Не дапусціць небяспечнага стану

Медыцына Нумары Соцыум

7 ліпеня прайшоў Дзень прафілактыкі алкагалізму. У калектывах праводзіліся гутаркі па гэтай вострай праблеме.

За пяць месяцаў бягучага года ў нашым раёне ад атручвання алкаголем і яго сурагатамі памерлі чатыры чалавекі, за аналагічны перыяд летась – 8. Усе гэта людзі працаздольнага ўзросту. Вось такая трывожная  статыстыка.

Алкаголь – гэта яд наркатычнага дзеяння, які ўздзейнічае перш за ўсё на клеткі  галаўнога мозгу і можа выклікаць вострае атручванне, часам небяспечнае для жыцця. Такое можа здарыцца пасля прыёму вялікай колькасці алкаголю ці яго сурагатаў.

Найбольш небяспечнай магчымасцю атручвання з’яўляецца ўжыванне этылавага спірту, а таксама яго сурагатаў. У тым ліку сродкаў бытавой хіміі, парфюмерных касметычных сродкаў, якія некоторыя прымаюць унутр, каб выклікаць ап’яненне. Пры цяжкіх атручваннях этылавым алкаголем назіраюцца глыбокія парушэннні дзейнасці цэнтральнай нервовай сістэмы, ажно да страты свядомасці.   Могуць адзначацца парушэнні дыхання  і сардэчнай дзейнасці, страта болевай адчувальнасці, часам сутаргі. Скура становіцца халоднай, вільготнай, твар барвовы, на бялках вачэй выразна відаць пашыраныя крывяносныя сасуды. Дыханне шумнае, зацяжаранае, пульс пачашчаны, артэрыяльны ціск прыкметна зніжаецца. Алкагольнае атручванне можа выклікаць цяжкія ўскладненні і смерць.

Меры даўрачэбнай дапамогі пры атручванні любым сурагатам алкаголю наступныя. Калі хворы ў свядомасці, неабходна неадкладна прамыць страўнік, даць яму выпіць вады, лепш з дабаўленнем у шклянку чайнай лыжкі пітной соды, і гэтым выклікаць ірвоту. Пасля гэтага рэкамендуецца даць выпіць моцнага чаю. Хворым у несвядомым стане прамыванне страўніка могуць праводзіць толькі медыцынскія работнікі. Калі выклікалі «хуткую дапамогу», да яе прыезду неабходна пакласці хворага без падушкі, лепш на жывот, галаву павярнуць на бок, каб у дыхальныя шляхі не трапілі рвотныя масы.

Каб пазбегнуць атручвання алкаголем і яго сурагатамі, не прымайце ўнутр любыя заменнікі алкаголю, невядомыя спірты і лекавыя прэпараты, якія ўтрымліваюць этылавы спірт, самаробныя спіртныя напіткі.  І не ўжывайце алкаголь у вялікай колькасці.

Памятайце! Нельга вызначыць спіртаўтрымліваючы прэпарат па колеры і паху. Падманлівая самаўпэўненасць можа каштаваць вам жыцця.

Алкагалізм перамагчы можна толькі агульнымі намаганнямі. За дапамогай вы можаце звярнуцца да спецыялістаў ЦРБ у кабінеты 321, 302 ці па тэл. 5-02-35, 5-02-63 у рабочыя дні ці кругласутачна ў Мінскі абласны клінічны цэнтр «Псіхіятрыя-наркалогія» па тэл. (8-017) 202-04-01.

Амбулаторную наркалагічную дапамогу можна атрымаць ананімна (на платнай аснове). Кантактныя тэлефоны: (8-017) ці +375 (17) 331-90-74, 331-85-53, 331-85-88.

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ,

Валеолаг



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *