Будаваць – укладваць у сваё заўтра

Нумары Факты, падзеi, людзi

Новыя жывёлагадоўчыя памяшканні – гэта дадатковыя прывагі, надоі і грашовыя сродкі гаспадаркі

На Стаўбцоўшчыне праходзіць нямала семінараў на розныя тэмы. Адзін з апошніх, «куставы», з удзелам прадстаўнікоў аблвыканкама, дзяржбуднагляду і дзяржбудэкспертызы, праектных інстытутаў, вытворцаў будаўнічых матэрыялаў і канструкцый быў прысвечаны тэме будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў, у першую чаргу – «клюшачнікаў» і сіласна-сянажных траншэй.

Першая частка семінара была выязной, з наведваннем МТФ «Апечкі» СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і малочна-таварнага комплексу ААТ «Вялікі Двор», што выразна акрэсліла яго практычную задачу – паказаць на канкрэтных прыкладах як будаваць якасна і папярэдзіць ад так званых тыповых памылак.

Рэгістрацыя ўдзельнікаў семінара праходзіла ў ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», дзе вітаў іх першы намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Колясень.  

Маршрутамі семінара 

МТФ «Апечкі» была ўключана ў праграму семінару невыпадкова. З мінулага года на ферме вядзецца маштабная рэканструкцыя, прычым – гаспадарчым спосабам, без паслуг падрадных арганізацый. На момант агляду на ферме працавалі 25 рабочых. Тэрыторыя не так даўно добраўпарадкавана новым асфальтам, а ў перспектыве мяркуецца зрабіць узорна-паказальнай усю ферму. Вырашана зрабіць тут паўнацэнны комплекс, з замкнутым вытворчым цыклам, які дазволіць тэхналагічна ўтрымліваць жывёлу і, урэшце рэшт, павялічыць дойны статак гаспадаркі ў два разы. Утрыманне яго плануецца сканцэнтраваць усяго на дзвюх фермах. Сёння на МТФ ужо пабудаваны дзве сянажна-сіласныя траншэі і «клюшачнік».

Па апошнім памяшканні госці прайшліся. Дабротнае, сучаснае, добра вентыляванае. Аднак не абышлося і без заўваг з боку прадстаўнікоў УП «УКБ Мінаблвыканкама». Датычылі яны выкарыстання драўляна-страпільнай сістэмы, у той час як ва ўмовах агрэсіўнага асяроддзя лепш аддаваць перавагу ацынкаванаму жалезу, адсутнасці дадатковай нарэзкі на падлозе, што ў будучым паслужыць прафілактыцы траўматызму жывёлы. Затое была звернута ўвага на тое, чым задзеланы вокны – гэта плюс у скарбонку апечкаўскіх будаўнікоў.

Варта сказаць, што вокны выраблены райаграсэрвісам, да якога пасля рэарганізацыі ў 2015 годзе быў далучаны сельскагаспадарчы філіял «Аталезь-агра». Прадпрыемства сутыкнулася з вялікімі аб’ёмамі будаўніцтва, што прымусіла пачаць асвойваць выраб вокнаў, канька, варотаў, стойлавага абсталявання. Цяпер гэта прадукцыя пастаўлена на паток, яе прапануюць набываць і іншым гаспадаркам (жывёлагадоўчае абсталяванне і іншую ўласную прадукцыю прадставіла падчас семінара і яшчэ адно прадпрыемства раёна – ААТ «Стаўбцоўская ПМК»).  

Дырэктар сельскагаспадарчага філіяла «Аталезь-агра» Аляксандр Дударэвіч і дырэктар ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Сяргей Мельнік, як іх прадставіў Дзяніс Колясень, – кіраўнікі маладыя, ініцыятыўныя, аднак вопыт вытворчы ім яшчэ трэба напрацоўваць. Іншая справа – дырэктар ААТ «Вялікі Двор» Вольга Луцык, якая займаецца разбудоўваннем і мадэрнізацыяй гаспадаркі не адзін дзясятак гадоў. Жывёлагадоўчыя памяшканні ўзводзяцца ў «Вялікім Двары» і сёлета, для чаго заключаны дагавор з падраднай арганізацыяй – РБУ. Вольга Аляксееўна падыходзіць да гэтых пытанняў вельмі ўзважана, па-гаспадарску, без захаплення «гігантаманіяй». Дзякуючы гэтаму, у яе не бывае даўгабудаў, а якасць будаўніцтва ідзе паралельна з пытаннямі бяспечнай эксплуатацыі.   

Адну важную акалічнасць падкрэсліў Дзяніс Колясень: усе аб’екты жывёлагадоўчага будаўніцтва на тэрыторыі раёна падмацаваны фінансава. Рэч у тым, што па выніках работы за 2015 год наш раён атрымаў своеасаблівыя грашовыя бонусы, якія размеркаваны на аб’екты, што будуюцца і мадэрнізуюцца. Дзейнічае залатое правіла: кіраўнік гаспадаркі мае права выкарыстаць гэтыя сродкі на набыццё канструкцый і будматэрыялаў, заробак жа работнікам трэба адшукаць у касе гаспадаркі.  

На кожны будынак –

бюджэтную падтрымку

– Перад Мінскай вобласцю стаіць комплексная задача – пабудаваць у гэтым годзе 148 «клюшачнікаў» і 221 сянажна-сіласную траншэю. Пытанне будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў знаходзіцца на кантролі аблвыканкама, – падкрэсліў падчас пленарнага пасяджэння першы намеснік старшыні аблвыканкама Ігар Макар.

Была акцэнтавана ўвага на тое, што на Міншчыне на адзін умоўны будынак з бюджэту выдзяляецца адзін мільярд (дэнамінаваныя сто тысяч) рублёў падтрымкі. Такой практыкі інвесціравання няма ні ў адной з іншых абласцей рэспублікі. Безумоўна, для завяршэння будаўніцтва гаспадарцы неабходна адшукаць і ўласныя сродкі. Гэта стымул да таго, каб лічыць грошы, шукаць шляхі патаннення.

Пра актуальныя праблемы, якія ўзнікаюць падчас будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў, і ішла канструктыўная размова на семінары. У мінулым годзе         многія з раёнаў, у тым ліку і Стаўбцоўскі, не асвоілі выдзеленыя сродкі і, такім чынам, не выканалі праграму будаўніцтва. Асабліва складаная сітуацыя з сянажна-сіласнымі траншэямі (з 221 запланаванай траншэі будуюцца толькі 78), хаця патрэбнасць у іх высокая. Па сутнасці, гэта кармавая база гаспадарак, якасць нарыхтоўваемых кармоў. Чаму так атрымліваецца? У гаспадарках адсутнічае праектна-каштарысная дакументацыя, не заўсёды ёсць зацікаўленасць займацца пытаннямі будаўніцтва. Кіраўнікам гаспадарак, старшыням райвыканкамаў дадзена магчымасць выправіць сітуацыю да бліжэйшай восені.

Для будаўніцтва  цяпер самая спрыяльная пара, таму неабходна тэрмінова павялічыць яго тэмпы. Наведванне аб’ектаў падчас «куставых» семінараў (яны прайшлі ў Слуцкім, Барысаўскім і Стаўбцоўскім раёнах) паказала, што ў кожным з раёнаў свае падыходы да арганізацыі будаўніцтва і архітэктурна-планіровачных рашэнняў. Аднак паўсюдна актуальныя пытанні звязаны з якасцю будаўніцтва. Многія ў пагоні за патанненнем адступаюць ад будаўніча-мантажных нормаў, СНІПаў, у выніку чаго атрымліваецца брак (найбольш распаўсюджаныя парушэнні пры будаўніцтве траншэй – дрэнна падрыхтаваная аснова, не адпаведнасць ухілам і т. п.). У сувязі з гэтым відавочна, што за ходам будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў павінен ажыццяўляцца кантроль з боку спецыялістаў упраўлення капітальнага будаўніцтва.

Намеснік генеральнага дырэктара УП «УКБ Мінаблвыканкама» Анатоль Шыманоўскі падзяліўся сваімі назіраннямі:

– Як ні дзіўна, кіраўнікі гаспадарак іншым разам не разумеюць сутнасць таго, дзеля чаго трэба будаваць. Асноўнае пры распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі – тэхніка-эканамічныя паказчыкі, і, калі кіраўнік падпісвае заданне на праектаванне, ён такім чынам дае даручэнне праектнаму інстытуту распрацаваць менавіта той праект, які патрэбен яму, які забяспечыць гаспадарцы і прывагі, і надоі, і грашовыя сродкі. Усё гэта кіраўнік павінен усведамляць. З гэтага пачынаецца работа ў сапраўднага гаспадара. Той, хто не будуе, пазбаўляе сябе ўпэўненага заўтрашняга дня.

На семінары было дадзена шмат тэхналагічнай інфармацыі і канкрэтных рэкамендацый, ішоў дыялог паміж усімі зацікаўленымі арганізацыямі. Неаднаразова гучаў заклік аб захаванні прыстойнасці ва ўзаемаразліках.

– Па выніках будаўніцтва жывёлагадоўчых аб’ектаў будзе дадзена ацэнка ўсім, хто мае да яго дачыненне, – папярэдзіў Ігар Макар. – За даўгабуд ці несвоечасовае асваенне бюджэтных сродкаў прыйдзецца несці адказнасць.

Вынікі

Выснова першая. Трэба будаваць. Некаторыя лічаць: навошта рызыкаваць, укладваць грошы ў праектна-каштарысную дакументацыю, калі невядома, ці будзе дадзена бюджэтная падтрымка? Калі ў гаспадарцы ёсць неабходнасць у аб’екце, трэба ісці на гэту рызыку. Як паказвае практыка, у патрэбны момант грошы знаходзяцца і ўсё робіцца для таго, каб укладанні ў будоўлю былі эфектыўнымі.   

Выснова другая. Да будаўніцтва павінен быць комплексны падыход. Значыць, будаваць трэба тое, што ў першую чаргу неабходна і што максімальна забяспечыць тэхналагічнасць МТФ,  дзейнасць фермы як вытворчага комплексу, дзе будуць і вынікі, і акупнасць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *