Лес павалены на 120 гектарах

Навіна дня Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

У апошнія дні ў Беларусі ў сувязі з моцнымі навальніцамі з градам і шквалістым ветрам аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. На Міншчыне ў эпіцэнтр стыхіі трапіў Дзяржынскі раён, аднак «прагулялася» яна і па нашым раёне. 

Каб аператыўна ліквідаваць яе наступствы, ва ўзмоцненым рэжыме працавалі дарожныя і энергетычныя службы, работнікі лясгаса, прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Стаўбцоўскім раёне, работнікі якога, дарэчы, выехалі на аказанне дапамогі ў Дзяржынскі раён, дзе ў іх калегаў значна большы аб’ём  работы. 

Па інфармацыі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, найбольш пацярпела менавіта тая частка Стаўбцоўшчыны, якая знаходзіцца бліжэй да Дзяржынскага раёна. Так, у Літве (ААТ «Рочавічы») зафіксаваны пашкоджанні даху на двух жывёлагадоўчых памяшканнях для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, на збожжаскладзе. 13-га ліпеня паваленымі дрэвамі была перагароджана дарога на Сулу, а ўвогуле, па ацэнцы лясгаса, пашкоджанні ў лясных масівах закранулі не менш як 120 гектараў. Фактычна на працягу дня заторы былі ліквідаваны дарожнікамі.

13-га ліпеня адключанымі ад электрычнасці аказаліся 12 населеных пунктаў. Электрычнасць была адноўлена энергетыкамі ў дзевяці населеных пунктах да канца таго ж дня, у астатніх – да раніцы 14-га ліпеня.   

– Да канца рабочага дня 13-га ліпеня да нас звярнуліся больш за 30 грамадзян з заявамі аб пашкоджанні стыхіяй іх жылога дома. У каго градам пабіла сайдынг, у каго сарваны з даху лісты шыферу, выбіты шыбіны і т. п., – паведаміла намеснік дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Стаўбцоўскім раёне Кацярына Канавал. – Нашы спецыялісты выязджалі на месца, рабілі агляд і фота пашкоджанняў, у бліжэйшыя два тыдні страхаўшчыкі атрымаюць страхавыя выплаты.

Страхаўшчыкі, у якіх заключаны дагавор на добраахвотнае страхаванне нерухомасці і маёмасці, прэтэндуюць і на кампенсацыю стратаў у выніку пашкоджанняў іх хлявоў, платоў, а таксама бытавых электрапрыбораў, якія падчас навальніцы былі пакінуты ў разетцы і выйшлі са строю ў выніку ўдара маланкі. Выплаты будуць ажыццяўляцца пасля звароту страхаўшчыка ў рамонтную майстэрню, прадастаўлення заключэння і дадзеных аб кошце рамонту.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Надзеі БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *