Акцэнты

Нумары

У РУБЯЖЭВІЦКІМ ЛЯСНІЦТВЕ

СКАНЦЭНТРАВАНЫ СІЛЫ ЛЯСГАСА

Стыхія, выкліканая моцнымі навальніцамі, прынесла найбольшыя разбурэнні лясной гаспадарцы раёна. Нанесеныя страты падлічваюцца, але адназначна, што яны будуць вымярацца значнымі сумамі, не кажучы пра перспектыву, якую маглі б мець зломленыя па-жывому дрэвы. Сёння на ліквідацыю наступстваў стыхіі сканцэнтраваны ўсе людскія і тэхнічныя сілы Стаўбцоўскага лясгаса.

Удар стыхіі прыйшоўся на Рубяжэвіцкае лясніцтва, дзе, згодна са зробленай ацэнкай, пацярпелі 120 гектараў лесу. Пад заваламі аказаўся і ўчастак дарогі Дзяўгі – Васілеўшчына, што акурат вядзе да турыстычнага комплекса «Панскі маёнтак Сула». Першымі за расчыстку дарогі ўзяліся леснікі Рубяжэвіцкага лясніцтва. На дапамогу ім прыйшлі калегі з суседніх лясніцтваў – Кульскога, Хатаўскога, Старынскага. Леснікі шчыравалі з піламі, а дапамогу тэхнікай у расчыстцы буралому аказалі дарожнікі ДРБУ № 135, на чыім балансе знаходзіцца дарога.

– 13-га ліпеня была самая напружаная работа, – падкрэслівае ляснічы Рубяжэвіцкага лясніцтва Яцэк Пока. 

І праз некалькі дзён пасля стыхіі карціна вакол дарогі, мякка кажучы, шакіравала. Відавочна тое, як сілай ветру крышыла сосны і бярозы, як ад іх засталіся тырчэць адны рваныя голыя абрубкі. На Стаўбцоўшчыне нешта падобнае леснікі прыгадваюць у 1997 годзе. А ўвогуле, пачынаючы з 2008 года, лясныя масівы на Міншчыне і ў рэспубліцы ў цэлым зведваюць штогод дзе-нідзе разбуральную сілу стыхіі. На слыху – Чэрвень, Беразіно, Старыя Дарогі, якім у апошнія гады аказвалі дапамогу ў распрацоўцы ветравальна-бураломнай драўніны вахтавым метадам усе лясгасы Мінскай вобласці. На гэты раз стыхія закранула і Стаўбцоўшчыну.

Яна не шкадавала ні лес-маладняк (ён пашкоджаны на плошчы 4 га), ні сярэдняспелы лес, якому 50-55 гадоў. «Дзякуй Богу, што ў злашчасную хвіліну гэта наезджаная «турыстычная» дарога аказалася бязлюднай. Ахвяраў было б не пазбегнуць», – сцвярджаюць выратавальнікі. Супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ажыццяўляюць маніторынг сітуацыі, аказваюць пасільную дапамогу ў арганізацыі бяспечных праездаў.

Пасля стыхіі будзе патрэбна карпатлівая і працяглая работа па навядзенні парадку ў лясных масівах. З першых дзён на пацярпелых дзялянках пачалі рабіць адводы, і ўжо з панядзелка, 18-га ліпеня, на іх распрацоўцы былі задзейнічаны дзве адзінкі шматаперацыйнай тэхнікі. Працуюць на «Харвестарах» аператары Генадзь Аборнік і Аляксей Прахарэнка. Свой удзел прыме і кожнае з лясніцтваў, якое атрымала канкрэтнае заданне.

Агульная задача, пастаўленая перад лесаводамі рэспублікі, – прыбраць бураломна-ветравальную драўніну да лістапада бягучага года. Лесаводы і самі разумеюць: чым раней гэта работа будзе завершана, тым лепш. Неабходна не толькі ачысціць дзялянкі, а і хутчэй засадзіць іх новымі маладымі насаджэннямі.

З бураломна-ветравальнай драўніны лясгас вырабляе піловачнік, тэхсыравіну, дровы. Няма абмежаванняў і для грамадзян, якія жадаюць нарыхтаваць дроў метадам саманарыхтоўкі. Для гэтага ім неабходна звярнуцца з заявай у Рубяжэвіцкае лясніцтва. Кантроль за правядзеннем саманарыхтовак будзе забяспечваць лясная ахова.                      

Аднаўленчыя работы былі аператыўна распачаты і на іншых пацярпелых ад стыхіі аб’ектах раёна. Так, на дахах жывёлагадоўчага памяшкання для ўтрымання буйной рагатай жывёлы і збожжасклада ў Літве (ААТ «Рочавічы»), дзе ветрам сарвала шыфер, працавалі работнікі ПМК-233. Пад рукой у іх – усе неабходныя будаўнічыя матэрыялы. 

Непагадзь адступіла, але пакуль прымушае не расслабляцца і быць напагатове.      

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

СРОДКІ АД СУБОТНІКА ПОЙДУЦЬ НА ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ

Прадпрыемствы і арганізацыі раёна пералічылі каля 570 мільёнаў рублёў, заробленых падчас раённага суботніка. Усе сродкі будуць накіраваны на добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан райцэнтра і сельскіх населеных пунктаў, помнікаў і абеліскаў.

Як і ў мінулыя гады, сёлета райвыканкамам было прынята рашэнне аб правядзенні 14 мая раённага суботніка, прыняць удзел у якім былі закліканы арганізацыі ўсіх форм уласнасці, установы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія працуюць на тэрыторыі раёна. Адным з пунктаў рашэння была рэкамендацыя пералічыць заробленыя на рабочых месцах сродкі на разліковы рахунак райвыканкама і на спецыяльныя рахункі сельвыканкамаў.

Як адзначыла начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Галіна Радзіон, на рахункі сельвыканкамаў паступіла 120 мільёнаў рублёў, на рахунак райвыканкама – 450 мільёнаў рублёў. Сярод буйных плацельшчыкаў – раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму (пералічана 77 мільёнаў рублёў), цэнтральная раённая бальніца (65 мільёнаў рублёў), Стаўбцоўскія электрасеткі, у тым ліку раённыя электрасеткі (67,9 мільёна рублёў), філіял ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы (61 мільён рублёў), СЗАТ «Агракамбінат «Колас» (40 мільёнаў рублёў), ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» (29 мільёнаў рублёў), ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» (20 мільёнаў рублёў), райспажыўтаварыства (9 мільёнаў рублёў) і інш.

Калектывам названых прадпрыемстваў і арганізацый неабходна сказаць вялікі дзякуй за іх разуменне агульнадзяржаўных і агульнараённых задач, за дзейсны асабісты ўдзел у іх вырашэнні, а ў цэлым – за любоў да свайго горада і раёна, які хочацца бачыць заўсёды прыгожым і добраўпарадкаваным. Гэтыя глабальныя задачы не вырашаюцца адным махам, за адзін-два гады (увогуле ці магчыма іх калі-небудзь завяршыць і спыніцца?), аднак планамерная, мэтанакіраваная і, галоўнае, сумесная работа дазволяць паступова змяняць становішча да лепшага. І кожны з нас, выдаткаваўшы са свайго заробку на добраўпарадкаваны тратуар ці новы аўтобусны павільён, лішнюю лавачку ў парку і т. п., будзе больш цаніць,  берагчы тое, што зроблена. 

Вельмі крыўдна, што, жывучы ў адным горадзе і раёне, адны з разуменнем падыходзяць да добраўпарадкавання, іншыя – лічаць яго не сваёй справай, застаюцца ўбаку. Сярод тых, хто не пералічыў грашовыя сродкі, – ПМК-233 (дырэктар Я. І. Корсак), ДЭУ № 62 (Д. Г. Ёдчык), энерганагляд (А. І. Аляшкевіч), «Стоўбцыгазбуд» (П. І. Жыткоўскі), РБУ (С. М. Макавецкі), Хатаўскі спіртзавод (В. А. Рублік), «Профі-Аграцэнтр» (С. К. Савіцкі), Навасвержанскі лесазавод (В. С. Дзейчык), філіял «Племптушкарэпрадуктар «Бройлер» (Ю. У. Фесін), «АБФ ПМК-74 – Налібакі» (С. Д. Ваньковіч), ААТ «Агранёманскі» (У. М. Жукаў),  «Вішнявецкі-агра» (В. У. Худніцкі), «Шашкі» (В. В. Ільюшэнка), «Радзіма Якуба Коласа» (Д. І. Дзішук) і інш.

На жаль, не праявілі актыўнасці таксама індывідуальныя прадпрымальнікі і прыватныя прадпрыемствы на тэрыторыі сельсаветаў, індывідуальныя прадпрымальнікі горада. 

Галіна Радзіон зазначае, што 100 мільёнаў рублёў з тых, што сабраны ад суботніка, ужо накіраваны на набыццё будаўнічых матэрыялаў для добраўпарадкавання горада.

Пр



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *