Вагавыя катэгорыі

Нумары Спорт

Хто больш-менш дасведчаны ў футболе, не можа не ўстрымацца ад свайго погляду на падзеі, якія разгортваюцца на спартыўных арэнах Францыі. І, зразумела, пераважна ў мужчынскай кампаніі і ўзнікаюць спрэчкі аб сімпатыі да пэўнай зборнай каманды.

Францыя ці Партугалія, Германія ці Італія – называюцца найперш калектывы, якія маюць традыцыйныя футбольныя заслугі. Але не толькі. Хто ж мог меркаваць, што каманды такіх невялікіх краін Еўропы, як Ісландыя і Уэльс, адолеўшы футбольных грандаў, падымуцца так высока і ў спартыўных рэйтынгах, і ў вачах мільёнаў прыхільнікаў.

І сярод заўзятараў, якія спяшаліся ў мінулы чацвер наведаць футбольнае дзейства на нашым гарадскім стадыёне «Юнацтва», не маглі не ўзнікнуць дыскусіі аб перыпетыях чэмпіянату Еўропы ды не толькі. Для Стоўбцаў жа таксама пэўная знакавая падзея – удзел у розыгрышы Кубка Беларусі. А сапернік – гродзенскі «Нёман», калектыў якога мае ў сваім паслужным спісе і прызавыя месцы ў першынстве рэспублікі, і перамогі ў спаборніцтвах за нацыянальны  футбольны Кубак і ўдзел у розыгрышах еўрапейскіх клубных турніраў. Сёлета, праўда, у гродзенцаў справы ідуць не надта гладка, каманда пакуль ніяк не пакіне непрывабнай пазіцыі аўтсайдэра ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Можа, ў гэтым ёсць шанц вызначыцца і для нашага «Нёмана-Агра»?

Пачатак саперніцтва абодвух «Нёманаў» быў адзначаны рашучым наступам на вароты сапернікаў кожнай з дружын. У «Нёмане-Агра» разганяў атаку тэхнічны, імклівы ў бегу Аляксандр Паляшчук, у штрафной пляцоўцы гродзенцаў стараўся знайсці сваю выгадную пазіцыю Дзмітрый Даўбейка. Актыўна падтрымлівалі нападаючых нашы паўабаронцы.

Дождж, які ўзмацняўся, можа крыху астудзіў парыў стаўбчан. А хутчэй за ўсё сказаўся больш высокі клас сапернікаў. Яны адказвалі вострымі выпадамі, умела камбінавалі, дакладнымі пасамі выводзілі да варот нашай каманды сваіх бамбардзіраў. І вось ігрок, на майцы якога значыцца нумар 88, галавой пасылае мяч пад перакладзіну. Пятнаццатая хвіліна матча – лік адкрыты.

«Павел Савіцкі!» – уздыхнулі дасведчаныя. Пра гэтага маладога іграка варта сказаць асобна. Менавіта яго спартыўная прэса называе сярод магчымых будучых зорак футбола Беларусі. Ён вызначыўся ў маладзёжных, юнацкіх зборных рэспублікі. Запрашалі яго знакамітыя футбольныя  клубы з Масквы, а ён паехаў у Польшчу. Цяпер жа вось зноў вярнуўся ў роднае Гродна. Дарэчы, Савіцкі стаў аўтарам яшчэ аднаго гола ў вароты стаўбчан. І без замены правёў увесь матч, то дакладнымі пасамі выводзячы на ўдарныя пазіцыі партнёраў, то сам выходзячы на вастрыё атак.

Дарэчы,  у саставе нёманцаў з абласного цэнтра ёсць і іншыя футбалісты, чые прозвішчы шмат што скажуць тым, хто пільна сочыць за футбольнымі падзеямі. Канцавы, Васілюк, Вяргейчык… Кірыл Вяргейчык і падвоіў лік на 30-й хвіліне матча.

У другім тайме нашы шмат стараліся пераламаць ход гульні, але галы забівалі толькі футбалісты з Гродна. Дождж узмацніўся, аднак ніхто не пакідаў трыбуны. Было зусім не сумна. Нягледзячы на мокрае поле, футбалісты стараліся паказаць увесь свой тэхнічны арсенал. Пераважна насядалі госці, шмат працы было варатарам. Дзмітрый Калоша ў першым тайме і Валерый Карніцкі, у духу ўзора з тэлетрансляцый першынства Еўропы, рабілі адчайныя «сэйвы», ратуючы свае вароты. Некалькі небяспечных удараў удалося і нашым нападаючым, на жаль, безвынікова.

Усё ж агульны вынік – 0:5 можа не ўсіх асабліва засмуціў. Аб’ектыўна ФК «Нёман» (Гродна) быў мацнейшым, спартыўным тэрмінам, ён знаходзіцца ў больш важкай катэгорыі. Нашы ж змагаліся як маглі. Толькі цяжка было стрымаць зладжаны наступ сапернікаў, а нашым нападаючым прарвацца праз атлетычны строй абаронцаў каманды з Гродна.

Спадзяёмся, што для футбалістаў «Нёмана-Агра» гэта быў урок больш класнага футбола. А для балельшчыкаў – і магчымасць убачыць гульню больш прэстыжнага турніра, атрымаць эмацыянальную разрадку. Парадавала, што пакуль яшчэ не поўнасцю, але абнаўляюцца трыбуны стадыёна «Юнацтва» зручнымі сядзеннямі. Былі адведзены, як зазвычай у цывілізаваным свеце, міні-сектары для фанатаў. І маладыя людзі гучнымі «речёвкамі» падбадзёрвалі футбалістаў.

З боку і юных стаўбчан, і гродзенцаў гучалі рыфмаваныя прызнанні, што «наш «Нёман» лепшы клуб футбольны». І гэта таксама аб’ядноўвала прыхільнікаў. «Футбол – гэта больш, чым гульня, але менш, чым жыццё», як геніяльна данесена ў славутай песні.

Ф. БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *