Слухайце… цішыню!

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

Так чамусьці здарылася, што ў навукова-тэхнічным, імкліва-рыначным  ХХІ стагоддзі многія з нас, зямлян,  адвярнуліся ад прыроды-матухны. Дайшло да таго, што дзеці нашы не могуць ужо ўявіць усход сонца, пачуць жураўліны клёкат і спеў жаўрука, пабываць на квітнеючым лузе  ці нават у  лесе маленства сваіх бацькоў і дзядуль.

А для нашых продкаў прырода была жывой істотай, крыніцай жыцця, радасці і натхнення. Прырода жыла з беларусамі супольна, і хлебароб ганарыўся тым, што ў яго ёсць свая зямля, а сам жыве разам з сям’ёй на ўлонні прыроды. Усведамленне роднай зямлі і яе прыроды як найвялікшай каштоўнасці ў нашых папярэднікаў было настолькі моцнае, што яны нярэдка звярталіся  да радзімы, родных мясцін як да маці, да Бога і прасілі ў іх дапамогі і благаславення.

Я лічу, што   хараство навакольнага свету і праца  на зямлі  – гэта  непадзельнае, вышэйшай красы адзінства. Родная зямля святая, яна надзелена нават звышпрыроднымі сіламі.  Бясспрэчна,  дзве самыя важныя  часткі, з якіх складаецца жыццё і яго глыбокі сэнс і хараство, – чалавек і прырода. Прырода – гэта найцікаваейшая энцыклапедыя, разгорнутая Богам  перад кожным з нас. Гартаць гэтую кнігу – гэта і ёсць шчасце! Дарэчы, і многія беларускія пісьменнікі  пакінулі  нам запавет: любіць і ахоўваць прыроду, разумна выкарыстоўваць яе багацці, ствараць вакол сябе прыгожае, захапляцца дзіўным хараством, што знаходзіцца вакол нас, але якое мы незаўжды ўмеем заўважыць і ацаніць.

На вялікі жаль, многія з  сучаснікаў   пачалі не толькі абыякава ставіцца да роднай прыроды, але і грэбаваць ёй.  Пагарда да навакольнага асяроддзя – гэта ганебна і не па-людску.  Суайчыннікі едуць у далёкія мясціны па экзотыку, а вось таго, што побач, упарта не жадаюць заўважаць.  А наша прырода-матухна прыгожая, сугучная душы і сэрцу і, канешне ж, унікальная. Калі трапляеш у цуд некранутай прыроды, адразу ўзгадваеш маленства, калі прырода была яшчэ больш чыстай і незаплямленай.

Гледзячы на нашу Бацькаўшчыну з вышыні, мы ўбачым агромністую пераважна лясістую раўніну. Захад і поўнач яе вышэйшыя, з моцна няроўнаю, узгорыстаю паверхняю зямлі.  Поўдзень жа  ўяўляе з сябе балоцістую роўную нізіну. Сярод зялёных пушчаў ды пясчаных узгоркаў блішчаць люстры азёраў. Серабрыстыя стужкі вялікіх рэкаў пераразаюць край ва ўсіх кірунках. Ад сярэдзіны Беларусі яны разбягаюцца ў два бакі, несучы свае воды ці то ў Чорнае, ці ў Балтыйскае мора…

Зблізку наша зямля выглядае інакш.   Але толькі таго, хто скрупулёзна  ўгледзіцца ў  нашу прыроду,  уважліва ўслухаецца ў яе жыццё, каго ахопіць яна сваімі тонамі і настроямі, той па-сапраўднаму здзівіцца багаццю і змястоўнасці яе формаў, глыбіні і значнасці яе трапяткіх і сонечных краявідаў. А яны, усе  прыгожыя,  змяняюцца ў нас вельмі хутка, амаль што  за кожным паваротам дарогі, ці нават сцяжынкі,  кожным узгоркам і лагчынаю. Так што родная зямля чакае вас ў любы час года ў вандроўку па Бацькаўшчыне!

Больш таго, на нашай зямлі пастаянна   рэалізуюцца цікавыя прыродаахоўныя праекты. У ХХ стагоддзі былі  створаны шматлікія дзяржаўныя запаведнікі і заказнікі. І ў ХХІ стагоддзі многае робіцца для  таго, каб прырода Бацькаўшчыны працягвала радаваць не толькі нас, але і нашых нашчадкаў.  А як жа інакш? Перед нашымі вачыма  сотні рэдкіх цудаў тварэння Божага,  назвы якіх гучаць як музыка: астранцыя вялікая, тафіэльдыя чашачкавая, кадзіла сармацкае, кохія шарсцістакветная.  Наша зямелька – гэта  і дзівосы нараджэння  лімнакалянуса, кугакаўкі барадатай,  шчырыцы жміндападобнай.  Куды ні  зірні  – казачнасць неапісальная!

Хіба не можа не парадаваць той факт, што разнастайная расліннасць займае звыш 93% усёй тэрыторыі Беларусі?! А лясы складаюць 1/3 зялёнага покрыву краіны (прычым у нашых  лясах растуць 28 парод дрэў і каля 70 відаў кустоў). Самыя распаўсюджаныя пароды – бяроза, сасна, елка і дуб. Дарэчы,  12% тэрыторыі Беларусі заняты балотамі, 16% – пад лугавой расліннасцю. На Беларусі –  больш за дваццаць тысяч рэк і больш  за дзесяць  тысяч азёр. Самае вялікае – возера Нарач, плошча якога каля  васьмідзесяці квадратных кіламетраў.

Наша прырода розная. Поўнач Беларусі, Віцебскае Паазер’е – гэта жамчужны край празрыстых азёр.   Дарэчы,  сам эпітэт «сінявокая» наша Айчына і атрымала перш  за ўсё з-за шматлікіх азёр Прыдзвіння. На поўдні па цячэнні ракі Прыпяць размешчана айчынная экзотыка, балоцісты рэгіён – загадкавае і таямнічае Беларускае Палессе.

У нас можна пачуць ці нават і ўбачыць каля  300  відаў птушак. А многія  чамусьці ў лес сёння спяшаюцца са смартфонамі і плэерамі, як у савецкі час з магнітафонамі. Пакіньце дома гэтае навукова-тэхнічнае «глупства»! У лесе трэба слухаць лес!

А ў тых рэгіёнах, дзе захаваліся ўнікальныя ландшафты, сустракаюцца рэдкія віды раслін і жывёл, былі створаны дзяржаўныя запаведнікі. У нас пяць запаведных тэрыторый. 

Нацыянальны  парк «Белавежская пушча» размешчаны на Брэстчыне. У 1992 г. згодна з рашэннем  ЮНЕСКА ён быў уключаны ў  Спіс Сусветнай спадчыны чалавецтва. Тут здолелі захавацца    дубы-патрыярхі,  узрост якіх больш як 500 гадоў. Радуюць вока тут і  векавыя ясені, сосны і елкі. Турысты могуць убачыць самую вялікую ў Еўропе папуляцыю зуброў і вялікіх падворлікаў.

Бярэзінскі біясферны запаведнік размешчаны на тэрыторыі Віцебшчыны. Быў створаны ў 1925 г. для аховы рэдкіх відаў раслін і жывёл, якія жывуць на поўначы краіны. На тэрыторыі запаведніка размешчаны самыя разнастайныя   прыродныя комплексы: лясы, лугі, вадаёмы і балоты.

Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» быў заснаваны ў  1995 г. на паўночным захадзе краіны.  Тут мы можам палюбавацца самымі прыгожымі азёрамі. 

Нацыянальны парк «Нарачанскі»  знаходзіцца на Міншчыне. Ён быў заснаваны ў  1999 г.  Больш як трэць яго тэрыторыі  пакрываюць цудоўныя сасновыя лясы. Калі гуляеш тут, быццам ў сапраўдную казку трапляеш.   Парк знакаміты і  сваімі  крыніцамі мінеральнай вады.

Нацыянальны парк «Прыпяцкі»  размешчаны  на поўдні краіны на Гомельшчыне.  Дарэчы, запаведнік у  пойме Прыпяці  існаваў  яшчэ з 1969 г.

Бог даў нам сапраўдную  поўню хараства прыроды.  У   яе простасці і сціпласці, прыхаванай сіле і любай прыгажосці, натхнёнасці, мяккасці, ласкавай пяшчотнасці  мы, беларусы,  лёгка пазнаём свой характар.  У роднай прыродзе – усе шэпты, рухі і гукі нашай душы.  Уся музыка нашых шчымліва рамантычных сэрцаў! На ўлонні нашай прыроды хутка змаўкаеш і заміраеш.  Пачынаеш проста захапляцца боскімі тварэннямі,  іх гармоніяй і суладдзем.

І трэба быць вельмі чэрствым, абыякавым чалавекам,  каб усяго гэтага не заўважаць, не любавацца гэтым.  Мне думаецца, што  менавіта такія простыя, але мілыя аб’екты прыроды-матухны  і надаюць сэнс нашаму жыццю, вучаць любіць, захапляцца, здзіўляцца нават  малому, бо ўсё вялікае з гэтага малога і пачынаецца. Прырода  сама паказвае, як трэба клапаціцца і берагчы тое, што ў нас ёсць.  Яно ж наша! Дык давайце берагчы прыроду, Настаўніка нашага, і ўсё тое, што нас акружае!

Прырода Беларусі цудадзейная  і гаючая. Няхай яна існуе ва ўсе стагоддзі!

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Фотазамалёўка Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *