Страхаванне па беспрацоўі

Нумары Соцыум

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ініцыіруе страхаванне па беспрацоўі на выпадак страты заробку ў выніку банкруцтва наймальніка. Па гэтай тэме ў Доме прафсаюзаў адбыўся круглы стол з удзелам міжнародных экспертаў, прадстаўнікоў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, эканамістаў, фінансістаў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў беларускага Парламента.

Больш падрабязна аб сутнасці гэтай ініцыятывы расказвае ў інтэрв’ю нашай газеце старшыня раённага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Галіна Лукашэвіч.

– Галіна Аляксандраўна, чым выклікана актуальнасць падняцця гэтага пытання і яго абмеркавання?

– Гэтае пытанне напярэдадні абмяркоўвалася на рабочай сустрэчы ў кіраўніка дзяржавы са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Орда. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву нацыянальнага прафцэнтра вывучыць і прапанаваць найбольш дасканалы варыянт такога механізму ў нашай краіне.  На сучасны момант прафсаюзы занепакоены працэсамі, якія адбываюцца на рынку працы. Маецца на ўвазе ўзрастанне канкурэнцыі, прымусовая няпоўная занятасць, запазычанасць некаторых прадпрыемстваў па выплаце заработнай платы. Федэрацыя і галіновыя прафсаюзы чуйна рэагуюць на праблемы, якія ўзнікаюць у сацыяльна-працоўнай сферы выпрацоўкай спосабаў іх вырашэння ў цесным супрацоўніцтве са сваімі сацыяльнымі партнёрамі – дзяржаўнымі органамі і наймальнікамі. Асаблівую актуальнасць набывае пытанне дастатковасці тых страхавых механізмаў, якія павінны быць прыменены, каб змякчыць вынікі гэтых негатыўных момантаў на рынку працы.

– І ў чым заключаюцца новыя падыходы?

– Міжнародны вопыт сведчыць, што страхаванне па беспрацоўі і страхаванне на выпадак страты заробку па прычыне банкруцтва прадпрыемства з’яўляюцца дзейснымі мерамі абароны працоўных. У прыватнасці, удзельнікі круглага стала мелі магчымасць пазнаёміцца з вопытам работы ў дадзеным накірунку ў Літве і Латвіі. У Літве дзейнічае гарантыйны фонд на выпадак банкруцтва прадпрыемства. У гэты фонд усе юрыдычныя асобы, якія, згодна з заканадаўствам, могуць трапіць пад працэдуру банкруцтва, адлічваюць 0,2 працэнта ад фонду заработнай платы. З гэтых сродкаў работнікі прадпрыемстваў-банкрутаў атрымліваюць усе выплаты, якія належаць на падставе заканадаўства. Кіруе дадзеным фондам трохбаковы савет з прадстаўнікоў наймальнікаў, урада і прафсаюзаў. У Латвіі дзейнічае сістэма сацыяльнага страхавання па беспрацоўі, адлічэнні праводзяць наймальнікі і работнікі. Грашовая дапамога па беспрацоўі разлічваецца ў залежнасці ад працягласці страхавога стажу. Пры гэтым сістэма выплаты дапамогі па беспрацоўі мае абмежаванні па працягласці, што стымулюе чалавека на актыўны пошук работы.

Трэба адзначыць, што ў генеральным пагадненні паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2016-2018 гады замацавана абавязацельства бакоў працаваць над павышэннем дапамогі па беспрацоўі да ўзроўню бюджэту пражытачнага мінімуму. Федэрацыя прафсаюзаў ініцыіруе і страхаванне па беспрацоўі. Укараненне такога механізма патрабуе вялікай падрыхтоўчай работы. Найперш, патрэбна вызначыцца, якім павінен быць мінімальны страхавы стаж і працягласць перыяду выплаты дапамогі, як будзе фінансавацца сістэма страхавання. У Дзяржаўнай праграме садзейнічання занятасці насельніцтва разгляд пытання страхавання па беспрацоўі запланаваны на 2016-2017 гады. Удзельнікі круглага стала адзначылі своечасовасць ініцыятывы нацыянальнага прафцэнтра ў гэтым накірунку і падтрымалі неабходнасць укаранення падобнага ахоўнага механізма ў нашай краіне. Па выніках работы круглага стала плануецца выпрацаваць прапановы, якія будуць накіраваны з прафсаюзнага боку ўраду, а таксама ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2017 год для максімальнага ўзгаднення пазіцыі ўсіх сацыяльных партнёраў па гэтым пытанні.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *