.

Так хочацца, каб мястэчка Рубяжэвічы не страціла сваё былое аблічча, сваю гісторыю. Сэрца і розум дыктавалі: гэтае месца павінна быць азначана. Не адзін раз мы абмяркоўвалі гэты момант. У думках і на паперы рысаваўся від гэтага знака: камень, на ім крыж, які быў калісьці скінуты з купала царквы. Ён прымацаваны да каменя і «ўстае», бо вечнае знішчыць нельга. Яшчэ адзін камень – сімвал знішчаных могілак, абапал малыя камяні-помнікі і складзеныя кучкай каменчыкі, якія сведчаць аб нашай людской недасканаласці, купель – сімвал хрысціянскага жыцця, яна захавалася з часоў былой царквы. Тут трэба сказаць вялікі дзякуй Івану Пятровічу Бунчуку, які захаваў гэтыя царкоўныя рэчы і крыж. Ён шмат прыклаў сілы і ў адкрыцці новай царквы ў Рубяжэвічах, якая асвечана ў гонар Мікалая Цудатворцы.

Мясцовыя ўлады, да якіх мы звярнуліся, падтрымалі нашую ідэю і дазволілі «жыць» гэтаму памятнаму знаку. За што вялікая падзяка старшыні сельскага савета Але Антонаўне Стралкоўскай. Моцна рады, што айцец Мікалай падтрымаў нашу прапанову і быў аднадумцам у гэтай справе. Дырэктар ААТ «Рубяжэвічы» Андрэй Атрушкевіч, а таксама Анатоль Каразей, Мікалай Бондар, Віталій Дубінец дапамаглі вырашыць гэтыя пытанні з тэхнічнага боку. Сям’я Дым дапамагла аздобіць гэтае месца з эстэтычнага боку. Асноўную справу ад пачатку да завяршэння вёў Тадэвуш Сабалеўскі.

Напрыканцы чэрвеня адбылося асвячэнне гэтага месца і перазахаванне астанкаў, якія сабралі падчас правядзення зямельных работ. Былі побач праваслаўныя і католікі. Маліліся разам: хто ведае, можа яго продкі спачываюць тут. І таму, напэўна, была малітва і цішыня. Кожны думаў аб сваім, аднаўляў у думках свой радавод. І толькі часты павеў ветру кранаў нас кожнага, нібы абуджаў і нашэптваў: «Не забывай. Маліся. Думай аб сваёй душы.»  

Рамуальда САБАЛЕЎСКАЯ,

жыхарка вёскі Рубяжэвічы,

фота Рамуальды ДУБІНЕЦ

 

 

У ПРЫСТАНЬЦЫ, ДАЛЕЙ АД ЦАРСКІХ СЛУГ

110 гадоў таму назад, 9 ліпеня 1906 года, у Мікалаеўшчыне адбыўся першы нелегальны сход настаўнікаў.

Гістарычная падзея, якая стала хрэстаматыйнай, паколькі мае шырокае адлюстраванне ў мастацкай літаратуры. І найперш яна ўвасоблена ў сюжэце і вобразах трылогіі «На ростанях», п’есы «Забастоўшчыкі». Якуб Колас сам непасрэдны ўдзельнік таго дзейства, наступствы якога, відавочна, змянілі ягоны лёс. Хто ж мог лепш адлюстраваць перажытае, як не геніяльны творца. Спашлёмся і на іншыя дакументы, успаміны. І ва ўяўленні перанясёмся ў тыя гарачыя ліпеньскія дні больш чым векавой даўніны.

Прыстанька – так здаўна называлі маляўнічую мясціну на беразе Нёмана. Можа таму, што тут спынялі свой бег віціны, гружаныя таварам з далёкіх краёў. Ці мікалаеўскія плытагоны прымалі пакункі ў хустачках ад клапатлівых жонак. Няблізкі быў у іх наперадзе шлях, цяжкі, небяспечны.

На пачатку дваццатага стагоддзя (паэтычным сведчаннем Коласавай «Новай зямлі») «платы хадзілі і ў Прусы», бо «куды не трапяць беларусы?»

Ды гаротныя мікалаеўцы, якіх на нязвыклы для сялян промысел гнаў недарод нішчымнай зямлі, жадалі сваім дзецям лепшай долі. І ўжо на настаўнікаў вывучылі сваіх хлопцаў Міцкевічы, Сянкевіч, Мілюк, свяржэнец Самахвал.

Алесь Сянкевіч настаўнічаў на месцы, у Мікалаеўшчынскай школцы. Кастусь Міцкевіч на канікулы прыехаў з Верхмені Ігуменскага павета. Дома бавілі летні час настаўнікі-хлопцы з Кнотаўшчыны, Пясочнага, Шчорсаў. Пакінулі свае адрасы і больш далёкія – з Мінскага, Барысаўскага, Ашмянскага, Бабруйскага паветаў. Прынамсі менавіта Сянкевіч мог гукнуць кожнаму з надзённай патрэбы.

Менавіта найперш Алесю Сянкевічу прыпісваюць ідэю склікання нелегальнага настаўніцкага з’езда. Ён на той час быў, можна сказаць, самым палітычна свядомым. З’яўляўся членам РСДРП, паспеў «засвяціцца» ў паліцыі як актыўны падбухторшчык на рэвалюцыйныя выступленні ў «навальнічным» 1905-ым годзе. Што да Кастуся Міцкевіча, то яго ўжо ведалі як паэта. Нагадаем, што першы беларускі верш за подпісам Якуб Колас быў змешчаны ў тым жа 1906-ым у газеце «Наша доля».

Красаваў, выспяваў сунічнымі палянамі, гаманіў галасамі прыбярэжных касцоў Нёман. У Мікалаеўшчыну збіраліся настаўнікі. Хлопцы цёпла віталіся, спяшаліся парадаваць падарункамі. Найперш каго?

Антона Камароўскага, калегу, у якога якраз выдаўся дзень нараджэння. Але ж ці толькі дзеля гэтага спяшаліся за блізкі свет? Быў, вядома, іншы, яшчэ патаемны змест. Больш як 20 маладых людзей паселі за святочна прыбраны, застаўлены напіткамі і закускамі стол у будынку школы.

Не, тостамі і песнямі не маглі абмежавацца маладыя людзі, адукаваныя, дасведчаныя ў падзеях палітыкі, якія з маленства бачылі цяжкую, беспрасветную працу сялян, прыніжэнні, усур’ёз задумваліся аб змене існуючага рэжыму. А прыклад быў – на руках мелася праграма Усерасійскага саюза настаўнікаў, пафасна дэкларавалася, што ўдзел настаўніцтва ў барацьбе – абавязак перад Бацькаўшчынай. Вялікая Расійская імперыя бурліла, найперш інтэлігенцыя «бачыла дарогі да зямнога раю». Гэтак жа і настаўнікі ў Мікалаеўшчыне стараліся ачарціць уяўна шлях да светлай будучыні.

У школцы такія сходы праводзіць небяспечна. Дык на прыроду, на прыгожы бераг Нёмана, дзе лёгка гаворыцца, думаецца і пішацца! Дзякуючы шчыраванню паліцыі, засталіся для гісторыі дакументальныя пацвярджэнні – адозва і рэзалюцыя нелегальнага настаўніцкага з’езда. «9 ліпеня 1906 года, – пазначана ў рэзалюцыі, – група настаўнікаў Мінскай губерні ў колькасці 19 чалавек пасля абмеркавання праграмы Усерасійскага саюза пастанавіла, у прыватнасці: распаўсюджваць сярод настаўнікаў ідэю саюза, прыцягваць іх у дадзеную групу і садзейнічаць арганізацыі мясцовых груп, прымаючы пад увагу, што дасягненне намечаных у праграме мэт абсалютна немагчыма пры сучасным рэжыме. Група бліжэйшай мэтай пастанавіла актыўна змагацца за зацвярджэнне яго шляхам непасрэднага ўздзеяння на сялян, іх арганізацыі».

Вось такія бунтарскія памкненні на хвалі рэвалюцыйнага руху. Настаўнікі адукоўваюць, натхняюць сялян і разам ідуць на штурм царызму. Паліцэскі нарад не драмаў, хацеў адразу арыштаваць бунтоўшчыкаў, але неўзабаве змяніў намер. Магчыма, адступіў перад рашучасцю ледзьве не ўсёй шматлікай тады вёскі абараніць хлопцаў. А можа проста быў перакананы, што «рыбка далёка не ўцячэ, можна закінуць невад глыбей і шырэй».

Следству хапіла працы. Першыя ж санкцыі прымяніла вышэйшае педагагічнае ведамства. На пасяджэнні дырэкцыі савета народных вучылішчаў пасля разгляду справы аб мітынгу ў Мікалаеўшчыне было вырашана звольніць з работы настаўнікаў А. Сянкевіча, А. Райскага, А. Аляшкевіча, У. Міцкевіча, М. Янкоўскага, І. Фёдарава, А. Камароўскага, С. Самахвала, І. Лапцэвіча, К. Міцкевіча, Ф. Калечыца, А. Вайцяхоўскага, М. Пальчэўскага, В. Вікенця.

Найбольш «засвяціўся» ў гэтай справе Аляксандр Сянкевіч, які падпісваў пратаколы ў якасці старшыні з’езда. Але ён не стаў чакаць, калі павядуць пад ружжо, у засценак, зрабіў рашучы крок. Вось як паведамляла аб гэтым газета «Наша ніва» ў нумары ад 19 студзеня 1907 года: «Нашага вучыцеля А. Сянкевіча паліцыя хацела арыштаваць за тое, што ён стараўся адкрыць нам вочы на ўсе парадкі, яму ўдалося ўцячы ў Амерыку…» А вось сумнае паведамленне ў 20-м нумары «Нашай нівы» ад 25 верасня 1908 года: «Судовая палата 15 жніўня засудзіла ў крэпасць на тры гады кожнага з народных вучыцеляў: К. Міцкевіча, Безмена і Пятроўскага. Судзілі іх за тое, што яны хацелі зрабіць хеўру вучыцеляў і ўжо злажылі камітэт свой. «Наша ніва» страціла аднаго супрацоўніка свайго, вельмі здольнага беларускага народнага паэта Якуба Коласа, яго пасадзілі ў турму за вучыльскі сход на тры гады…»

Такое вось шчырае прызнанне, калі рэдакцыя яшчэ на пачатку ягонага літаратурнага шляху прадказала свайму таленавітаму супрацоўніку тытул народнага песняра. А ў камеры Мінскага засценка нараджаліся бессмяротныя радкі «Новай зямлі». На стагоддзі рэха падзей далёкай ужо сёння, больш чым векавой даўніны.

Памятаецца, як на адкрыцці мемарыяльнага знака, устаноўленага на беразе Нёмана, паэт, зямляк Якуба Коласа Мікола Маляўка дэкламаваў натхнёна: «У Прыстаньцы, далей ад царскіх слуг, на тайны з’езд настаўнікі сышліся. І Нёман запаволіў бег унізе, як аднадумец іх, як верны друг…»

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *