Інавацыі, ініцыятывы, перспектывы

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

У «АГРАЦЭНТРА СУЛА» – СВОЙ «ПРАГНОЗ» БІЗНЕСУ

У ТАА «Аграцэнтр Сула», асноўная дзейнасць якога звязана з вырошчваннем харчовай бульбы, прааналізавалі свае»плюсы» і «мінусы» за мінулы год і, у выніку, з уласных даходаў выдаткавалі 300 тысяч еўра на набыццё сучаснай палівачнай машыны.

– Леташні сезон выдаўся засушлівы, з-за гэтага мы страцілі ва ўраджайнасці, – тлумачыць дырэктар Эдуард Янкоўскі. Пры гэтым дырэктарскі погляд скіраваны, што называецца, у самы клубень: – Пры якасным, нямецкім, насенні клубням элементарна не хапіла патрэбнай вільгаці. 

Сапраўды, бульба – культура, якая любіць «піць». Даказана навукай і вопытам нямецкіх, французскіх ды іншых вытворцаў, што 25-30 працэнтаў яе ўраджайнасці можна «вырасціць» за кошт паліву.

«Аграцэнтр Сула», створаны ў 2011 годзе – адносна маладое прадпрыемства. Аднак у сваёй амбіцыёзнасці яно не саступае і значна больш сталым, імкнецца заявіць пра сябе не толькі на Стаўбцоўшчыне, а і за межамі Беларусі. Штогод тут нарошчваюць аб’ёмы вытворчасці. Сёлета мяркуюць атрымаць не менш за 20 тысяч тон бульбы пры ўраджайнасці на асобных участках 600 ц/га. Высаджваюцца на ўсіх 450 гектарах, як вышэй згадвалася, клубні нямецкіх сартоў, прыдатныя для далейшай перапрацоўкі. Сярод іх – «гала», «джэлі», «румба», «рэд фэнтэзі». Насенне кладзецца ў глебу пасля сепарацыі (уборкі камянёў спецыяльнай тэхнікай, каб пры ўборцы ўраджаю пазбегнуць пашкоджанняў клубняў). У доглядзе за пасевамі прытрымліваюцца схемы абароны ад хваробаў з прымяненнем сучасных прэпаратаў. Вырашчаныя клубні захоўваюцца ва ўласным сховішчы з аўтаматызаванай кліматычнай сістэмай і, перш чым трапіць да заказчыка, праходзяць «перадпродажную» падрыхтоўку, а менавіта мыйку, шліфоўку і ўпакоўванне ў пакеты вагою ад 2,5 да 25 кг, у залежнасці ад заяўкі гандлёвай сеткі.

Адрузкі ажыццяўляюцца па ўсёй Беларусі і за яе межы – у Расію, Малдову, Сербію. Еўрапейскі рынак, як падкрэслівае Эдуард Янкоўскі, вельмі адказны, з высокімі патрабаваннямі адносна сертыфікацыі прадукцыі. Прапрацоўваецца пытанне і наконт паставак ва Украіну. Пры зніжэнні ў апошні час цаны на бульбу менавіта расшырэнне рынкаў збыту дазволіла «Аграцэнтру Сула» працаваць рэнтабельна, з перспектывай. Сакрэту ці сенсацыі тут няма: бульба высокай якасці, вырашчаная і захаваная з прымяненнем сучасных тэхналогій, заўсёды знойдзе на рынку свайго пакупніка. І паліў гэтай культуры – не толькі патрабаванне ўмоў надвор’я, а сусветная практыка, якая даўно даказала сваю актуальнасць значнай прыбаўкай да ўраджаю.

 «Дождж» у аўтаномным рэжыме

На пад’ездзе да Скамарошак, па абодва бакі дарогі, раскінуліся асноўныя бульбяныя палеткі «Аграцэнтра Сула». Іх выгляд не можа пакінуць раўнадушным. Радкі доўгія і роўныя, як струна (пасадкі вядуцца тэхнікай са спадарожнікавай навігацыяй). Бульбоўнік, не зважаючы на «трапічны» чэрвень, стаіць зялёны, увесь у квецені. Адцвіла толькі «гала», ранні сорт. Замест кветак на яе кустах ужо бутончыкі. «Кліенты ужо чакаюць гэту бульбу», – не хавае радасці Эдуард Янкоўскі. Сярод пасадак цягнецца траса для паліву – трохкіламетровая, з алюмініевых трубаў і, немалаважна, зборна-разборная,

– Паліў выкананы на 300 гектарах. Пойдзем на другі круг. Бульба асабліва любіць начны паліў, – зазначае майстар Міхаіл Літвін. У размове майстар заўважае і пра перамены, якія адбыліся ў яго жыцці: – Працаваў у будаўнічай арганізацыі электрыкам – прыйшлося перакваліфікавацца. Але работа цікавая, прываблівае новымі тэхналогіямі.     

Сістэма паліву ад вядомай італьянскай фірмы «Scova» дазваляе ажыццяўляць паліў у любы час сутак у аўтаматызаваным рэжыме, цалкам аўтаномна. За суткі магчыма «напаіць» каля 40 гектараў.

Як сцвярджае Эдуард Янкоўскі, «Аграцэнтр Сула» з’яўляецца першым у Беларусі суб’ектам гаспадарання, які набыў падобнае абсталяванне. Запуск яго праходзіў з удзелам прадстаўнікоў фірмы-вытворцы. Яны правялі на месцы навучанне работнікаў. 

На беразе сажалкі ў Скамарошках створана пляцоўка, з якой вядзецца забор вады.

Аграцэнтр атрымаў дазвол Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на спецыяльнае водакарыстанне. Тэрмін яго дзеяння – пяць гадоў. Гадавы аб’ём водаспажывання дазволены ў межах 190 тысяч м3.  Каб не парушыць экалагічны баланс, прадугледзелі шэраг мерапрыемстваў.

Сярод іх – абвалоўка і агароджанне месца водазабора дэлевай сеткай, устаноўка фільтра-абароны для малька і інш. Палівачная машына ўстаноўлена на жалезабетонных плітах. Дарэчы, калі на «машыне часу» высадзіцца на гэтых землях гадоў 40 назад, то таксама можна ўбачыць сістэму паліву, якая была ўкаранёна тагачаснай гаспадаркай-мільянерам – калгасам імя У. І. Леніна. І аб’ём водаспажывання быў вызначаны ў 269 тысяч м3 у год.

На абслугоўванні палівачнага абсталявання занята брыгада з пяці чалавек. У яе саставе прадугледжаны як начны, так і дзённы ахоўнік. «Сочым за работай абсталявання, станам трасы і парадкам на полі», – пералічвае свае абавязкі дзённы ахоўнік Віктар Мамчыц. Увага ж трактарыста-машыніста Віктара Лёсіка скіравана з самай раніцы на экран «палівачнага» камп’ютара. З яго дапамогай рэгулюецца ўзровень ападкаў, хуткасць паліву. Акрамя таго, намечана «перадыслакацыя» ў іншае месца катушак-бухтаў. У ходзе паліву шлангі з іх нясуць вільгаць на адлегласць да 600 метраў.   

Наперадзе – гарачы жнівень

Пачаць капаць бульбу ў «Аграцэнтры Сула» плануюць у сярэдзіне жніўня. Для гэтага ёсць свой парк сучаснай бульбаўборачнай тэхнікі. Пакуль яна цярпліва чакае свайго выхаду ў поле на вытворчай базе прадпрыемства. Нязвычна ціха і ў цэху перапрацоўкі бульбы. Толькі чуваць, як збіваюцца новыя паддоны для прыёмкі будучага ўраджаю. Старыя паддоны таксама прыдатныя, але іх мыюць і праводзяць дэзінфекцыю. Як правіла, у гарачую пару калектыў прадпрыемства папаўняецца за кошт сезонных работнікаў больш чым удвая.   

Сховішча холдынга (ён складаецца з двух прадпрыемстваў – «Аграцэнтр Сула» і «Сула плюс») разлічана на захоўванне 10 тысяч тон бульбы. Аснашчанае летась аўтаматычнай кліматычнай сістэмай, яно дазваляе захоўваць ураджай у свежым выглядзе да чэрвеня. У стратэгічных планах – узвядзенне яшчэ аднаго цэха па захоўванні бульбы. 

Стварэнне якасных умоў захоўвання бульбы – справа нятанная, аднак эканамічна выгадная. У першы летні месяц адзначаецца самая высокая рэнтабельнасць продажаў. За гэта бульбаводы называюць чэрвень залатым месяцам. Аднак, каб спаўна выкарыстаць гэты «бонус», трэба актыўна працаваць на працягу ўсяго года, так бы мовіць, перажыць гарачы жнівень, верасень. У сапраўднага гаспадара жыццё складаецца найперш з будняў, клопатных і нярэдка рызыкоўных, напоўненых думкамі пра будучы ўраджай, заўтрашні дзень.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,

фота аўтара

На здымках: 1. На бульбяным полі «Аграцэнтра Сула»: дырэктар Эдуард Янкоўскі гутарыць з майстрам Міхаілам Літвінам; 2. «Палівачны» камп’ютар абслугоўвае трактарыст-машыніст Віктар Лёсік; 3. Так выглядае камп’ютарны водазабор; 4. Гатовы да «перадыслакацыі» палівачныя бухты.

 

ЯГАДА ДА ЯГАДЫ

НаСтаўбцоўскімфіліялеААТ «Гарадзейскіцукровыкамбінат» набіраюцьтэмпягадныяііншыясезонныянарыхтоўкі.

Першыя сёлетнія запасы зроблены з клубніцаў, якіх сабрана ва ўласным садзе 7,6 тоны. Уся яна, як сцвярджае дырэктар філіяла Ала Кажухоўская, прыдатная для вырабу фруктова-ягадных напаўняльнікаў.

– Акрамя «сваёй» ягады, клубніц не закуплялі, – тлумачыць дырэктар. – Складана знайсці ў беларускіх пастаўшчыкоў такую ягаду, якая б адпавядала ўсім патрабаванням вытворчасці дадзенага віду прадукцыі. У сваім садзе мы вырошчваем пэўныя сарты клубніц і, да таго ж, маем пэўны вопыт догляду за імі.

У садзе перапрацоўшчыкаў заканчваецца збор чырвонай парэчкі, пачынаецца збор ураджаю чорнай парэчкі. Чорная парэчка таксама будзе масава закупляцца ў ААТ «Вішнявецкі-агра», фермерскай гаспадарцы «Мой сад». Ала Кажухоўская ўдакладняе, наколькі цэняцца смак і вітамінная каштоўнасць гэтай адметнай ягады. Паступіў заказ на пюрэ з чорнай парэчкі, як і на бярозавы  сок ад амерыканскай фірмы, і першая партыя гэтай прадукцыі ўжо адгружана за акіян. З чорнай парэчкі амерыканскія партнёры прадэгусціравалі, будучы на прадпрыемстве, морс – ён ім спадабаўся. Перапрацоўшчыкі выпускаюць, акрамя морса, і працёртую з цукрам чорную парэчку.

Нарыхтоўваецца маліна – чырвоная і жоўтая, запатрабаваная пераважна для выпуску фруктова-ягадных напаўняльнікаў і марожанага. Чарніцы закупляюцца, але толькі з класам ачысткі А (без «носіка» і «хвосціка»), таму што таксама ідуць для вырабу напаўняльнікаў. Неўзабаве пачнецца нарыхтоўка вішні. На падыходзе – і агуркі. Перамовы аб іх закупе праведзены з айчыннымі фермерамі.

Прадпрыемства ажыццяўляе нарыхтоўку сыравіны за ўласныя сродкі. Аб’ёмы нарыхтовак пакуль не агучваюцца, таму што невядома, якім будзе ўраджай на садавіну і гародніну. Нельга скідваць з рахунку і эканамічны фактар, а менавіта збыт прадукцыі.

– Магутнасці прадпрыемства дазваляюць нарыхтоўваць шмат, але галоўнае ў сучасных умовах – вырабіць і прадаць прадукцыю, – падводзіць вынік Ала Кажухоўская. – Вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі – фруктова-ягадных напаўняльнікаў – адкрывае ў гэтым плане вялікія перспектывы, аднак да ягады для гэтай вытворчасці прад’яўляюцца і адпаведныя патрабаванні.

Перапрацоўшчыкі шмат папрацавалі і для таго, каб па-сучаснаму ўпакаваць сваю прадукцыю. Яна разліваецца ў шкляную бутэльку, а таксама ва ўпакоўку bag-in-box,разлічаную на пяць літраў, з прыстасаваннем у выглядзе міні-крана, што асабліва зручна для прадпрыемстваў грамадскага харчавання, буйных гандлёвых сетак. І асартымент сокаў, выпушчаных ва ўпакоўцы bag-in-box, пастаянна расшыраецца. Гэта ўпакоўка падыходзіць і для разліву нектараў, папулярных у пакупнікоў. Саленні прадпрыемства выпускае ў вакуумнай упакоўцы ёмістасцю па 400 і 600 грамаў.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *