Знітаваны адной прафесіяй

Нумары Сельская гаспадарка

Аляксандр і Марыя Булаш пазнаёміліся падчас вучобы ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Абодва займаліся на агранамічным факультэце. Неўзабаве ў маладых людзей узнікла ўзаемная сімпатыя і яны пачалі сустракацца. Праз год пажаніліся. Аляксандр якраз скончыў вучобу, а Марыя перайшла на апошні курс.

Аляксандра Булаша размеркавалі на працу ў ААТ «Агранёманскі», у родную гаспадарку, адкуль далі накіраванне на вучобу. Дзясяты год працуе ён аграномам-аграхімікам. Кіраўніцтва таварыства задаволена работай спецыяліста. Эфектыўнае выкарыстанне ўгнаенняў і догляд пасеваў  – адны з важнейшых тэхналагічных аперацый, якія Аляксандр Мікалаевіч непасрэдна курыруе. Як падкрэслівае намеснік дырэктара па раслінаводстве  Іван Скварчэўскі, такого выдатнага спецыяліста нялёгка знайсці. У атрыманні высокіх ўраджаяў усіх сельскагаспадарчых культур вялікая заслуга належыць менавіта гэтаму працавітаму і дасведчанаму ў сваёй справе чалавеку. І нездарма дырэктар таварыства выдзеліў сёлета Булашу ў карыстанне новую легкавую аўтамашыну.

– Мне прыходзіцца многа калясіць па палетках, ездзіць у розныя арганізацыі для афармлення неабходных дакументаў, выконваць іншыя неадкладныя  справы, – сказаў Аляксандр Мікалаевіч, – таму новая тэхніка якраз дарэчы. Работа мне падабаецца, ёсць магчымасць самарэалізавацца. Калектыў дружны. Працую з добрасумленнымі механізатарамі, якія ніколі не падвядуць. Гэта Віктар Семянько, Аляксандр Пухоўскі, Аляксей Пальчык, Міхаіл Мазюкевіч.

Работа на зямлі вабіла Аляксандра з дзяцінства. Вырас ён у вясковай сям’і, дзе сялянская праца была ў пашане. Падабалася садзіць расліны і назіраць, як яны растуць. І калі надышоў час  выбіраць прафесію, то ён не вагаўся і падаў дакументы ў сельскагаспадарчую ўстанову. У выбары не памыліўся і сустрэў там спадарожніцу свайго жыцця.

Марыя паступіла на трэці курс, бо мела за плячыма сельскагаспадарчы  каледж. Чаму гарадская дзяўчына, а родам яна са Жлобіна, звязала свой лёс з сельскай гаспадаркай?

– Спачатку канкрэтнай мэты на вучобу ў мяне не было, але потым вызначылася з прафесіяй. Да таго ж, гэта была сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова, дзе можна было атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, – сказала Марыя Віктараўна. –  Ну, а працягваць вучобу трэба было па спецыяльнасці.  І не шкадую, што зрабіла такі выбар. Усё мяне задавальняе. Хоць спачатку не вельмі падабалася ў вёсцы, сумавала па гарадскому жыццю, цягнула назад. Але прывыкла і цяпер нікуды адсюль не паеду.

Жыве сям’я Булаш у Залужжы, кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла дом. Растуць двое дзетак. Мацвей сёлета пойдзе ў першы клас, а Максіму споўнілася два гады – аддалі яго ў дзіцячы садок. Марыя Віктараўна выйшла на работу. Яна працавала ў гаспадарцы аграномам-насенняводам, а сёлета пайшла на павышэнне – займае пасаду намесніка начальніка раённай дзяржаўнай інспекцыі па ахове раслін. Гаварыць пра «хімію» ў сям’і сталі больш. Гэта тэма ўсплывае міжволі, бо ў хаце цяпер два спецыялісты адной прафесіі. Дарэчы, Марыя Віктараўна сцвярджае, што ёй пашанцавала ў жыцці, яе Саша – выдатны сем’янін, добры і спагадлівы чалавек.

Свабодны час, якога не так і многа, Аляксандр Мікалаевіч пасвячае дзецям. Хочацца і на рыбалку часцей выязджаць. Падабаецца гэты занятак, ды і старэйшы сын любіць рыбу палавіць. Але паехаць практычна не выпадае, бо графік работы даволі напружаны. А вось у Марыі Віктараўны сваё хобі – яна пячэ тарты з мастыкі. Сяброўка навучыла.

– У мяне ўжо больш за дзесяць відаў тортаў, якія магу спячы і паказаць, – расказвае жанчына. – Вельмі падабаецца здзіўляць выпечкай родных, знаёмых. І дзяцей, бо смак тортаў проста цудоўны.

Нядаўна Аляксандр і Марыя Булаш прымалі ўдзел у рэспубліканскім семінары па прымяненні сучасных сродкаў аховы раслін, які праходзіў у Ячонцы і быў арганізаваны нямецкай кампаній BASF. Падчас правядзення мерапрыемства і быў зроблены гэты здымак. На ім – маладыя, жыццярадасныя, поўныя сіл і энергіі маладыя людзі, гатовыя працаваць і будаваць будучае нашай краіны.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *