У радзільным аддзяленні УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» прайшла акцыя «Белая Русь» – з любоўю да дзяцей».
Маці, якія нарадзілі сваіх немаўлят у дні, калі адзначалася свята Незалежнасці (з 1 па 3 ліпеня 2016 года), атрымалі падарункі ад РГА «Белая Русь». У рамках акцыі нованароджаных прыйшлі прывітаць старшыня Стаўбцоўскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Жанна Лысая, намеснік старшыні РА РГА «Белая Русь» Валерый Пугач і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама Анастасія Віслаўская.
Госці душэўна павіншавалі маладых мамаў і іх нованароджаных дачок і сыноў (Наталля Дзягцярык нарадзіла дачку, і гэта ўжо яе другое дзіця. У Іны Крамко з’явіўся на свет яе першынец Максім. Лізавета Астрэйка нарадзіла хлопчыка Ягора, ён яе трэцяе дзіця. Анастасія Жак – дзяўчынку, сваё другое дзіця).
Шчаслівыя матулі атрымалі ў падарунак не толькі неабходныя рэчы па доглядзе за немаўлятамі, але і самыя цёплыя словы, душэўныя пажаданні гадаваць сваіх дзяцей моцнымі і здаровымі на карысць роднай краіны і яе светлай будучыні.
Бадай, кожная з матуль пацвердзіць, што з’яўленне на свет дзіцяці для яе – сапраўдны Божы дар. А нараджэнне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь у Дзень яе Незалежнасці – гэта добрая нагода для ўсіх нас яшчэ раз узгадаць, што наша моц у еднасці, імкненні да дабрабыту Радзімы і нашага народа, да стварэння шчаслівай будучыні для новага пакалення маладой Беларусі.
Наталля БАНДАРОВІЧ