Мастацтва жыць

Захапленні Нумары

НАДАЦЬ ГОЛАС ГАРМОНІКУ

Мікалай Галенка ўпэўнены: «Захапленне гармонікам мне сам Бог даў».

І, мімаходзь адрываючы погляд ад незнаёмых мне прыладаў у сваёй кухні-майстэрні, ён працягвае: «Бацька мой некалі іграў так, што ўся вёска збягалася. Але ў рамонце музычных інструментаў ён не разбіраўся».

Мікалай Аляксандравіч адкладае ў бок прылады і бярэ ў рукі адзін з гармонікаў са сваёй дамашняй калекцыі. Перш, чым расцягнуць мяхі, цікавіцца: «Якую песню любіце? Я з дзяцінства іграю ўсё, што чую. На слых…»

Перада мной – унікальны музыка-самавучка, а таксама майстар па рамонце і вырабе гармонікаў і блізкіх з імі інструментаў – акардэонаў, баянаў. 

Амаль усё сваё свядомае жыццё Мікалай Галенка пражыў у Гомелі. Працаваў вадзіцелем домабудаўнічага камбіната. За больш чым 40 гадоў шафёрскага стажу аб’ездзіў усю Беларусь, перасёк да Волгі Савецкі Саюз. Сын з нявесткай падарылі яму ўнучку. У Стоўбцы прывяло яго каханне. Жаніўся на стаўбчанцы, з якой пазнаёміўся ў санаторыі.

– Не магу прывыкнуць да Стоўбцаў, – бядуе майстар. – Горад невялікі, ды і людзі  амаль не іграюць на гармоніках. Мастацтва гэта, на жаль, губляе папулярнасць. Чым цяпер цікавіцца моладзь? Навушнікі, планшэт – і больш нічога не трэба. За апошнія тры гады да мяне звярнуліся з просьбай набыць ці парамантаваць гармонік усяго трое мясцовых жыхароў. Запрашалі мяне пайграць на канцэрце ў Навасвержанскім доме культуры. А творчыя знаёмствы адбываюцца не дзе-небудзь на сцэне, а проста ў двары, у якім мы жывём. Адна маладая пара гуляла вяселле са старадаўнім абрадам «Тры ручнікі». Праходзячы міма, я сам прапанаваў: «Гарманіст трэба?» – «Канешне!».

– На вяселлі гарманістаў цяпер не завуць…

– Так. Раней я столькі адыграў вяселляў, вечарынак! У Гомелі доўгі час іграў у парку імя Луначарскага. Там збіралася многа такіх, як я, музыкантаў, маіх сяброў. Гучала музыка, а людзі пад яе танцавалі. У інтэрнэце, дарэчы, можна паслухаць тыя нашы канцэрты.

– Мікалай Аляксандравіч, музычнасць дадзена вам па генах. А адкуль жаданне ажыўляць музычныя інструменты?

– Неяк у маладыя гады набыў я сабе гармонічак, які патрабаваў рамонту. Майстар папярэдзіў: «Грыф зрабіць вельмі складана». А мяне гэта раззадорыла. Прыгадаў, што ў бацькі таксама ёсць гармонік, у якім разваліўся грыф. Вырашыў паспрабаваць зрабіць яго сам. А калі прынёс паказаць майстру тое, што атрымалася, ён не вытрымаў: «Ты ўмелец!» З тых пор стаў рамантаваць інструменты, збіраць новыя.

– Што самае складанае ў гэтай справе?

– Падбор неабходных матэрыялаў. Корпус абавязкова павінен быць альховы або яловы. Гэтыя дрэвы лічацца музыкальнымі. А яшчэ патрэбен бук, а ён у Беларусі не расце. Яго трэба знайсці. «Голас» інструменту неабходна надаць. Настройваю на слых і з дапамогай цюнэраў. З першым сваім гармонікам вазіўся  паўтара года! Па выхадных, пасля работы. Будучы на пенсіі, часу на хобі значна больш. Выточваю, пілую, свідрую. Натхнення ў мяне дастаткова і характар бацькаў – не магу сядзець без справы.

– Свае аўтарскія работы вы як-небудзь пазначаеце?

–  Калі рабіў першы свой гармонік, папрасіў мастака падабраць яму імя. Трэба было, каб па колькасці літар яно «села» ў  вызначанае яму «гняздо». У адказ мастак пацікавіўся, якія я маю ідэі. І толькі я пачаў тлумачыць, што, маўляў, усё жыццё мару зрабіць гармонік,  як ён ухапіўся за дзеяслоў «марыць». Так і нарадзілася імя для маіх гармонікаў. «Мара» –  гэта нібыта мая фірма. 

– Ваша фірменная «Мара» адрозніваецца адна ад другой – малюнкам, гучаннем, нават памерамі. Раскажыце пра сваю калекцыю.

– Раней у мяне было 12 гармонікаў. Цяпер засталося дзевяць. У кожнага з іх – свой непаўторны малюнак. Восем гармонікаў я сабраў з нуля. На любым магу зайграць. Са сваёй калекцыяй я не раз выстаўляўся на конкурсах і нават браў за такую прыгажосць першыя прэміі. Памятаю, як у кабіне майго грузавіка заўсёды «ездзіў» гармонік (на аб’екце маю машыну разгружаюць, а я іграю рабочым, і за нейкія паўгадзіны ўсё зроблена). У санаторый выпраўляюся – абавязкова бяру з сабою гармонік. Спецыяльна для гэтага выпадку ў мяне прадугледжаны «малы санаторны» вагою ў шэсць кілаграмаў. Там разам з іншымі адпачываючымі мы іграем, спяваем – хто на што здатны! Дзякуючы маёй спадарожніцы. У кожнага з гармонікаў з’явіўся свой чахол ці сумка. Цяпер стала зручна браць іх у дарогу. 

Відавочна, што Мікалай Галенка жыве сваім захапленнем, і гэтым цікавы іншым людзям. Сустрэнеш сярод шэрай будзённасці такога вясёлага гарманіста, гатовага безупынку іграць і расказваць розныя гісторыі, і адчуваеш, што і сам становішся іншым чалавекам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

 

ДОБРА, КАЛІ ЎРОДЗЯЦЬ БАРАВІКІ

Да налібаччанкі Марыі Дораш завіталі невыпадкова. Адрас падказаў старшыня сельвыканкама Аляксандр Пілінкевіч. Марыю Казіміраўну, як працаўніцу, у вёсцы добра ведаюць. Жанчына шчыравала ў жывёлагадоўлі трыццаць пяць гадоў. Перадавы аператар машыннага даення заўсёды была навідавоку. Спрытная, сумленная, адказная. Пра яе пісалі артыкулы, фотаздымак змяшчалі на Дошку гонару, уручалі граматы і падарункі.

– Машыну на той час купіла без чаргі, – не без гонару сказала падчас размовы Марыя Казіміраўна. – Заробкі ў мяне былі неблагія. Трымалі з мужам немалую хатнюю гаспадарку. І цяпер свіней кармлю. Ухаджаюся  з жывёлай, а ў вольны час, якога ў мяне застаецца нямала, раблю тое, што хачу.

Як высветлілася, Марыя Казіміраўна вяжа, вышывае, прадзе воўну, бо сядзець без справы на пенсіі не можа. Занятак прыносіць ёй радасныя хвіліны. Гэта своеасаблівая аддушына ў размераным вясковым жыцці пажылой жанчыны, якая зараз жыве ў хаце адна. Нямнога яе равесніц засталося ў вёсцы, таму асабліва перакінуцца словам і няма з кім. Прыходзіцца самой аблягчаць і ўладкоўваць свой быт.

А вязаць Марыя Дораш навучылася ў дзяцінстве, бо дапытлівая была і праяўляла цікавасць да ўсяго. Яшчэ дзяўчынкай, ва ўзросце сямі гадоў, яна з цікавасцю назірала за тым, як вязалі старэйшыя стрыечныя сёстры.

– Зайду да радні, а хаты нашыя стаялі побач, і гляджу, а так хочацца самой паспрабаваць, – успамінае Марыя Казіміраўна. – Прасіла, каб паказалі мне, але сёстры не дапускалі. Крыўдзілася на іх, лезла на печ і жаласліва галасіла.

Тады ўжо знімалі і цярпліва вучылі. Пераняла навуку хутка. А яшчэ вышывала крыжыкам, толькі цяпер зрок не той, што быў раней, таму больш вяжу. Каб не было маркотна ўключаю тэлевізар. Не гляджу, а слухаю ўсё без разбору. Так весялей, і работа робіцца. Ды і ўсе падзеі, што ў свеце адбываюцца, ведаю.

Цяпер майстрыха вяжа пераважна хусткі. Па просьбе знаёмых, якія прыносяць ёй ніткі. Узор прыдумвае сама. Паказала прыгожыя рознакаляровыя накідкі на падушкі, шалі. Багата ў скрыні ляжыць і іншых вырабаў. А колькі іх падарана і раздадзена – не пералічыць! Носяць эксклюзіўныя матуліны і бабуліны вязаныя рэчы родныя. У Марыі Казіміраўны два сыны, дачка, сем унукаў і двое праўнукаў.

Ёсць у жанчыны і яшчэ адно хобі: летам яна вельмі любіць збіраць ягады і грыбы. Праўда, цяпер чарніцы збірае на каленях, але вядро паўнюткае прыносіць. А некалі па два за дзень паспявала нарваць. Асаблівая слабасць у жанчыны да грыбоў, менавіта белых.

– Як баравікі ўродзяць, то не прапушчу, – гаворыць аматар ціхага палявання, –  мясціны ў нас грыбныя, а ў мяне свае адметныя ёсць. Сяджу дома і ведаю, пад якім дрэвам грыбы сядзяць і чакаюць свайго часу. Пайду і назбіраю поўны кошык. Дзеці хвалююцца, не пускаюць, бо здароўе ў мяне ўжо не тое, што раней. А я як не схаджу ў лес, то хворая. Аднойчы знайшла, непадалёку адна ад адной, дзве сям’і па пяць баравікоў у кожнай. Мы з дзецьмі такую знаходку нават сфатаграфавалі на памяць.

І жанчына паказвае на сцяну, маўляў, палюбуйцеся. На здымку ў кожнай руцэ дэманструючага на адным карані сядзяць па пяць баравікоў-блізнят. І сапраўды, не кожнаму грыбніку выпадае такая ўдача.

Марыя Казіміраўна і ў агародзе грады робіць. Толькі адной бульбы саджае дваццаць сотак. Кветкі высявае ў двары. Рознай работы ёй хапае круглы год. Марыя Дораш жыве па прынцыпе: пакуль чалавек рухаецца – ён жыве.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *