Традыцыі

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

ПА НЁМАНЕ ПЛЫЛІ ВЯНОКІ ПЕСНІ «ПАНЯМОНІ»

Як і ў мінулыя гады, у Новым Свержані святкавалі вечарам 6-га ліпеня яскравае і паэтычнае народнае свята – Купалле.

Такая традыцыя пры актыўнай падтрымцы работнікаў Навасвержанскага Дома культуры працягвае жыць з году ў год. На яе ахвотна адгукаюцца і старэйшыя, і маладыя новасвяржане, для многіх з якіх купальскае святочнае дзейства дае магчымасць прадэманстраваць свой спеўны талент, пераўвасобіцца ў ролю загадкавых купалінак, якія плятуць з лугавых красак вяночкі і шукаюць у гэтую ноч цудадзейную папараць-кветку. Хочацца быць падобнымі на нашых прашчураў, якія пакланяліся ў гэту ноч сонцу, вадзе і расліннасці.

Свята пачалося з канцэртнай праграмы. Сцэнай для яе стала вулічная пляцоўка перад Домам культуры, а, фактычна, нічым не абмежаванае бліжэйшае наваколле. Яго зялёную аздобу вянчаў вялікі, як сонца, рукатворны вянок, упрыгожаны галінкамі пышнай гартэнзіі. Надвор’е пасля дажджу ўлагодзілася і не стала  перашкаджаць артыстам і гледачам ушаноўваць «макушку» лета, найважнейшую пару росквіту прыроды. З зацягнутага хмарамі неба толькі церусіў у такт музыцы дробны дожджык-акампанемент.

Па-дзіцячаму непасрэдна і задорна падзяліліся сваёй творчасцю ўдзельнікі дзіцячага харэаграфічнага калектыву «Знічка». Спявалі ад душы дзеці і дарослыя, салісты-аматары з вакальных калектываў. Кульмінацыяй стаў выхад народнага хору народнай песні «Панямонь». Верныя сваім традыцыям, «панямонцы» выступалі ў народных строях, адна за другою зацягвалі старадаўнія песні. Падчас іх не ва ўсіх вытрымалі ногі – яны самі пусціліся ў скокі.

Пасля такога «разагрэву» святочная працэсія на чале з гарманістам рушыла да Нёмана. Дзяўчаты-купалінкі – наперадзе з сімвалічным купальскім вянком. Яны зайшлі ў ваду і з добрымі пажаданнямі адправілі яго ў далёкае плаванне. Няхай гэта плаванне абавязкова будзе шчаслівым і прынясе спаўненне ўсіх мараў і спадзяванняў вяскоўцаў на добрую долю, доўгі век.   

А далей запалала для ўсіх ачышчальнае купальскае вогнішча. На беразе Нёмана быў загадзя падрыхтаваны вялікі касцёр, з матэрыялам для якога дапамог мясцовы лесазавод. У цэнтры над ім узвышалася чучала. Яно хоць і маляўнічае, але – сімвал злых сіл. Неўзабаве пад усеагульнае пацяшанне языкі полымя не пакінулі ад чучала і сляда. «Будзем вадзіць вакол вогнішча карагоды», – запляскала ў ладкі дзетвара.

Хармайстар Навасвержанскага Дома культуры Ала Янская, якая не першы год займаецца адраджэннем старадаўніх абрадаў на Стаўбцоўшчыне (сярод іх – «Тры ручнікі», «Першы прысад дзіцяці» і інш.), упэўнена: «Абрады нашых продкаў павінны жыць і развівацца, каб даць зразумець нашую знітаванасць, агульнасць мінулага і будучыні. Без мінулага, як вядома, не можа быць будучыні. У сваёй рабоце мы  шукаем людзей, якія могуць прыгадаць даўнейшае, падзяліцца сваім скарбам – успамінамі з культурнага жыцця і побыту беларусаў». 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПА НАТХНЕННЕ – У БІБЛІЯТЭКУ                                       

Як добра, што наша Шашкоўская сельская бібліятэка знаходзіцца побач са школай. Толькі празвініць званок з апошняга ўрока, як шумнай грамадой мы імчым на другі паверх Дома культуры.

Нам, старэйшым вучням, бывае не даступіцца да бібліятэкара з-за малышоў, якія, здаецца, акупіравалі гэтае памяшканне. Для іх тут створаны нават асобны пакой, дзе размясцілася вялікая колькасць цікавых і прыгожых кніг, дзіцячых часопісаў і газет, сабрана вялікая калекцыя кампакт-дыскаў з рознымі дзіцячымі фільмамі і мульцікамі, якія так любяць малышы. А колькі тут цацак! Яны, нібы казачныя героі, прама са старонак кніг шпацыруюць па бібліятэцы і чакаюць маленькіх чытачоў да сябе ў госці.

Бібліятэкар Л. А. Светагор, як чараўніца-казачніца, умее зацікавіць дзетвару інтрыгуючым аповедам пра сюжэт той ці іншай кнігі, падкажа новыя рубрыкі і конкурсы, якія друкуюцца ў часопісах. А то разам з дзятвой арганізуе чаяванне з вясёлымі гісторыямі і байкамі.

Для нас, старшакласнікаў, бібліятэка стала своеасаблівым цэнтрам нашага творчага жыцця. З Лідзіяй Аляксандраўнай можна пагаварыць на любую тэму, атрымаць слушную параду, знайсці адказ на хвалюючае пытанне, даведацца аб кніжных навінках, атрымаць рэкамендацыю аб тым ці іншым літаратурным творы. А яшчэ разам мы рыхтуем розныя мерапрыемствы.  Гэта віктарыны, паэтычныя імпрэзы, літаратурныя гадзіны. Асабліва спадабалася нам удзельнічаць у КВНе. У мінулым годзе каманда нашай школы, якую рыхтавала Лідзія Аляксандраўна, заняла другое месца на раённым этапе ў КВНе юных інспектараў дарожнага руху. А ў гэтым годзе наша каманда ўдзельнічала ў фестывалі КВН юных пажарных-выратавальнікаў, дзе на раённым этапе мы былі першымі, а на абласным – занялі ганаровае трэцяе месца. Колькі часу мы правялі ў нашай бібліятэцы, пакуль рыхтавалі праграму! Перачыталі гару кніг, перагледзелі і пераслухалі бясконцую колькасць відэаролікаў і музычных кампазіцый, спрачаліся, рэпетыравалі. Разам мы змаглі стварыць дастойную праграму, з якой і ўдзельнічалі ў конкурсе.

Л. А. Светагор вядзе дзіцячы літаратурны гурток » Каласкі», члены яго з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі  і пераможцамі шматлікіх літаратурных і паэтычных конкурсаў. Работы каласкоўцаў друкуюцца на старонках газет  «Прамень», «Зорька», часопіса «Бярозка».

Кожны раз, калі мы заходзім у прыгожае, утульнае памяшканне  бібліятэкі, нас абавязкова чакае новая кніжная выстава альбо імпрэза, паэтычная хвілінка альбо тэматычная літаратурная анталогія, свежая прэса і абавязкова ветлівая ўсмешка Лідзіі Аляксандраўны. Наша сельская бібліятэка – гэта месца, дзе пасялілася творчасць.

Надзея БІЗГЕНЬ,

вучаніца Шашкоўскай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *