Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў: вылучэнне кандыдатаў

Нумары Тэма тыдня

Выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання пройдуць у Беларусі 11 верасня. Працэс вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пачаўся 3 ліпеня і прадоўжыцца па 1 жніўня ўключна. Вылучэнне кандыдатаў магчыма ад палітычных партый, працоўных калектываў, а таксама шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў.

Міжнародныя арганізацыі праяўляюць вялікую цікавасць да выбарчай кампаніі ў парламент Беларусі

Аб гэтым заявіў у Гродне на навучальным семінары для старшынь і членаў абласной і акруговых выбарчых камісій сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.

«Цяперашняя выбарчая кампанія праходзіць у асаблівых умовах. Яны звязаны ў першую чаргу з пільнай увагай міжнародных структур і арганізацый, якія імкнуцца наладзіць не толькі эканамічныя, але і палітычныя сувязі з Рэспублікай Беларусь. Наш крок у адказ – паказаць, што выбары і іншыя палітычныя працэсы ў нас праходзяць ліберальна, дэмакратычна, адкрыта і галосна, – лічыць Мікалай Лазавік. – Мы запрашаем прыняць удзел у назіранні за выбарамі міжнародных наглядальнікаў, прадстаўнікоў нават тых арганізацый, у якіх Беларусь не ўдзельнічае».

Другой асаблівасцю выбарнай кампаніі з’яўляюцца працэдурныя новаўвядзенні, накіраваныя на павышэнне празрыстасці выбарчага працэсу.

У заканадаўства ўнесены змяненні, якія датычацца і арганізацыі выбараў, і іх фінансавання, інфармавання выбаршчыкаў. «Лічу, што цяперашняя выбарчая кампанія будзе інфарматыўна больш насычанай», – адзначыў ён.

У іншым рэчышчы прайшло фарміраванне тэрытарыяльнай і акруговых камісій. «Кожная кандыдатура на іх абмяркоўвалася, праводзілася рэйтынгавае галасаванне, і сёння складана прад’явіць нейкія прэтэнзіі органам, якія фарміруюць камісіі, у плане галоснасці і дэмакратычнасці. Кожны, хто мае ў адпаведнасці з законам права прапаноўваць кандыдатуры ў склад выбаркамаў, гэтым правам мог скарыстацца, быў запрошаны на пасяджэнне аблвыканкама і прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, мог выказаць сваё меркаванне. Спадзяюся, гэтак жа дэмакратычна пройдзе фарміраванне ўчастковых камісій і вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты», – сказаў Мікалай Лазавік.

БЕЛАРУСЬ ТРЫМАЕ КУРС НА МАКСІМАЛЬНУЮ ДЭМАКРАТЫЗАЦЫЮ І АДКРЫТАСЦЬ

ВЫБАРЧАГА ПРАЦЭСУ

Аб гэтым паведаміў у Віцебску журналістам сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.

Гаворачы аб асаблівасцях цяперашняй выбарчай кампаніі, Мікалай Лазавік звярнуў увагу на тое, што гэтыя парламенцкія выбары пройдуць ва ўмовах змененага выбарчага заканадаўства і з арыентацыяй на рэалізацыю рэкамендацый міжнародных арганізацый і ў першую чаргу АБСЕ. «Мы ўзялі курс на максімальную дэмакратызацыю і адкрытасць выбарчага працэсу. Такая ўстаноўка дадзена арганізатарам выбараў па ўсіх абласцях. І я павінен у гэтым кантэксце з добрага боку адзначыць Віцебскую вобласць. Тут арганізатары паказалі прыклад, як трэба працаваць, каб зняць непатрэбныя абмежаванні і забароны. Чым менш забарон – тым больш свабодна могуць працаваць і члены ініцыятыўных груп, і агітатары, і самі кандыдаты ў дэпутаты», – сказаў сакратар ЦВК.

ШАНЦЫ НА ЎДЗЕЛ У ВЫБАРЧАЙ ГОНЦЫ ВЫШЭЙШЫЯ Ў ТЫХ, ХТО ВЫЛУЧАЕЦЦА ШЛЯХАМ ЗБОРУ ПОДПІСАЎ

Сур’ёзныя палітыкі, якія маюць намер змагацца за дэпутацкі мандат, будуць вылучацца ў кандыдаты шляхам збору подпісаў грамадзян. Такім меркаваннем падзяліўся ў Віцебску з журналістамі сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.

«Паводле закона, кандыдат у дэпутаты можа быць вылучаны ад працоўнага калектыву, ад палітычнай партыі і шляхам збору подпісаў. Сур’ёзны палітык, які мае намер змагацца за дэпутацкі мандат, абавязкова скарыстаецца спосабам збору подпісаў. Таму што ў час гэтага працэсу ён сустракаецца з выбаршчыкамі, вывучае іх меркаванні, выслухоўвае наказы і тым самым значна павышае свае шанцы на выбранне. Сур’ёзныя прэтэндэнты будуць актыўна займацца зборам подпісаў і для таго, каб данесці сваю праграму да выбаршчыкаў і атрымаць ад іх зваротную рэакцыю ў выглядзе наказаў», – падкрэсліў Мікалай Лазавік.

ФАРМАЛЬНЫ ПАДЫХОД ПРЫ ФАРМІРАВАННІ ЎЧАСТКОВЫХ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЙ НЕДАПУШЧАЛЬНЫ

Аб гэтым старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына заявіла ў час семінара-вучобы членаў акруговых выбаркамаў Мінскай вобласці па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання.

Семінар праходзіў у Мінскім аблвыканкаме. Лідзія Ярмошына размаўляла з членамі акруговых выбарчых камісій Мінскай вобласці пры дапамозе відэасувязі. Адной з асноўных тэм размовы стала фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій, што, на думку старшыні ЦВК, з’яўляецца больш важным і складаным працэсам, чым фарміраванне акруговых выбаркамаў. «Прашу вас правесці гэтыя пасяджэнні не фармальна. Усе кандыдатуры, якія вылучаюцца ў склады ўчастковых выбарчых камісій, павінны абмяркоўвацца», – звярнула ўвагу членаў акруговых выбаркамаў кіраўнік ЦВК. Паводле яе слоў, там, дзе няма конкурсу на ўключэнне ў склад участковай выбарчай камісіі, неабходна сцісла ахарактарызаваць кожную кандыдатуру, пасля чаго можна правесці галасаванне спісам.

Пры наяўнасці конкурсу неабходна прадстаўляць не толькі кароткія характарыстыкі, але таксама праводзіць галасаванне па кожнай кандыдатуры асобна, каб было зразумела, за каго прагаласавалі. У далейшым гэта можа з’яўляцца доказам у судзе ў выпадку абскарджання рашэнняў выканаўчых камітэтаў грамадзянамі або партыямі, прадстаўнікі якіх не трапілі ў склады ўчастковых выбарчых камісій. «Я разумею, што такі падыход патрабуе намнога больш часу. Тады правядзіце пасяджэнне, напрыклад, на працягу двух дзён, але яно павінна адбыцца менавіта ў такім парадку, і ні ў якім іншым. Ніякага спрашчэння!» – запатрабавала кіраўнік ЦВК.

Лідзія Ярмошына нагадала аб абяцанні, дадзеным міжнародным наглядальным структурам, перш за ўсё АБСЕ, па выніках назірання за выбарамі Прэзідэнта. «Зразумейце, калі штосьці будзе праведзена не так, гэта потым абавязкова трапіць у падагульняючае заключэнне наглядальнікаў. Нічога не застаецца без увагі», — асабліва падкрэсліла старшыня Цэнтрвыбаркама.

У ходзе семінара яна расказала, што максімальны склад участковай выбарчай камісіі можа ўключаць 19 членаў, мінімальны – пяць. «Вы ўжо самі на месцы вызначаеце, якую камісію ўтвараць, але вам абавязкова павінна хапіць выдзеленых на яе сродкаў. Сярэдняя колькасць участковых выбарчых камісій – 15 чалавек», – звярнула ўвагу Лідзія Ярмошына. У адпаведнасці з заканадаўствам участковыя выбарчыя камісіі павінны быць утвораны не пазней за 27 ліпеня.

Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама адзначыла, што Мінскі аблвыканкам і абласны Савет дэпутатаў з поспехам вытрымалі экзамен па ўтварэнні акруговых і Мінскай абласной выбарчых камісій. «Пасяджэнне прайшло дэмакратычна, свабодна. Былі выкананы ўсе рэкамендацыі Цэнтральнай камісіі па рэйтынгавым, канкурэнтным галасаванні па кожнай кандыдатуры ў склад аблвыбаркама. Гэта пасяджэнне ўжо атрымала высокую ацэнку міжнародных наглядальнікаў з Выканкама СНД, якія прысутнічалі на ім. Членам акруговых камісій ёсць на каго раўняцца. Лічу, што вы можаце атрымліваць кансультацыі непасрэдна ў вашым вышэйстаячым органе, а не толькі звяртаючыся ў ЦВК», – адзначыла ў звароце да членаў акруговых камісій Лідзія Ярмошына.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *