Маладзёжнае

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

ХТО НЕ ВЫТРЫМЛІВАЕ – ТОЙ НЕ ПЕРАМАГАЕ

У фізкультурна-аздараўляльным комплексе ў Стоўбцах прайшоў турнір па рукапашным баі сярод удзельнікаў клуба баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны», прысвечаны памяці Міхаіла Іванавіча Лянцэвіча.

Міхаіл Іванавіч Лянцэвіч – гэта чалавек, з якога пачалася гісторыя ДУА «СШ №3 г. Стоўбцы», які ўсё сваё жыццё аддаў таму, каб гэтая ўстанова адукацыі стала лепшай. Ён яе першы дырэктар, які самааддана працаваў дзеля высокіх дасягненняў  школы. Знамянальна, што першы турнір па рукапашным баі быў прысвечаны  памяці менавіта гэтага стойкага і мужнага чалавека.

Жыццё сучаснага грамадства ставіць сур’ёзныя задачы ў галіне выхавання падрастаючага пакалення. Сёння нашай дзяржаве патрэбна здаровая, смелая, ініцыятыўная, дысцыплінаваная, адукаваная моладзь, якая была б гатова вучыцца, працаваць на яе карысць, а ў выпадку неабходнасці – стаць на яе абарону. У гэтым напрамку працуе спартыўна-патрыятычны клуб баявых адзінаборстваў «Абаронца Айчыны». Ён з’яўляецца структурным падраздзяленнем раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, мае свой статут і кодэкс і дзейнічае з 1994 года пад кіраўніцтвам Рыгора Андрэевіча Мамайкі. Асноўная ідэя клуба – гэта сувязь пакаленняў, патрыятычнае выхаванне моладзі праз спартыўную падрыхтоўку.

Такім чынам, у фізкультурна-аздараўляльным комплексе прайшлі паўфінальныя і фінальныя баі і былі названы лепшыя. У турніры прынялі ўдзел каля 30-ці юных спартсменаў. Спаборніцтвы праводзіліся ў трох узроставых катэгорыях: 8–10 гадоў, 11–14 гадоў і 15–18 гадоў. Члены клуба прадэманстравалі на дыване, на што яны здатныя. Усе байцы імкнуліся да перамогі. Але камусьці не хапіла вопыту, хтосьці занадта рана выдаткаваў свае сілы і ў выніку – прайграў. Аднак безуважных у гэтым мерапрыемстве не знайшлося. Трыбуны залы фізкультурна-аздараўляльнага комплекса былі перапоўнены жадаючымі далучыцца да сапраўднага мужчынскага спорту. Балельшчыкі аднолькава падтрымлівалі ўсіх спартсменаў. Але на тое гэта і спаборніцтвы, каб вызначыць мацнейшых і назваць пераможцаў.

У самай старэйшай (і самай шматлікай) узроставай катэгорыі на вышэйшую прыступку п’едэстала падняліся: звыш 80 кг – Павел Пяткевіч  (16 гадоў), да 80 кг – Анатоль Рудзіш (18 гадоў). У катэгорыі 11–14 гадоў перамогу святкавалі Данііл Цішкоў (12 гадоў), Ілля Клімко (12 гадоў), Арцём Шынкоўскі (11 гадоў). У катэгорыі 8-10 гадоў пераможцамі сталі Максім Гінтаў (8 гадоў), Артур Таранаў (9 гадоў), Ілля Буката (9 гадоў).

З паказальным боем выступілі і дзяўчаты – Алена Пархімовіч і Антаніна Бойка. Яны прызналіся, што на сучасны момант у клубе ўсяго тры дзяўчынкі, таму часам даводзіцца выходзіць на дыван і з хлопцамі. Але самае галоўнае, што ўсе разам дзеці добра праводзяць вольны час у зале, а не за камп’ютарам.

Адзін з пераможцаў, Анатоль Рудзіш, падзяліўся, што ўжо два гады сістэматычна займаецца ў клубе, і жаданне да спорту мацнее з кожным днём. Яму падабаецца магчымасць раскрыць свой фізічны патэнцыял, разняволіцца, адчуць смак перамогі. Нават нягледзячы на тое, што хлопец ужо закончыў школу, прыпыняць заняткі і трэніроўкі не збіраецца.

Пераможцы і прызёры турніра былі ўзнагароджаны медалямі, памятнымі граматамі і прызамі, якія ўручала асабіста дачка М. І. Лянцэвіча Вольга Лянцэвіч. Яна падзякавала арганізатарам за ўшанаванне памяці свайго бацькі і выказала спадзяванне, што такога роду турніры стануць спартыўнай традыцыяй Стаўбцоўшчыны і ў будучым.

Супрацоўнікі цэнтра фізічнай і спецыяльнай падрыхтоўкі ваенна-патрыятычнага клуба «Абаронца Айчыны» аказалі практычную дапамогу ў судзействе турніра. Адным з суддзяў баёў стала майстар спорту па каратэ-до Святлана Шыш, знакамітая цяпер на ўсю рэспубліку, яна выпускніца клуба «Абаронца Айчыны»,

Арганізатар і старшыня клуба Рыгор Мамайка заўважыў, што на трэніроўках рабяты займаюцца не толькі рукапашным боем, але і агульнафізічнай падрыхтоўкай, акрамя таго – вучацца ваеннай справе. Кожны год выхаванцы клуба папаўняюць рады студэнтаў ВНУ міністэрстваў абароны, унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, а таксама элітных падраздзяленняў беларускай арміі (як напрыклад, выпускнікі клуба Яўген Грынюк, Андрэй Казак, Андрэй Скачко, Кірыл Ключнік, Вадзім Багдановіч, Дзмітрый Скачко і інш.).

Клуб дае дзецям першую пуцёўку ў самастойнае жыццё, рыхтуе адважных, вынослівых, сапраўдных абаронцаў сваёй Айчыны. А калі ўлічыць, што на сучасны момант 15 дзяцей – членаў клуба – з праблемных сем’яў са складанымі стасункамі, якія не заўсёды разумеюць куды і як правільна накіраваць сваю энергію, то можна ўпэўнена сказаць, што спорт змяняе іх лёс, паляпшае адносіны да сябе і іншых. 

Рыгор Андрэевіч прызнаўся: «Барацьба павінна быць на 100 працэнтаў сапраўднай, а не проста відовішчнай. Перад любымі змаганнямі трэба набіраць форму, не прапускаць трэніровак, і толькі так можна перамагчы. Стойкасць і ўпэўненасць, жаданне пратрымацца да канца – вось асноўныя характарыстыкі пераможцаў». Цудоўны трэнер, ён вучыць сваіх падапечных ніколі не апускаць рукі, не здавацца не толькі на полі бою, але і па жыцці. Хто не вытрымлівае – той не перамагае.

Мерапрыемства стала своеасаблівым падвядзеннем вынікаў трэніровак за навучальны год. Дзеці займаюцца даўно, і можна смела сказаць, што яны дасягнулі значных поспехаў. У наступным сезоне іх чакаюць яшчэ больш сур’ёзныя спаборніцтвы.

Можна канстатаваць той факт, што галоўная мэта спартыўнага мерапрыемства была дасягнута, расстаўлены правільныя акцэнты на патрыятычнае выхаванне моладзі, папулярызацыю здаровага ладу жыцця, прыцягненне людзей да актыўных заняткаў спортам, а таксама падрыхтоўку юнакоў да службы ва Узброеных сілах Беларусі.

Гэта першы турнір памяці М. І. Лянцэвіча, але ў планах у арганізатараў, працягваць іх з удзелам клубаў і камандаў з усёй вобласці, а то і рэспублікі.

Наталля БАНДАРОВІЧ

 

«САЛЮТАВАЛІ» ФАРБАМІ

Большасць водгукаў у сацыяльных сетках – станоўчыя, эмацыянальна-удзячныя. Гэта пра фестываль фарбаў «HOLIFEST», упершыню запрошаны ў Стоўбцы з нагоды Дня моладзі.

Удзельнікамі гэтага фестывалю на стадыёне «Юнацтва» сталі школьнікі, студэнты і нават дарослыя людзі, маладыя мамы з дзеткамі. Перапэцканыя і, адначасова, шчаслівыя, яны фарбамі «салютавалі» пад музыку сваёй маладосці і жыццёвай сіле, па-свойму самавыяўляліся і, накшталт тых індусаў, ад якіх пайшло падобнае дзейства з фарбамі, давалі забаўнае выйсце сваёй неўтаймоўнай энергіі. Самае цікавае – дзеянні з фарбамі (яны харчовыя і бясшкодныя, лёгка змываюцца) выконваліся ўсімі ўдзельнікамі адначасова, у адзіным парыве. Каб набыць фарбы, выстраілася чарга, а дзі-джэй і вядучы фестывалю «разагравалі» публіку песнямі і ўдалымі жартамі. Напрыканцы яны ўсе разам аказаліся на сцэне.

У Дзень моладзі фестываль фарбаў змяніла выступленне гурта «Дразды». Каля адной гадзіны артысты весялілі моладзь, а яна ім дапамагала. Танцавала, падпявала, забаўлялася і, пры гэтым, не хацела збаўляць тэмп адпачынку. За гэта шоу варта сказаць дзякуй спонсарам канцэрта: індывідуальным прадпрымальнікам і дырэктарам прыватных прадпрыемстваў Санжыеву, Кобрыку, Сазону, Пяткевічу, Лаўрыновічу, Мышко, а таксама дырэкцыі ААТ «Стаўбцоўская ПМК», ААТ «Стаўбцоўскі рйаграсэрвіс» і раённаму савету Аграпрамысловага саюза.

Арганізатарамі фестывалю фарбаў, канцэрта і праграмы дзі-джэяў, якая завяршылася ў Дзень моладзі за поўнач, выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённы камітэт БРСМ, раённы Цэнтр культуры.

2-га ліпеня, у рамках святкавання Дня Незалежнасці і Года культуры, дэлегацыя раёна прыняла ўдзел у «Дні вышыванкі», які ладзіўся ў Мінску на пляцоўцы ля Палаца спорту. Падтрымаць нацыянальныя традыцыі паехала і група майстроў народных промыслаў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – Аліна Халявінская, Валерый Чараднічэнка, Святлана Калкоўская, Ганна Дошчачка. Іх самабытныя вырабы з дрэва і бісеру, карціны аздобілі выстаўку-продаж.

– Насычаную праграму свята дапоўнілі канцэртная праграма «Арт-фолк» з удзелам зорак беларускай эстрады і маладзёжны артпарад пад сцягам з вышыванкай. У яго радах дружна крочыла моладзь розных абласцей рэспублікі, – расказала першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Моладзь Стаўбцоўшчыны прыняла ўдзел і ў абласным Дні моладзі, які праходзіў у Салігорску. А яшчэ гэтымі днямі на базе аздараўленчага лагера «Нёман» сваю дзейнасць працягвае педагагічны атрад імя І. А. Пліева. У канцы ліпеня выйдуць у поле маладзёжныя сельскагаспадарчыя атрады.

Адным словам, лета не толькі вясёлае, а і працоўнае.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

1 комментарий по теме “Маладзёжнае

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *