Прафактыў вядзе за сабою

Нумары Паездкі, экскурсіі

Хто ўмее працаваць, той умее і адпачываць. Такую выснову можна зрабіць, калі прааналізаваць актыўнасць прафсаюзных камітэтаў прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

– З прафсаюзнымі камітэтамі супрацоўніцтва вядзецца даўно, але асабліва радуюць прафкамы прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу, – зазначае дырэктар Стаўбцоўскага бюро падарожжаў і экскурсій Леаніда Высоцкая. – Сёлета працаўнікамі ферм і палёў запатрабаваны разнастайныя экскурсіі па Беларусі і за яе межамі.

Да прыкладу, працаўнікі ААТ «Каганец» увасобілі сваё жаданне наведаць Смаленск. Работнікі ААТ «Вішнявецкі-агра» праявілі цікавасць да храмаў горада Мінска, а таксама пабывалі ў Свята-Елісавецінскім манастыры. «Агранёманцы» з’ездзілі ў музей пад адкрытым небам «Дудуткі», а «жацераўцы» выбралі Дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны і гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», дзе прынялі ўдзел у фестывалі «Баграціён», і т. п. У чэрвені прафсаюзны актыў раёна на чале са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў Галінай Лукашэвіч здзейсніў паездку ў Гродна, на Аўгустоўскі канал. Вынік гэтага турнэ ўжо відавочны – у турбюро пайшлі з прафкамаў заяўкі, каб паказаць і сваім працоўным калектывам адметнасці Гродна і Аўгустоўскага канала.

У новым сезоне бюро падарожжаў і экскурсій прапанавала новыя турысцкія маршруты. Да прыкладу, у сядзібна-паркавы турысцкі комплекс «Дукорскі маёнтак», паломніцкі тур да святой Матроны Маскоўскай. У Дукорскі маёнтак ужо праклалі шлях педагогі Коласаўскай школы, у паломніцкім туры пабывала зборная група ў складзе работнікаў аптэкі, аўтапарка і т.п. Попыт захоўваецца і на добра знаёмыя туры – у Мінск, Полацк, Сынкавічы, Жыровічы, на радзіму Якуба Коласа і турбазу «Высокі бераг», куды асабліва прыцягвае магчымасць адпачыць і стаць удзельнікам народна-абрадавых святаў, фестываляў.

Акрамя прадпрыемстваў, школ раёна ў ліку заказчыкаў турбюро значацца і ўстановы Нясвіжскага і Уздзенскага раёнаў, райкамы прафсаюзаў работнікаў адукацыі Клецкага, Дзяржынскага і Нясвіжскага раёнаў, Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт, Мінская дыстанцыя грамадскіх збудаванняў Беларускай чыгункі і інш.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *