Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне дзевяць шлюбаў, зроблены тры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 13 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Дар’я Дзягцярык, Арцём Саладуха, Уладзіслаў Маркелаў, Вераніка Максімава, Багдан Бяляеў, Ангеліна Ажгірэвіч, Макар Маскалевіч, Дар’я Царагародцава, Дзяніс Шахоўскі, Іван Тарабонда, Аляксандра Скіба, Арына Шепцефраць і Дар’я Хаткевіч.

Зямны шлях закончыўся для 13-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі здарэнне ў Заямным, дзе ад удару маланкі ўспыхнуў хлеў. Агнём пашкоджаны дах пабудовы, яна выгарала знутры. У мэтах бяспекі сваёй нерухомасці падчас навальніцы варта шчыльна закрываць вокны, выключаць з разеткі электрапрыборы. Пры моцным парывістым ветры лепш не знаходзіцца на вуліцы, а ўкрывацца ў будынках.

Міліцыяй зарэгістравана 117 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджаны тры крымінальныя справы, у дзвюх з іх устаноўлены падазраваемыя. У Прудах непаўналетні ўзламаў замок на дзвярах хлява і завалодаў матацыклам «Мінск», учыніў на ім паездку, пасля чаго вярнуў на месца. У адносінах да грабежніка, які ў лютым бягучага года адкрыта выхапіў у жанчыны на вуліцы ў Старым Свержані сумку, заведзена яшчэ адна крымінальная справа — у выніку валтузні пацярпелая ўпала на асфальт і атрымала траўмы, якія выклікалі працяглае парушэнне здароўя.      

Суд асудзіў 28-гадовага стаўбчаніна, прызнанага вінаватым у парушэнні правілаў дарожнага руху і наездзе на пешахода, у выніку чаго апошні атрымаў траўмы, небяспечныя для жыцця: прыгавор яму – адзін год выпраўленчых работ па месцы працы з утрыманнем з заробку 15 працэнтаў, а таксама пазбаўленне права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі, на пяць гадоў. Аштрафавана на шэсць базавых велічынь 81-гадовая жыхарка Прудоў, якая, не будучы ІП, рэалізавала грамадзяніну бутэльку гарэлкі.

ДАІ выявіла 293 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў — пяць нецвярозых вадзіцеляў і 15 вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 18 недысцыплінаваных пешаходаў. Зафіксавана сем дарожна-транспартных здарэнняў, ва ўсіх абышлося без пацярпелых. 

Санітарнай службай знята з рэалізацыі ў гандлёвым аб’екце  індывідуальнага прадпрымальніка В. Н. Слабейка (Новы Свержань) 40 кг гародніны і садавіны ў сувязі з адсутнасцю дакументаў, якія пацвярджаюць іх якасць і бяспеку.

«Хуткая» выязджала на экстранныя выклікі 255 разоў, у тым ліку тры з іх былі да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Падрыхтавала

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *