Дзе льецца Нёман срэбраводны

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край Факты, падзеi, людзi

Восьмага ліпеня ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна і ва ўрочышчы «Прыстанька» адбылося літаратурна-музычнае свята, прысвечанае 110-годдзю настаўніцкага з’езда з  уздзелам Якуба Коласа. Арганізатарам мерапрыемства «Дзе льецца Нёман срэбраводны» з’яўляецца Стаўбцоўскі райвыканкам. Удзельнікамі сталі прадстаўнікі раённай улады, установы культуры, настаўнікі школ Стаўбцоўскага і іншых раёнаў, бібліятэкары, беларускія пісьменнікі і паэты.

Свята пачалося з песні Яўгена Карпуця ў выкананні ансамбля «Коласавы землякі», якая падарыла цудоўны настрой удзельнікам мерапрыемства. З прывітальным словам усіх сустрэла дырэктар музея Якуба Коласа З. М. Камароўская, якая яшчэ раз успомніла, што адбылося на гэтым месцы 110 гадоў назад: «Ініцыятарам з’езда, які адбыўся 9 ліпеня 1906 года ў весцы Мікалаўшчына і ва ўрочышчы «Прыстанька» быў настаўнік Мікалаеўшчынскай школы Алесь Сянкевіч. У працы з’езда прынялі ўдзел Якуб Колас і Янка Маўр. Удзельнікі з’езда ставілі перад сабой мэту: змяніць існуючы рэжым. Яны вырашылі далучыцца да Усерасійскага саюза настаўнікаў, прыняць яго праграму, якая абвяшчала абавязкам перад Айчынай ўдзел у барацьбе з самадзяржаўем. Была прынята адозва да ўсіх беларускіх настаўнікаў. Дакументы з’езда трапілі ў рукі паліцыі, у выніку чаго тры яго ўдзельніка, у тым ліку Якуб Колас, былі асуджаныя на трохгадовае зняволенне ў крэпасці. Алесь Сянкевіч уцёк ад арышту ў Амерыку. Ён увайшоў у гісторыю і як прататып герояў рамана Аляксандра Фадзеева «Разгром» і трылогіі Якуба Коласа «На ростанях».

Намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама С. Я. Шэсцель выказаў словы падзякі ўсім прысутным, якія прыйшлі на гэту ўрачыстасць і захоўваюць памяць аб гэтай знамянальнай даце. Таксама слова мелі дырэктар Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Я. Коласа А. В. Жураўлёва; беларускі паэт, старшыня Мінскага аддзялення СПБ М. П. Пазнякоў; паэтэса А. А. Легастаева; паэт, празаік, перакладчык В. А. Шніп; настаўнік па прафессіі, паэт-аматар Я. В. Карпуць; паэты А. А. Камароўскі, М. А. Маляўка, Д. А. Дземідовіч.  Пасля ўдзельнікі і госці свята ўсклалі кветкі да бюста Я. Коласа і наведалі літаратурныя коласаўскія мясціны Альбуць і Смольню.

                                                              Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *